Анатоль Лябедзька: Білі па нырках і адвезлі ў Курапаты
188- 12.01.2014, 19:03
- 123,682
Лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі пратрымалі ў міліцыі сем гадзін.
Анатоля Лябедзьку вызвалілі толькі а 18:00. Прычым, да гэтага яго вывезлі за межы Менска. Міліцыянты з невядомых прычынаў спачатку даставілі палітыка ў Курапаты, а затым - да будынка гарадскога крэматорыя. Толькі пасля гэтага яго высадзілі ў Вяснянцы, недалёка ад дома.
Пра гэта Анатоль Лябедзька распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org.
«Мяне затрымалі раніцай блізу 10:30 каля дома. Супрацоўнікі былі ў цывільным і не прадстаўляліся, мабыць, спецназ. Я паспеў крыкнуць мужчыну, які стаяў побач, хто я і ў якой кватэры жыву. Папрасіў паведаміць родным. У гэты час мяне некалькі разоў ударылі па нырках», - распавёў палітык.
Анатоля Лябедзьку спачатку адвезлі ў РУУС Савецкага раёну Менску, а потым - у апорны пункт міліцыі, які знаходзіўся побач.
«Прыкладна праз тры гадзіны пасля затрымання быў складзены пратакол. Мяне абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства 5 студзеня, калі мы праводзілі збор подпісаў, нягледзячы на тое, што гэта не рэгламентавана заканадаўствам. Мяне пратрымалі ў апорным пункце больш за тры гадзіны, не давалі скарыстацца мабільнікам, каб звязацца з адвакатам і роднымі», - растлумачыў кіраўнік АГП.
Пасля гэтага палітыка пасадзілі ў легкавы аўтамабіль, аднак дадому ён патрапіў не адразу.
«На вялікай хуткасці мы выехалі на МКАД. Яны несліся, як вар'яты. З хуткасцю прыкладна 140 кіламетраў у гадзіну мяне адвезлі ў Курапаты. Там, каля «Бульбаш-хола» мы развярнуліся і паехалі да крэматорыя. Толькі а 18 гадзіне мяне прывезлі ў Вяснянку. Для чаго яны так рабілі - незразумела. Логікі ў гэтым ніякай няма, бо ўжо было зразумела, што да суда я застануся на волі», - сказаў Анатоль Лябедзька.
Палітык адзначыў, што пасля складання пратаколу яму ўручылі позву ў суд. Працэс над ім адбудзецца ў аўторак 14 студзеня. Ён пачнецца ў 10:00 у судзе Савецкага раёна Менска.