5 траўня 2024, Нядзеля, 12:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калійная вайна» ўдарыла па беларускіх еўрабондах

4
«Калійная вайна» ўдарыла па беларускіх еўрабондах

Каціроўкі беларускіх еўрааблігацый працягваюць зніжацца на фоне канфлікту Беларусі і Расеі ў калійнай сферы.

Пра гэта сведчаць вынікі таргоў на Люксембургскай біржы.

Кошт пяцігадовых беларускіх еўрааблігацый з пагашэннем ў 2015 годзе на таргах біржы 3 верасня складаў 97,2% ад наміналу і знізіўся за апошні тыдзень (пасля затрымання 26 жніўня ў Менску гендырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера) на 2,9 адсоткавага пункта, піша БелаПАН.

Кошт сямігадовых беларускіх еўрааблігацый з пагашэннем у 2018 годзе складаў 3 верасня 92,7% ад наміналу і знізіўся за апошні тыдзень на 3,8 адсоткавага пункта.

Як паведамлялася раней, 30 ліпеня расейскі «Уралкалій» абвясціў пра свой выхад са складу Беларускай калійнай кампаніі, што прывяло да зніжэння катыровак як акцый «Уралкалію», так і еўрааблігацый Беларусі. 26 жніўня праваахоўныя органы Беларусі затрымалі гендырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера, што выклікала негатыўную рэакцыю з боку афіцыйных асобаў Расеі.

Вышэйпералічаныя падзеі прывялі да таго, што на фоне паніжэння кошту беларускіх еўрабондаў павялічылася даходнасць па іх. У канцы ліпеня, да з'яўлення інфармацыі аб выхадзе «Уралкалію» з БКК, даходнасць па пяцігадовых беларускіх еўрабондах знаходзілася ў раёне 7,3% гадавых, а на 3 верасня складала 10,4% гадавых (рост за апошні тыдзень склаў 1,7 адсоткавага пункта).

Прыбытковасць па сямігадовых беларускіх еўрааблігацыях 3 верасня складала 11,1% гадавых і вырасла за апошні тыдзень на 1,2 адсоткавага пункта, у параўнанні з каціроўкамі на 29 ліпеня - на 3,1 адсоткавага пункта.

Прыбытковасць па еўрабондах лічыцца бенчмаркам (арыенцірам) для новых запазычанняў. З улікам значнага павелічэння даходнасці па беларускіх бондах эксперты мяркуюць, што Беларусь у бліжэйшы час не будзе размяшчаць новыя выпускі еўрааблігацый для прыцягнення валютных запазычанняў на знешніх рынках.

Прыбытковасць аблігацый складаецца зыходзячы з таго, што інвестар купляе паперы не па намінале. Іншымі словамі, калі інвестар купляе паперу на другасным рынку, напрыклад, за 95% ад наміналу, то даходнасць папер для яго будзе вышэй. Калі ж інвестар купляе паперы вышэй наміналу, то даходнасць будзе ніжэй.

Як паведамлялася раней, Беларусь у 2010-м і ў 2011-м гадах размясціла два выпускі еўрааблігацый - пяцігадовыя (на 1 млрд. даляраў) і сямігадовыя (на 800 млн. даляраў) адпаведна.

Размяшчэнне еўрааблігацый беларускія ўлады разглядаюць як адзін з інструментаў прыцягнення запазычанняў на знешніх рынках. У 2013 годзе беларускі бок праводзіў кансультацыі з мэтай новых запазычанняў на знешніх рынках, аднак да цяперашняга часу рашэнне аб новым выпуску аблігацый не прынятае.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках