29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мільён за кватэру: хто жыве ў «доме Чыжа»?

135
Мільён за кватэру: хто жыве ў «доме Чыжа»?

Стала вядома, хто жыве ў самых дарагіх кватэрах Менска.

Дом, пабудаваны лукашэнкаўскім алігархам на беразе Свіслачы, выклікаў шквал крытыкі з боку як звычайных менчукоў, так і спецыялістаў.

Класік беларускай архітэктуры Леанід Левін лічыць яго безгустоўным збудаваннем, які разбурае ансамбль цэнтра сталіцы.

«Не выключаю: у будучыні будзе ўзнятае пытанне аб дэмантажы гэтага будынка з-за грубага здзеку над гісторыка-культурнай спадчынай», - прадракае кіраўнік таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Прафесар Сяргей Сергачоў назваў будынак «драмай нашай архітэктуры», нагадвае «Наша Нiва».

Самыя дарагія кватэры Беларусі

Пакуль менчукі ашаломлена глядзяць на 23-павярховы дом, які навіс над Траецкім прадмесцем, кампанія «Трайпл» мільянера Юрыя Чыжа распрадае ў ім апошнія кватэры. Кошты на іх - самыя высокія ў горадзе - $3000 за квадратны метр. На другасным рынку гэта жыллё прадаецца ўжо па $4000 за метр.

Найменшая па памеры кватэра - аднапакаёвая, плошчай каля 65 квадратных метраў. Яе кошт складае $200 тысяч.

Беларусу з сярэдняй зарплатай, каб набыць такое жыллё, трэба збіраць грошы на працягу 32 гадоў, не выдаткаваўшы ні рубля. Кошт дарагіх кватэр дасягае мільёна даляраў. Гэта за голыя сцены. І нават за адсутнасць сцен - у кватэрах свабодная планіроўка.

За кошт чаго ідзе такая нацэнка? Старажоўка лічылася элітным раёнам яшчэ ў савецкі час. Жыллё ў цэнтры горада, з відам на набярэжную Свіслачы.

Выпадковыя людзі кватэры тут не атрымлівалі. Акрамя наменклатуры, улады сялілі ў гэтым раёне інтэлігенцыю. Жыллём у суседнім «Доме над Свіслаччу» абзавяліся былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін, рэктар БДЭУ Усевалад Шымаў, пісьменніца Святлана Алексіевіч.

Лукашэнкаўскі час спарадзіў новых герояў. Тры кватэры былі запісаныя на сваякоў праваслаўнага святара Фёдара Поўнага.

Свой гмах «Трайпл» вырашыў будаваць побач з «Домам над Свіслаччу», фактычна ўпрытык. Нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, ушчыльненне пачалося ў 2008 годзе. Зараз будаўнічыя работы скончыліся, праводзіцца ўнутранае аздабленне.

Па словах прадстаўнікоў «Трайпл», кожная кватэра падключаная да сістэмы «разумны дом». Пад'езды нашпігаваныя найноўшай тэхнікай.

Напрыклад, праз інтэрнэт гаспадар можа ўбачыць, хто патэлефанаваў яму па дамафоне. Калі прарве трубу, кампутар аўтаматычна перакрые ваду. Сістэму вентыляцыі можна наладзіць такім чынам, каб кватэра «нагрэлася» да прыходу гаспадара. Усё гэта, вядома ж, нездарма.

Камунальныя плацяжы складаюць каля 6 тысяч рублёў за квадратны метр плюс плата непасрэдна за ваду і святло.

У выніку за сярэднюю трохпакаёвую кватэру за месяц набягае больш за 2 мільёны рублёў.

Кім трэба працаваць, каб мець магчымасць набыць кватэру за мільён даляраў? Журналісты прааналізавалі спіс жыхароў самага дарагога дома краіны.

Каб не парушаць таямніцы прыватнага жыцця, тут называюцца імёны толькі тых жыхароў, якія з'яўляюцца публічнымі асобамі.

Высветлілася, што каля 50 кватэр яшчэ не прададзена, астатняе жыллё набылі юрыдычныя асобы. Нешта пакінуў сабе і «Трайпл». Адну з кватэр, напрыклад, вылучылі на некалькі месяцаў расейскаму футбалісту Дзмітрыю Сычову, якога ўзяло ў арэнду менскае «Дынама», якое належыць Юрыю Чыжу. Спіс непрададзеных кватэр, дарэчы, даступны на інтэрактыўным сайце забудоўшчыка. Там жа можна азнаёміцца і з планіроўкай.

Першае, што кідаецца ў вочы - гэта гендэрны баланс. Палову ўласнікаў кватэр складаюць жанчыны.

Прапорцыя вельмі дзіўная, так як, напрыклад, у рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі ў першай сотні чалавек усяго тры жанчыны. Адна з іх, Ірына Саборава (уладальніца холдынгу «БелСувязьЭнергаЗберажэнне»), дарэчы, набыла кватэру ў доме «У Траецкага».

Дзесяткі іншых жанчын ніякім чынам не дэманстравалі грамадству свае поспехі. Іх няма ў базах бізнес-уласнікаў, не згадваюцца яны і ў інтэрнэце. Складваецца ўражанне, што гэта фармальныя ўласнікі чужога жылля.

Папулярнасць сярод замежнікаў

Кватэры набылі многія расейскія бізнесмены. Новасібірскі імпарцёр тэхнікі, вытворца глюкометраў, дырэктар маскоўскага агенцтва нерухомасці. «Дом Чыжа» карыстаецца попытам і ў выхадцаў далёкага замежжа, якія зараз робяць бізнес у нашай краіне.

Гэта іранец Джамшыд Аміназад, які заснаваў будаўнічую кампанію ў Брэсце, дылер БелАЗа ў Кыргызстане і Узбекістане Грант Аганянц, прэзідэнт Асацыяцыі партоў Чорнага і Азоўскага мораў Сааб Роні, арабы і туркі.

Выкладчык-мільянер

Хто з беларусаў набыў самыя прэстыжныя кватэры горада? У спісе былы дырэктар сталічнай турфірмы «АлатанТур» Аляксандр Няхай, які цяпер валодае рэстаранам «Таварыш», дырэктар футбольнага клуба «Белшына» Алег Гушча, дырэктар кампаніі «НТС», якая валодае сеткай прадуктовых крам «Родная сторона» Марына Грышчанка.

Сярод рэдкіх прафесій - выкладчык эканомікі ў Акадэміі кіравання Алена Дадзеркіна, а таксама двухразовая алімпійская медалістка па гімнастыцы Ксенія Санковіч.

Топ-стылістка Марына Херндлхофер і бізнесмен Рудольф Херндлхофер узялі тры кватэры.

Лукашэнкаўская зборная па хакеі прадстаўлена адразу двума гульцамі. Гэта былы прафесіянал Сяргей Шыткоўскі, а таксама Вадзім Салей, брат знакамітага хакеіста Руслана Салея, які загінуў у авіякатастрофе.

Кватэру набыла і маладая бізнес-лэдзі Вікторыя Авяр'янава - дачка ўласніка сталічных будаўнічых рынкаў і парку адпачынку «Дрымлэнд».

Нічые пентхаўсы

Каму ж дасталіся самыя прэстыжныя кватэры на верхніх паверхах? Сярод жыхароў тут ёсць, напрыклад, Ірына Данская. Памятаеце рэкламу пра дактароў Данскіх, якія дапамогуць пазбавіцца ад п'янства, лішняй вагі і курэння?

Як вынікае з нумарацыі кватэр, прыведзенай на сайце забудоўшчыка, два двухузроўневых васьміпакаёвых пентхаўсы - гэта кватэры, якія выкупіла загадкавая інвестыцыйная кампанія. Квартплата летам тут складзе больш за 4 мільёны рублёў.

Паверхам ніжэй жыве сузаснавальнік аўтамабільнага холдынгу «Яравіт» Эрнэст Аляксееў, чыя кампанія знаходзіцца ў суседнім доме. Гэта той самы бізнесмен, які, як пішуць СМІ, быў за рулём шыкоўнага «Бэнтлі», што нядаўна згарэў каля аэрапорта «Менск-2».

А зусім побач ад яго - сам гаспадар дома. Кватэра плошчай больш за 300 квадратных метраў перапісаная на яго жонку, дырэктара фітнес-цэнтра Evo - Святлану Чыж.

Напісаць каментар 135

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках