Інтэрпол не шукае Керымава
29- 11.09.2013, 17:28
- 44,289
Міжнародная арганізацыя атрымала ад Беларусі запыт на затрыманне саўладальніка «Уралкалію».
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце арганізацыі.
«Генеральны сакратарыят Інтэрпола атрымаў 2 верасня запыт ад беларускіх уладаў аб унясенні ў «чырвоны спіс» расейца Сулеймана Керымава, а таксама чатырох топ-мэнэджэраў «Беларускай калійнай кампаніі». Па гэтых запытах працягваецца праца, аднак ніякага рашэння аб унясенні гэтых асоб у «чырвоны спіс» на дадзены момант не прынята», - гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, 3 верасня МУС Беларусі аб'явіла, што Інтэрпол прыняў рашэнне абвясціць асноўнага акцыянера «Уралкалію» ў міжнародны вышук.
Днём раней Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што Сулейман Керымаў з'яўляецца абвінавачаным па крымінальнай справе ў дачыненні да службовых асоб ЗАТ «БКК». Вынесеныя пастановы аб ужыванні да яго меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту і абвяшчэнні яго ў вышук, у тым ліку па лініі Інтэрпола. Дзеянні Керымава кваліфікаваныя следствам як арганізацыя злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі (п.4 арт.16 і ч.3 арт.424 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Максімальная санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, заявілі ў СК Беларусі.
Фота: Коммерсант