1 траўня 2024, Серада, 14:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«А сэнс, калі нам няма за што жыць?»

25
«А сэнс, калі нам няма за што жыць?»

Даўно вядома, што Віцебская вобласць - суцэльная анамальная зона ў кантэксце развіцця спорту.

Яго там, развіцця, папросту няма. Хутка можа стаць і менш спорту, футбола ў прыватнасці. «Полацк» неміласэрна ліхаманіць. Канвульсіі амаль перадсмяротныя. Карэспандэнт Goals.by вырашыў даведацца, што ж здарылася з клубам і чаму ён знаходзіцца на мяжы расфармавання.

- У пачатку сезона ў нас была добрая каманда. Абгулялі «Віцебск», але потым сітуацыя змянілася. І пасля, па сутнасці, у хлопцаў апусціліся рукі. Я вельмі даўно ў гэтым клубе, таму тое, што адбываецца, крыўдна, - пачынае начальнік каманды Яраслаў Камарыцкі.

Справы сапраўды дрэнныя. Заробкі не выдаюцца ўжо вельмі даўно. Пазыкі, па некаторых звестках, дасягнулі васьмі сотняў мільёнаў рублёў. Гэта шмат. Але што яшчэ будзе. Галоўны трэнер Аляксандр Трайдук, кажа, што грошай работнікі клуба не бачылі аж з красавіка.

- Увесь гэты час гулялі на энтузіязме. Многія хлопцы пасыходзілі, таму як ва ўсіх ёсць сем'і. Яшчэ на працягу першага круга мы дамовіліся з футбалістамі, што дагуляем яго да канца. Але ўсё роўна, на апошнія сем-восем матчаў у нас набіралася людзей максімум на склад з адной заменай. А ўлічваючы, што за два тыдні нам трэба было правесці шэсць матчаў, можаце ўявіць, якая гэта нагрузка?! У прынцыпе, дагулялі першы круг. Але затым у хлопцаў з'явіліся прапановы - і яны сышлі.

Пазыкі перад футбалістамі, дарэчы, таксама немалыя. Але пра другую працу яны не задумваюцца. Усё ж такі, вельмі шмат не мясцовых гульцоў, якім гэта зрабіць цяжка. Павел Тарасенка ў іх ліку.

- На дадзены момант мне вінныя каля 25 мільёнаў. Калі прыходзіў у клуб, намёку на такія праблемы ўвогуле не было. Але, гледзячы цяпер на сітуацыю, я нават не ведаю, як хлопцы раней тут гулялі. Быў выпадак, калі прысутнічалі трэнеры і дырэктар клуба на занятку. Нам сказалі: «Бяжыце па крузе». Мы адмовіліся. А сэнс, калі нам няма за што жыць?

Начальнік каманды працягвае казаць пра праблемы:

- Калі б указ распаўсюджваўся на першую лігу, нас падтрымалі б прадпрыемствы горада. Я думаю, мы б яшчэ выцягнулі не адзін сезон. Але гэта не ўсё. Мне незразумела стаўленне жыхароў горада да футбола. Раней неяк хадзілі, цікавіліся, а цяпер усё сышло. Мы спрабавалі прыцягнуць заўзятараў на стадыён. Выкарыстоўвалі расклейку па горадзе, тэлебачанне, звярталіся на прадпрыемствы, але ўсё роўна без толку. Ведаеце, што я неяк пачуў? Нібыта не гуляюць мясцовыя, таму чаго на вас хадзіць? Але пачакайце, каб мясцовыя гульцы раслі ў нармальных умовах, у іх павінна быць хоць нейкая перспектыва. Хлопцы хочуць займацца, але ім жа ўсё роўна патрэбная матывацыя. Я яшчэ з'яўляюся дзіцячым трэнерам і не ведаю, як матываваць хлопцаў. Што я ім скажу: пагуляйце, а потым пойдзеце на будоўлю?

Галоўны трэнер кажа, што ўжо неаднаразова задаваў пытанне пра будучыню клуба. Але выразнага адказу так і не атрымаў. Ні ад каго.

- Неаднаразова хадзіў да чыноўнікаў і пытаўся ў лоб: «Ці патрэбная каманда?». Яны ці то баяцца адказваць канкрэтна, ці то яшчэ што. Па сутнасці, спіхвалі ўсе адзін на аднаго і не даюць выразнага адказу. Відаць, што горад не быў гатовы да такіх выдаткаў. Да гэтага ў нас адбылося аб'яднанне райвыканкама і гарвыканкама. Змянілася кіраўніцтва. Цяперашнія кіраўнікі, напэўна, палічылі, што футбол - занадта дарагое задавальненне.

Гэта гучыць як мінімум пацешна, улічваючы, што ў той жа Лідзе або Смаргоні будзе паменш насельніцтва, чым у Полацку. Але грошай няма ўсё роўна. Пры тым, што і запыты «Полацка» далёка не завоблачныя.

- Быццам бы горад ад футбола не адмаўляецца, але бюджэтных грошай усё роўна недастаткова, - кажа Трайдук. - Нам трэба было сабраць па каштарысе 3,5 мільярда рублёў. Чыноўнікі казалі, што дадуць толькі 40 адсоткаў, а ўсё астатняе мы павінны зарабляць самі. А я што, на трасу пайду іх даставаць, гэтыя 60 адсоткаў, якія засталіся? У нас наогул няма ніякай базы для заробку. Што ж тычыцца прадпрыемстваў, то з-за таго, што ўказ не распаўсюджваецца на першую лігу, яны адмаўляюцца спансаваць каманду.

Дарэчы, у «Полацку» нядаўна змянілася кіраўніцтва. Але жыць стала толькі горш. Аляксандр Мікалаевіч кажа, што справа ў знаёмствах.

- Да гэтага дырэктарам быў Скачкоў. У чалавека былі добрыя сувязі, якія дапамагалі вырашаць нейкія пытанні. Але потым ён пайшоў на павышэнне. Прыйшоў Арэстаў. У яго ёсць жаданне захаваць каманду, але, як я разумею, няма падтрымкі зверху.

Пра эпічную паездку каманды на цягніку да Пінска чулі ўжо, напэўна, усё. Але трэнер кажа, што гэта далёка не апошні выпадак.

- Паехалі ў Мікашэвічы на аўтобусе. Маленькі «Багдан». І, вось уявіце, ён быў такі, што на фоне аўтобуса «Граніту» - наогул труна. У нас некаторыя высокія гульцы ледзь садзіліся ў яго. Хлопцы з Мікашэвічаў пыталіся: «А дзе ж ваш аўтобус? Вас што, туды, як селядцоў запіхваюць?»

Але ўсё ж такі ўсе разумеюць, што недаезды - гэта дрэнна. Таму і імкнуцца хоць неяк перасоўвацца па Беларусі.

- Мы неяк не паехалі ў Смаргонь. Атрымалі тэхнічную паразу. Але потым зразумелі, што, увогуле, ад нас гэтага і чакаюць. Бо за дзве тэхнічныя паразы здымаюць з чэмпіянату. І атрымліваецца, што мы як бы самі б развалілі клуб, - кажа Трайдук. - У горадзе няма ніводнага нармальна прадстаўленага гульнявога віду спорту. Хочуць быццам бы падымаць баскетбольную каманду. Але ў такім фармаце, што гульцам не будуць плаціць, а проста забяспечваць выезды на спаборніцтвы. І ўсё. Мяркуючы па ўсім, такую ж паўпрафесійную каманду хочуць бачыць і ў футболе.

Яраслаў Камарыцкі, увогуле, паўтарае словы трэнера. Толькі з яшчэ большым песімізмам.

- Зразумейце, футбол - адзінае мерапрыемства рэспубліканскага маштабу ў Полацку. Больш у горадзе спорту няма. І, у прынцыпе, можа, ужо і не будзе.

Такія справы.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках