5 траўня 2024, Нядзеля, 0:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў пакінуць без крэдытаў

33
Беларусаў пакінуць без крэдытаў

Эканамічная палітыка Менска атрымала новы доказ сваёй бесперспектыўнасці.

Галоўны банк краіны Беларусбанк выключыў са свайго партфеля адразу пяць відаў крэдытаў. Іншы буйны банк - БелВЭБ - два. БПС-Ашчадбанк павысіў адсоткавыя стаўкі па сваіх крэдытах. Чакаецца, што ў бліжэйшы час аналагічныя рашэнні прымуць і іншыя беларускія банкі, піша «Независимая газета».

Беларусбанк дзейнічае, імкнучыся не прыцягваць увагі грамадскасці. З прапанаваных ім праграмаў проста зніклі льготныя і сацыяльна значныя крэдыты. Пры гэтым свае дзеянні галоўны дзяржбанк не каментуе. Напрыклад, не атрымаюць льготных крэдытаў на будаўніцтва або набыццё жылля шматдзетныя сем'і ў вёсцы. Для іх зараз будуць дзейнічаць агульныя ўмовы, а гэта 28,5% супраць 12% льготных. Таксама не атрымаецца пазычыць у банка на добраўпарадкаванне месцаў пахавання і на медыцынскія паслугі. Раней гэта каштавала палову стаўкі рэфінансавання, якая ў цяперашні час складае 23,5%. Не дапаможа банк грашыма і пры куплі машыны і набыцці спажывецкіх тавараў. Дарэчы, льготныя крэдыты на жыллё Беларусбанк спыніў выдаваць яшчэ раней, у пачатку жніўня. Тады ж гэта зрабіў і Белінвестбанк.

«БелВЭБ», у якім 97,5% акцый належаць расейскаму ВЭБу, таксама спыніў на мінулым тыдні выдаваць крэдыты на куплю і будаўніцтва жылля і куплю аўтамабіляў. Праўда, замежнаму банку няма неабходнасці хаваць прычыны сваіх дзеянняў. Пакуль не закрываў крэдытных праграм, але ўжо павысіў на 7 адсоткавых пунктаў кошт пазыковых сродкаў па спажывецкіх крэдытах яшчэ адзін расейскі банк - БПС-Ашчадбанк.

Як рэакцыя на такія тэндэнцыі папаўзлі чуткі пра тое, што скарачаць спажывецкае крэдытаванне распарадзіўся Нацбанк. Аднак у банках іх абверглі і патлумачылі выключна рынкавымі прычынамі - крэдыты на міжбанку істотна падаражэлі, іх кошт павышаецца нават да 90%. У сувязі з гэтым фінансісты прадракалі сур'ёзнае падаражанне крэдытаў у бліжэйшы час. Больш за тое, рост кошту пазыковых грошай як прыкмету хворасці эканомікі і пагрозы дэвальвацыі эксперты прагназуюць з канца мінулага года. У прыватнасці, з таго моманту, як Нацбанк абвясціў пра намер у 2013 годзе зніжаць стаўку рэфінансавання і нават рабіў гэта ў першым паўгоддзі, нягледзячы на засцярогі аналітыкаў.

Навіны фінансавага рынку апошняга дня мінулага тыдня ўнеслі свае карэктывы ў развагі экспертаў. У СМІ прасачылася інфармацыя пра планы Нацбанка адміністрацыйна перашкодзіць развіццю падзей пад дыктоўку рынку. Як распавялі на ўмовах ананімнасці прадстаўнікі некаторых банкаў, на спецыяльнай нарадзе ў Нацбанку ім абвясцілі, што рыхтуецца дакумент, які забароніць уздымаць стаўкі па крэдытах вышэй, чым стаўка па дэпазітах плюс тры адсоткавыя пункты.

Па законах эканомікі, каб утрымаць фінансавую раўнавагу, заробкі павінны зніжацца, а пазыковыя рэсурсы даражэць. Рэалізацыі гэтага перашкаджае палітыка ўлады. Лукашэнка патрабуе, каб заробкі павялічваліся, а крэдыты таннелі. Інакш прыйдзецца прызнацца ў тым, што эканамічная палітыка была няправільнай, і пакінуць пасаду кіраўніка дзяржавы, якая стала ўжо роднай за 19 з паловай гадоў. Эксперты кажуць пра тое, што ўлада сама загнала сябе ў кут, і любое яе рашэнне стане крыніцай эканамічных праблем. «Захаванне адсоткавых ставак на высокім узроўні будзе весці да зніжэння дзелавой актыўнасці. Такі сцэнар наўрад ці можа быць прымальным для эканамічных уладаў», - кажа эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра Зміцер Крук. У той жа час іх зніжэнне немінуча прывядзе да паслаблення нацыянальнай валюты і чарговай дэвальвацыі, прагназуе ён.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках