6 траўня 2024, панядзелак, 14:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Скрабец: Расеі крыўдна, але давядзецца ўцерціся

40
Сяргей Скрабец: Расеі крыўдна, але давядзецца ўцерціся

Расейскаму бізнэсу ніколі не было выгодна ў Беларусі.

Менск заўсёды яго разварочваў і даваў на развітанне ботам выспятка. Пачалася гэтая практыка з «БелБабаеўскага», з «Балтыкі», адбылося і з «Ітэрай», якая мерылася інвеставаць 10 мільярдаў даляраў у «Мінск- Сіці». Фактычна гэта адбываецца і з «Уралкаліем» Керымава.

Менавіта так успрымае ў інтэрв'ю «Беларускаму партызану» падзеі вакол «Уралкалія» былы кіраўнік ЗАТ «Гандлёвы дом «БелБабаеўскае» Сяргей Скрабец.

Былы бізнэсовец перакананы, што ўлады давядуць справу да суду і арыштуюць частку маёмасці «Уралкалія». Але галоўнае не ў гэтым. Лукашэнка прыгатаваў Крамлю ролю «ахвярнага казла» за хібы ў беларускай эканоміцы. Сяргей Скрабец упэўнены, што ў бліжэйшай перспектыве беларускі рубель зноў абрынецца, і віну за гэтае катастрафічнае падзенне Расея возьме на сябе.

«Расеі крыўдна, вядома, але давядзецца выцерці слёзы ды смаркачы, і далей працаваць з Лукашэнкам, што яна і робіць», - перакананы Сяргей Скрабец.

- Менск выставіў Сулейману Керымаву абвінавачванне і спрабуе накласці лапы на ягоныя актывы. Але хто дазволіць гэта зрабіць?

- «Беларуская калійная кампанія» пабудавала ў гатэлі «Беларусь» у цэнтры Менска новы шкляны офіс, які ацэньваюць у 100 мільёнаў даляраў (па-мойму, ён і 10-ці не варты). Хоць «Беларуская калійная кампанія» з'яўляецца дзяржаўным прадпрыемствам, а ня акцыянерным, «Беларуськалій» узяў у «Сбербанку» Расеі крэдыт у 1 мільярд даляраў (Сбербанк і ЕАБР далі «Беларуськалію» крэдыт на 1 мільярд даляраў у прапорцыі 900 на 100 мільёнаў. Крэдытнае пагадненне было падпісанае 18 лістапада 2011 года; пазней крэдыт быў рэфінансаваны Сбербанкам. - Рэд.), які аддаваць не мерацца. Калі ў рамках крымінальнай справы будзе выстаўлены пазоў, то яны спішуць крэдыт, я так думаю, забяруць новы офіс БКК і яшчэ сям-там могуць пару мільярдаў адхапіць у Керымава.

- Якім чынам?

- Я ж не ведаю, у чым яны разам завязаныя. Ёсць жа ўзаемныя абавязанні - хтосьці камусьці напэўна, вінен. Масква маўчыць, ня хоча пра гэта казаць.

Калі ў свой час Менск ашукаў «Балтыку», «Балтыка» наклала арышт на беларускую маёмасць у Расеі, у прыватнасці, на санаторыю «Белая Русь» у Сочах; тады Лукашэнку давялося вярнуць канфіскаваныя ў «Балтыкі» 10 мільёнаў даляраў. Міжнародная практыка сведчыць аб тым, што тэарэтычна гэта магчыма. Праўда, асабіста я не ведаю, дзе і якую маёмасць Менск будзе арыштоўваць. Сумняваюся, што Лукашэнка здолее заарыштаваць (або ўзяць у заклад) Чырвоную плошчу або Крэмль, хоць думкі такія ў яго ёсць. Але нейкія актывы «Уралкалія», якія знаходзяцца ў Беларусі, можна будзе спісаць за кошт крымінальнай справы.

- Вы казалі, што беларускія ўлады сям-там здолеюць яшчэ мільярд-два выцягнуць з расейцаў. Адкупныя за Баўмгэртнэра, які сядзіць у «амэрыканцы»?

- Не толькі выкуп за Баўмгертнера. Калі ёсць крымінальная справа - будзе суд. Калі адбудзецца суд, суд прыме пастанову, напрыклад: Баўмгэртнэру, Керымаву, і яшчэ пецярым расейцам у салідарнай адказнасці сплаціць шкоду, прычыненую Рэспубліцы Беларусь у суме, да прыкладу, 7 мільярдаў даляраў. У сувязі з гэтым накладваецца арышт на пэўную маёмасць, на пэўныя актывы за мяжой (можа, яхту ягоную канфіскуюць ).

- Ці давядуць беларускія ўлады справу да суду? Ці варта аўчынка вычынкі?

- Я мяркую - давядуць. Сёння кошт беларускага рубля (паводле маіх ацэнак) складае блізка што 30 тысяч рублёў за даляр, хоць улады адміністрацыйнымі метадамі трымаюць на 9 тысячах. У свой час, калі даляр каштаваў тры тысячы рублёў, я казаў, што ён каштуе 9 тысяч - мне не верылі. Пра гэта я казаў у інтэрв'ю «Радыё Свабода». Праз месяц курс даляра дасягнуў 9000 рублёў.

Цяпер не трэба быць супэраналітыкам, каб разумець: пры нарастанні замежнай запазычанасці, абмежаванні паступленняў валюты ў краіну праз скарачэнне экспарту, пры росце заробкаў, не забяспечаных ростам прадукцыйнасці працы, пры адсоткавых стаўках за крэдыты у 40-50 % рубель не можа стаяць на месцы два гады. Мае прагнозы - неўзабаве за даляр давядзецца выкладаць 30 тысяч.

Але калі раней у валютным краху абвінавачваліся пенсіянеры, якія пабеглі ў банкі скупляць валюту, аўтамабілісты, якія скупілі аўтамабілі ва усёй Еўропы, цяпер такіх вінаватых відавочна няма. Таму ролю вінаватага павінна ўзяць на сябе Расея, якая нібыта абрынула курс, забараніўшы ўвоз беларускай свініны, няякаснага малака, скараціўшы аб'ёмы паставак нафты, павялічыўшы кошт газу, спыніўшы продаж калію, пакінуўшы закупляць беларускія трактары і МАЗы, скараціўшы аб'ёмы ўвозу тавараў беларускай лёгкай прамысловасці на расейскі рынак. Акрамя таго, Расея можа абмежаваць кантрабанду, якая ідзе бясконцай плынню праз Беларусь. Вось у гэтым будуць вінаваціць Расею, якая прычынілася да падзення курсу рубля.

Асаблівай мудрасці ў дзеяннях Лукашэнкі я не бачу. Трэба заўсёды глядзець на рэчы рэальна, а не шукаць мудрагелістых тлумачэнняў простым рэчам. Прычыны калійнага канфлікту ляжаць на паверхні.

- Лукашэнка гатовы абвінаваціць Расею ў эканамічным краху? І Масква стрывае?

- Лукашэнка робіць Расею вінаватай за свае хібы ў эканоміцы. Рэструктурызацыі эканомікі не адбылося: як належала 70 % дзяржсэктару, так і належыць, інвестыцыі ў краіну не пайшлі, тэхпераўзбраення рэальнага не адбылося. Фактычна як вяла рэй камандна-адміністрацыйная сістэма, так і вядзе. Калі ў Расеі дзясятая частка бюджэту ідзе на аплату чыноўнікам, то ў Беларусі - палова. Лукашэнка стварыў алігархічнага групу, якая і спажывала штогадовыя субсідыі Расеі ў 5-10 мільярдаў. Усё гэта прычыняецца да жабрацтва беларускіх мас, якія трымаюць свае грошы ў банках.

Усё гэта трэба спісаць. На каго? На Еўропу гэты вэрхал ня спішаш, застаецца толькі Расея.

- І Крэмль стрывае?

- Будзе трываць, бо Масква трывае ўжо 20 гадоў. Трывала і не такія выбрыкі: абзывалі і Мядзведзева «сытым катом «Газпрома», і Пуціна - «газавым тэрарыстам». Чаго толькі мы не наслухаліся і ня наглядзеліся апошнімі гадамі! Расея з дапамогай Лукашэнкі выпаліла палітычнае поле ў Беларусі (тут не з'явілася альтэрнатыўных, падтрыманых Расеяй, палітычных плыняў ), што і прычынілася да цяперашняга стану. Гэта хіба расейскай замежнай палітыкі, прычым сур'ёзная хіба на беларускім кірунку. Гэта хіба Лаўрова, расейскага МЗС, Сурыкава, які незразумела навошта сядзіць у Менску. Бо на «бацькавы выбрыкі» глядзіць і Украіна, і Казахстан, а гэта не дадае аўтарытэту ні Расеі, ні Мытнага саюзу.

Расеі крыўдна, вядома, але давядзецца выцерці слёзы ды смаркачы, і далей працаваць з Лукашэнкам, што яна і робіць.

Зачыстка палітычнага поля гадуе нацыяналістычныя радыкальныя групы - у іншых краінах, у Беларусі пакуль гэтага не відаць.

- Што агульнага паміж знішчэннем «БелБабаеўскага» і цяперашнім калійным канфліктам?

- Расейскаму бізнэсу ніколі не было выгодна ў Беларусі. Менск заўсёды яго разварочваў і даваў на развітанне ботам выспятка. Пачалася гэтая практыка з «БелБабаеўскага», з «Балтыкі», адбылося і з «Ітэрай», якая мерылася інвеставаць 10 мільярдаў даляраў у «Мінск-Сіці». Фактычна гэта адбываецца і з «Уралкаліем» Керымава.

У Беларусі і Расеі розныя палітычныя сістэмы і розныя эканамічныя сістэмы - яны не могуць адзін з адным існаваць. Расея ў СГА, мы - не, у Расеі прыватны бізнэс, у нас яго няма. Адзінае, у чым мы можам спаборнічаць, - пабудова аўтарытарных рэжымаў. Але Расеі да нашага яшчэ далёка.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках