28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Amnesty International пачынае акцыю ў падтрымку Пастнова

8
Amnesty International пачынае акцыю ў падтрымку Пастнова

Міжнародная праваабарончая арганізацыя пачала тэрміновую акцыю ў падтрымку беларускага лекара Ігара Пастнова.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя распаўсюдзіла паведамленне, у якім заклікае дамагацца вызвалення віцебскага псіхіятра Ігара Пастнова, падвергнутага прымусоваму лячэнню за рэзкую крытыку мясцовай сістэмы аховы здароўя, піша ПЦ «Вясна».

У паведамленні Amnesty International падаецца апісанне сітуацыі:

«Ігар Пастноў - псіхіятр з Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі - на працягу апошніх паўтары гадоў неаднаразова крытыкаваў на YouTube палітыку ўрада і гарадскую сістэму аховы здароўя. У сваіх выступленнях ён закранаў такія вострыя тэмы, як медыцынскія памылкі і нямэтавае расходаванне грашовых сродкаў. У чэрвені 2013 года Ігар Пастноў раскрытыкаваў дзеянні паліцыі па прымусовай шпіталізацыі бяздомных і валацугаў у мэтах псіхіятрычнага агляду.

З-за крытычных выказванняў Ігара Пастнова паміж ім і кіраўніцтвам паўстаў сур'ёзны канфлікт. 16 жніўня псіхіятрычная камісія клінічнага цэнтра, у якім працаваў Пастноў, заключыла, што таму патрабуецца прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ў сувязі з «псіхапатыяй з маніяй пераследу ўлады».

У той дзень Ігар Пастноў патэлефанаваў журналісту, які працуе на «Радио «Свободная Европа», каб расказаць пра сваё затрыманне, але размову перапынілі.

«21 жніўня Віцебскі раённы суд у рамках закрытага пасяджэння пастанавіў падвергнуць Ігара Пастнова прымусоваму лячэнню ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі. Пастанова суда абвяшчала, што Ігару Пастнову патрабуецца прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ў сувязі з «хранічным вар'яцкім расстройствам», якое ўяўляе небяспеку для яго самога і навакольных. У судовай пастанове не раскрывалася, якую небяспеку ўяўляе Ігар Пастноў для грамадства, згадваліся толькі яго выступленні ў сетцы. У Ігара Пастнова ёсць дзесяць дзён на тое, каб аспрэчыць рашэнне суда. Аднак яго пазбавілі сувязі са знешнім светам. Яму ўдалося сустрэцца з адвакатам 22 жніўня толькі дзякуючы ўмяшанню мясцовых праваабаронцаў», - адзначаецца ў паведамленні.

Далей Amnesty International нагадвае пра абавязак дзяржаў абараняць свабоду выказвання меркаванняў і садзейнічаць актыўнаму абмеркаванню грамадскіх дзеячаў і дзяржаўных устаноў. Выказваючы занепакоенасць тым, што Ігара Пастнова маглі затрымаць у адвольным парадку за законную крытыку сістэмы аховы здароўя Віцебскай вобласці, міжнародныя праваабаронцы заклікаюць накіроўваць звароты ў органы ўлады Беларусі, каб:

- нагадаць уладам пра тое, што прымусовае псіхіятрычнае лячэнне можа прымяняцца толькі ў адносінах да асобаў з сур'ёзнымі псіхіятрычнымі захворваннямі, якія могуць прычыніць непасрэдную і непазбежную шкоду сабе і іншым;

- патрабаваць прызначыць паўторны псіхіятрычны агляд Ігара Пастнова з тым, каб устанавіць, якую небяспеку той ўяўляе для сябе і навакольных;

- патрабаваць прыняць усе неабходныя меры да таго, каб Ігару Пастнову забяспечылі дастатковую юрыдычную дапамогу і магчымасць сустрэцца з адвакатам з мэтай абскарджвання рашэння суда.

У паведамленні Amnesty International сярод іншага адзначаецца, што ў Беларусі сістэматычна парушаецца права на свабоду выказвання меркаванняў і крытыкі ўладаў нярэдка церпяць ганенні.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках