18 красавiка 2024, Чацвер, 5:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрамайдан: Свабоду палітвязням Беларусі (Відэа)

11
Еўрамайдан: Свабоду палітвязням Беларусі (Відэа)

Тысячы людзей на цэнтральнай плошчы Кіева патрабавалі вызваліць беларускіх палітвязняў.

Учора вечарам перад прысутнымі на Майдане Незалежнасці ў Кіеве ўдзельнікамі бестэрміновай акцыі пратэсту зноў выступілі актывісты з Беларусі. Яны прыехалі з Менска, каб падтрымаць украінцаў у іх барацьбе за еўрапейскую будучыню сваёй краіны. На сцэну Еўрамайдана выйшлі вядомы рэжысёр Вольга Нікалайчык, удзельнікі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі, Юлія Сцяпанава і Леанід Кулакоў, адзін з лідараў прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў, іншыя актывісты. У руках яны трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі ЕЗ.

Вольга Нікалайчык павіншавала прысутных ад імя беларусаў з Калядамі. Таксама яна распавяла пра палітвязня Мікалая Аўтуховіча, якому ўчора споўніўся 51 год. Ён сустрэў дзень народзінаў у турме. «Наша салідарнасць - лепшы сродак для вызвалення палітвязняў», - сказала Вольга Нікалайчык.

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» пералічылі тых людзей, якія знаходзяцца ў турмах нашай краіны за свае перакананні і погляды. Пасля кожнага імя тысячы людзей, якія знаходзіліся на Майдане Незалежнасці, скандавалі «Свабоду!».

«Дыктатура - заразная хвароба, але ад яе ёсць лекі - наша асабістая мужнасць і салідарнасць, у тым ліку і міжнародная, - сказаў Максім Вінярскі са сцэны. - Сёння мы знаходзімся ў Кіеве і дапамагаем вам, заўтра прыйдзе ваша чарга ехаць у Менск і дапамагчы нам».

Масавыя акцыі прыхільнікаў еўраінтэграцыі ў Кіеве і іншых рэгіёнах суседняй краіны пачаліся 21 лістапада пасля абвяшчэння ўрадам аб прыпыненні падрыхтоўкі Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ, якое планавалася аформіць на саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні. Улады краіны некалькі разоў спрабавалі спыніць іх сілавымі метадамі, зачысціўшы Майдан Незалежнасці ад намётаў і актывістаў апазіцыі. Тым не менш, людзі застаюцца ў цэнтры Кіева, а акцыі працягваюцца ўжо другі месяц.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках