Прадпрымальнікі: Пракаповіч нічога не разумее ў бізнесе
39- 11.09.2013, 16:10
- 50,067
Прапанова віцэ-прэм'ера прадпрымальнікам вазіць тавары з Кітая замест Расеі даказвае, што ён не кампетэнтны ў пытаннях бізнесу.
Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «Перспектыва» Вячаслаў Піліпук, каментуючы сайту charter97.org прапанову Пятра Пракаповіча прадпрымальнікам пачаць вазіць тавары з Кітая замест Расеі.
«На мой погляд, Пётр Пракаповіч не ведае ўсіх дэталяў працы прадпрымальнікаў, якія набываюць тавары ў Расейскай Федэрацыі. Дадзеная заява сведчыць пра тое, што ён не кампетэнтны ў пытаннях бізнесу. Прадпрымальнікі не могуць купляць тавары ў Кітаі, таму што там трэба набываць вельмі вялікія партыі тавараў і вывозіць фурамі. Толькі ў гэтым выпадку будзе толк», - адзначыў адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху.
Ён дадаў, што большасць індывідуальных прадпрымальнікаў купляе тавары малымі партыямі.
«Так адбываецца, таму што ў прадпрымальнікаў папросту няма грошай. За гады працы яны не змаглі назапасіць дастатковага капіталу, каб працаваць наўпрост з фабрыкамі Кітая ці Турцыі. Эканамічная сітуацыя ў нашай краіне не дазваляе прадпрымальніку назапасіць такі капітал. Грошай хапае толькі на арэнду, якая цяпер павысілася ў разы, на падаткі і трохі застаецца на закупку тавараў. Пётр Пракаповіч з яго мноствам пасад павінен зразумець простую рэч - каб вырашыць праблемы прадпрымальнікаў, трэба з імі сустракацца, разам думаць і абмяркоўваць», - лічыць Вячаслаў Піліпук.
Нагадаем, віцэ-прэм'ер Беларусі прапанаваў прадпрымальнікам перастаць вазіць тавары з Расеі і пераключыцца на Кітай.