7 траўня 2024, aўторак, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сулейманія пераследу

18
Сулейманія пераследу

Беларусь пачала крымінальны пераслед Сулеймана Керымава паводле справе «Уралкалія» і абвясціла яго ў міжнародны вышук

Палітолагі мяркуюць, што ён, як і гендырэктар «Уралкалія» Уладзіслаў Баўмгэртнэр, арыштаваны ў Менску, стаў закладнікам барацьбы Масквы і Менска за кантроль над «Беларуськаліем», піша Gazeta.ru.

Следчы камітэт (СК ) Беларусі выставіў абвінавачванне паводле «справы Баўмгэртнэра» найбуйнейшаму акцыянеру кампаніі «Уракалій» Сулейману Керымаву. Прычым, паводле версіі беларускага следчага камітэта, ад дзеянняў Керымава пацярпела не толькі Беларусь. «Падчас расследавання крымінальнай справы ў распараджэнні следства разам з выяўленымі фактамі шкоды Рэспубліцы Беларусь выявіліся шматлікія матэрыялы аб учыненні Керымавым, Баўмгэртнэрам ды іншымі абвінавачанымі дзеянняў, якія прычынілі значную шкоду РФ і ўтрымліваюць у сабе прыкметы злачынстваў, прадугледжаныя крымінальным заканадаўствам Расеі», - гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

У сувязі з гэтым матэрыялы справы цяпер аналізуюцца і абагульняюцца для далейшага накіравання ў расейскую Генпракуратуру. Акрамя таго, СК Беларусі ўважае за патрэбнае праверыць інфармацыю аб магчымых сувязях Керымава са злачыннымі групоўкамі на Каўказе. Беларускія праваахоўныя органы абяцаюць расейскім калегам «усялякае прыянне».

Сулейман Керымаў - расейскі бізнэсовец, які нарадзіўся ў 1966 годзе ў Дэрбенце (Дагестан). Вучыўся ў Дагестанскім політэхнічным інстытуце (будаўнічы факультэт) і дагестанскім дзяржаўным універсітэце (эканамічны факультэт). З 2008 года Керымаў з'яўляецца прадстаўніком ад заканадаўчага органа Рэспублікі Дагестан ў Савеце Федэрацыі Федэральнага сходу РФ. Чалец камітэта Савфеда ў бюджэце і фінансавых рынках.

Сулейман Керымаў кантралюе фінансава-прамысловую групу «Нафта- Масква», золатаздабывальную кампанію Polyus Gold, а таксама з'яўляецца найбуйнейшым акцыянерам «Уралкалія» і валодае буйным пакетам акцый будаўнічай кампаніі ПІК, хоць і не наўпрост. У красавіку 2013 года Керымаў перадаў Бенефіцыярныя правы на сваее бізнэс-актывы ў дабрачынны фонд Suleyman Kerimov Foundation. Фонд кантралюе 21,75 % акцый «Уралкалія», 36 % групы ПІК, а таксама Polyus Gold International.

Памочнік Керымава ў Савеце Федэрацыі Аляксей Красоўскі ў панядзелак ад каментароў адмовіўся. Адвакат Анатоль Кучарэна, які прадстаўляе інтарэсы Керымава, заявіў, што для распачынання крымінальнай справы супраць яго кліента ў беларускага СК няма абсалютна ніякіх падстаў.

«Гэтае дзеянне следчых органаў Беларусі носіць відавочна палітычна матываваны характар і мае сваёй мэтай палітычны ціск, - цытуе Кучарэну РАПСІ. - Асаблівае абурэнне выклікае спроба надаць гэтай нядобрасумленнай кампаніі этнічнае адценне, звязанае з паходжаннем сенатара Керымава».

Менавіта пасля таго, як Сулейман Керымаў стаў найбуйнейшым акцыянерам «Уралкалія», кампанія пачала экспансію (у прыватнасці, паглынула аднаго з найбуйнейшых вытворцаў калійных угнаенняў - кампанію «Сільвініт») і пачала прыцэньвацца да «Беларуськалію».

Лукашэнка абяцаў прыватызаваць беларускія нацыянальныя актывы, у тым ліку і калійную кампанію. Аднак абвясціў высокі кошт - $30 млрд, у той час як паводле ацэнак рынка «Беларуськалій» каштуе значна танней. Праз завышаны кошт угода не адбылася.

Экспэрты галіны неаднаразова адзначалі, што ў рэчаіснасці Лукашэнка ніколі і не збіраўся выпускаць кантроль над «Беларуськаліем»- гэтая кампанія з'яўляецца найбуйнейшай крыніцай валюты для беларускага бюджэту. Але Масква зацікаўленая ў стварэнні кампаніі- гіганта, галіновага лідара, якімі, напрыклад, з'яўляюцца «Роснефть» і «Газпром». Такім чынам, Лукашэнка парушыў ня столькі планы «Уралкалія», колькі планы Крамля.

«Уралкалій»і «Беларуськалій» пачалі супрацоўнічаць у рамках супольнага прадпрыемства «Беларуская калійная кампанія»(БКК ), аднак у ліпені расейскі бок заявіў аб разрыве супрацоўніцтва. Як заявіў «Уралкалій», беларусы не выканалі дамоўленасці ў пытаннях экспарту угнаенняў - увесь экспарт «Беларуськалія» павінен быў ісці праз БКК, аднак беларуская кампанія гэтыя ўмовы парушыла.

Разрыў стасункаў двух гэткіх буйных гульцоў на сусветным рынку калійных угнаенняў прывёў да абвалу, сусветныя лідары галіны, такія як канадская Potash Corp, страцілі значную частку сваёй капіталізацыі ( 10-15 %), пацярпеў і сам «Уралкалій». Акцыі расійскай кампаніі пачынаючы з ліпеня патаннелі з 215 руб. да 155,5 руб. за штуку, гэта значыць падзенне склала амаль 30%.

З тых часоў дарогі галоўных дзеючых асоб канфлікту разышліся. 25 ліпеня гендырэктар БКК беларус Валерый Іваноў быў прызначаны намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. Беларускі прэм'ер- міністр Міхаіл Мясніковіч запрасіў на перамовы з нагоды сітуацыі, якая склалася гендырэктара «Уралкалія», старшыню назіральнага савета БКК Уладзіслава Баўмгэртнэра, які, адзначым, не займаўся аператыўнай дзейнасцю. Пасля перамоў, якія адбыліся 26 жніўня ў Менску, расейскі топ-мэнэджэр быў затрыманы і ўзяты пад варту. Цяпер абвешчаны ў вышук бенефіцыяр «Уралкалія» Сулейман Керымаў, які таксама не мае дачынення да аператыўнага кіравання кампаніяй (ёю кіруе дабрачынны фонд).

Аналагічныя запрашэнні беларускага боку, дарэчы, атрымалі і Сулейман Керымаў з кіраўніком рады дырэктараў «Уралкалія» Аляксандрам Валошыным, але яны праз напружаны графік прыехаць у Менск не здолелі. «Калі б гэта адбылося, Керымаў цалкам мог падзяліць лёс Баўмгэртнэра», - мяркуе першы віцэ-прэзідэнт Цэнтра палітычных тэхналогій Аляксей Макаркін.

Палітолаг лічыць, што цяпер цалкам можна чакаць дзеянняў у адказ з боку Расеі. «Віцэ -прэм'ер Аркадзь Дварковіч ўжо ў агульных рысах азначыў, каго ў міжнародны вышук, у сваю чаргу, можа аб'явіць Масква», - адзначае Макаркін.

Арышт Баўмгэртнэра выклікаў рэакцыю адразу ў некалькіх кірунках. У мінулую сераду Расспажыўнагляд заявіў аб тым, што беларускія прадукты, што ўвозяцца ў РФ, не адпавядаюць патрабаванням бяспекі. Тады ж «Транснафта» паведаміла, што з верасня мае намер скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь на 400 тыс тон.

У чацвер расейскі віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч заявіў, што з улікам сітуацыі, якая склалася, якую ён назваў неадэкватнай, Расея можа больш уважліва і сур'ёзна разгледзець шэраг пытанняў расейска-беларускага супрацоўніцтва. У прыватнасці, гаворка ідзе пра расследаванне паставак у 2011-2012 гадах нафтапрадуктаў з Беларусі ў трэція краіны. Тады Беларусь прадавала на экспарт нафтапрадукты, атрыманыя з расейскай нафты, пад выглядам распушчальнікаў, што парушала расейска-беларускія дамоўленасці.

Ёсць у гэтай гісторыі яшчэ адзін важны аспект.

Цяпер апытанні ў дзелавой прэсе паказваюць: большасць расейскіх грамадзян ухваляюць дзеянні беларускага боку.

Матывы такія: «Арыштавалі алігарха» (хоць Баўмгэртнэр не алігарх, а наёмны топ-менеджэр ), «Лукашэнка робіць тое, чаго Пуцін не можа», і гэтак далей. Не выключана, што менавіта гэты эфект стаў самай вялікай праблемай для вышэйшага расейскага кіраўніцтва, а зусім не падзенне коштаў на прадукцыю «Уралкалія».

«Пастанова аб пачатку крымінальнага пераследу Сулеймана Керымава была чаканай і дыктавалася самой логікай канфлікту, - кажа кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog, палітолаг Андрэй Паротнікаў. - Бо гэта не было зроблена адразу, можа быць два тлумачэнні. Па-першае, чыста працэсуальныя пытанні, неабходнасць падрыхтаваць увесь пакет дакументаў для выканання фармальнасцяў КПК. Па-другое, хацелі дачакацца рэакцыі Расеі на арышт Баўмгэртнэра». Пакуль што, паводле ацэнак беларускага палітолага, рэакцыя гэтая досыць млявая, усе заявы з расейскага боку цалкам радавыя.

«А рэакцыя Сечына на жаданне «Транснафты» абмежаваць пастаўкі нафты ў Беларусь дэманструе і тое, што ў расейскіх вярхах няма адзінства», - паказвае Паротнікаў (у мінулую пятніцу кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын звярнуўся да расейскіх уладаў з просьбай не абмяжоўваць пастаўкі нафты, бо кампанія ў такім выпадку панясе страты, якія ёй ніхто не кампенсуе). Паротнікаў мяркуе, што ў Менска ёсць шанец пазбегнуць сур'ёзных ускладненняў стасункаў з Масквой.

«Магчыма, будзе шэраг жорсткіх заяваў. Але ці дойдзе да жорсткіх дзеянняў - пытанне адкрытае, - кажа палітолаг. - Цяпер усё падобна на тое, што напад на Керымава не быў спантанны, беларускія ўлады да яго добра падрыхтаваліся.

Не выключана і верагоднасць таго, што Керымаў - ахвяра барацьбы ў расейскіх вярхах, падчас якой беларускі рэжым выступіў на баку адной з груп».

Аляксей Макаркін мяркуе, што справа не ў Баўмгэртнэры, і нават не ў Керымавым. «Пытанне ў «Беларуськаліі», а Лукашэнка гэты актыў не аддасць», - упэўнены экспэрт.

Макаркін мяркуе, што Расея і Беларусь рана ці позна дасягнуць кампрамісу, бо ў канчатковым разрыве стасункаў ніводзін бок не зацікаўлены. «Беларусі падзецца асабліва няма куды - у Еўропе яе ніхто не чакае, Еўразвяз канчаткова расчараваўся ў Лукашэнку яшчэ пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, - тлумачыць Макаркін. - А Расея для Беларусі - асноўны рынак збыту».

Маскве, са слоў палітолага, разрыў стасункаў таксама не выгадны. «Масква і Менск у выніку дамовяцца, але перш могуць нямала «наламаць дроў», - папярэджвае Макаркін.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках