2 траўня 2024, Чацвер, 23:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея ўзяла сірыйскія мільёны, але пакінула Асада без ракет

4
Расея ўзяла сірыйскія мільёны, але пакінула Асада без ракет

Прадпрыемствы ў складзе расейскага «канцэрну СПА «Алмаз-Антэй» апублікавалі дакументы, якія растлумачваюць лёс зенітна-ракетных комплексаў С-300 для Сірыі.

Са справаздач Маскоўскага машынабудаўнічага завода «Авангард» і Ніжагародскага машзавода вынікае, што частка комплексаў ужо вырабленая, але затрыманая ў Расеі, а вытворчасць іншай часткі адклалі на будучыню. Пры гэтым па графіку ракетныя сістэмы павінны былі паступіць сірыйцам яшчэ вясной гэтага года, і Дамаск нават унёс аванс у некалькіх соцень мільёнаў даляраў, пішуць «Ведомости», спасылаючыся на крыніцы ў абароннай прамысловасці.

Суразмоўца, блізкі да кіраўніцтва «Расабаронэкспарту», выказаў упэўненасць, што Сірыя не будзе ставіць пытанне аб хуткіх пастаўках С-300 альбо вяртанні авансу, паколькі Расея - яе галоўны знешнепалітычны партнёр і падтрымка Масквы каштуе даражэй. А член Грамадскага савета пры Мінабароны і дырэктар Цэнтра аналізу стратэгій і тэхналогій Руслан Пухаў патлумачыў, што пастаўка С-300 затрыманая таму, што гэтая сістэма бескарысная у баявых дзеяннях супраць паўстанцаў і наўрад ці ў цяперашніх умовах спатрэбіцца Сірыі для адбіцця паветранага нападу з боку Захаду, але пры гэтым стане непатрэбным раздражняльнікам для апошняга, піша NEWSru.com.

Адначасова прэса працягвае абмяркоўваць чуткі аб магчымым пагадненні па закупцы расейскай зброі Саудаўскай Аравіяй у абмен на адмову Масквы ад падтрымкі рэжыму Башара Асада ў Сірыі. І хоць высокапастаўленая крыніца ў галіне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва іх напярэдадні абвергла, аналітыкі не выключаюць, што здзелка ўсё ж была прапанаваная Уладзіміру Пуціну, калі ён 31 ліпеня прымаў у Нова-Агарова сакратара Савета бяспекі і кіраўніка агульнай выведкі Саудаўскай Аравіі прынца Бандара бен Султана.

«Мы ўжо аднойчы падобную разводку адчулі на сабе»

У каментары «Независимой газете» той жа Пухаў сказаў: «Гэта стандартны падыход, які Саудаўская Аравія практыкуе на працягу дзесяцігоддзяў: мы купляем у вас нешта ў абмен на нешта». «Мы ўжо аднойчы падобную разводку адчулі на сабе. Няма гарантый, што нас не кінуць другі раз», - адзначыў ён.

Гэтымі словамі эксперт намякнуў на буйны пакет зброевых кантрактаў на 4 мільярды даляраў, які «Расабаронэкспарт» падрыхтаваў у рамках пагаднення аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве з Эр-Рыядам у 2008 годзе. Гаворка ішла пра закупку 150 танкаў Т-90С, 30 верталётаў Мі-35 і каля 120 штук Мі-17, а таксама бронетэхнікі і зенітна-ракетных комплексаў. Але на справе ўсё абмежавалася тым, што саўдыты аплацілі выпрабаванне расейскага танка ў Аравійскай пустыні і невялікі кантракт на лёгкую стралковую зброю.

Па сцвярджэннях некаторых аналітыкаў, тады гаворка ішла пра здзелку з Саудаўскай Аравіяй ў абмен на адмову ад гандлю з Іранам. Супрацоўніцтва і праўда спынілася, але, як запэўніваюць Руслан Пухаў і дырэктар Інстытута усходазнаўства РАН Віталь Навумкін, са збройным кантрактам паміж Масквой і Эр-Рыядам гэта не было звязана. «Была дэзінфармацыя пра магчымасць буйных закупак расейскага ўзбраення ўзамен на змену пазіцыі Масквы па Іране. Але да рэальнасці гэта не мае ніякага дачынення», - заявіў Навумкін.

Фота: ІТАР-ТАСС

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках