3 траўня 2024, Пятніца, 2:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Менск» упершыню выйшаў у плэй-оф Лігі Еўропы

9
«Менск» упершыню выйшаў у плэй-оф Лігі Еўропы

ФК «Менск» абыграў у матчы ў адказ трэцяга кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы шатландскі «Сэнт-Джонстан».

Такім чынам беларусы выйшлі ў стадыю плэй-оф турніру. Наймацнейшы ў супрацьстаянні двух клубаў быў вызначаны ў серыі пасляматчавых пенальці, піша «Інтэрфакс».

«Сэнт-Джонстан» (Шатландыя) - «Менск» (Беларусь) - 0:1 (па пенальці 2:3).

Гол: 0:1 - Рніч, 75.

Пенальці ў ФК «Менск» рэалізавалі Васілюк, Разін, Свярчынскі. Не рэалізавалі - Кібук, Казека.

Нагадаем, тыднем раней на стадыёне «Нёман» у Гродна «Менск» саступіў «Сэнт-Джонстану» з лікам 0:1. Таму ў паядынку ў адказ беларусам неабходная была перамога. Задача для дэбютантаў Лігі Еўропы была няпростай, тым больш, што «Сэнт-Джонстан» лічыцца «хатняй» камандай, а ў еўракубках шатландскі клуб не прайграваў на сваім полі 42 гады.

Пры падтрымцы 8500 гледачоў, якія прыйшлі пабалець за сваю каманду на стадыён «Макдайармід Парк» у Перце, «Сэнт-Джонстан» гуляў больш актыўна, чым госці з Беларусі, аднак аж да сярэдзіны другога тайма лік заставаўся нічыйным. А на 75-й хвіліне менчукам удалася контратака, завяршыў якую пасля паса Букаткіна Рніч.

Калі вялі ў ліку, «Менск» зайграў больш упэўнена, у той час як шатландскія футбалісты занерваваліся. Асноўны час матчу скончыўся з лікам 1:0 на карысць менчукоў. У дадатковы час галоў забіта не было і лёс пуцёўкі ў плэй-оф Лігі Еўропы вырашаўся ў серыі пасляматчавых пенальці.

У латарэі адзінаццаціметровых выдатна праявілі сябе брамнікі абедзвюх каманд, аднак больш удачлівымі аказаўся галкіпер «Менска» Уладзімір Бушма, які парыраваў удары Макея і Макліна і прымусіў памыліцца Крэга, які прабіў у штангу. Брамнік «Сэнт-Джонстана», у сваю чаргу, адбіў удары Кібука і Казекі. У выніку перамога дасталася камандзе са сталіцы Беларусі.

Нагадаем, учора іншы беларускі футбольны клуб - менскае «Дынама» - не здолеў распячатаць браму турэцкага «Трабзанспора» ў паядынку ў адказ, які завяршыўся нулявой нічыёй. У выніку каманда Юрыя Чыжа завяршыла выступленні ў еўракубках - у першым матчы менчукі прайгралі туркам ў Брэсце з лікам 0:1.

Такім чынам, ФК «Менск» застаўся адзіным беларускім клубам, які працягвае выступленні ў еўракубках.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках