3 траўня 2024, Пятніца, 13:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менская лекарка: Да «падвышэння» заробку паставілася з гумарам

67
Менская лекарка: Да «падвышэння» заробку паставілася з гумарам

З разліковых лісткоў набаўку да заробку медыкам, пра якую казалі ўлады, складана заўважыць.

26-гадовая лекарка-бактэрыёлаг Алёна распавяла сайту CityDog аб тым, колькі атрымлівае за сваю працу і як выдаткоўвае грошы.

- У гэтым годзе скончылася маё размеркаванне, але я засталася працаваць лекарам, - кажа яна. - Мой заробак кожны месяц можа вагацца. Гэта залежыць ад прэміі і колькасці адпрацаваных за месяц гадзін. Мой тарыф – 1 млн 169 тысяч рублёў, плюс ўлічваецца стаж, катэгорыя. У мяне тры гады стажу і другая катэгорыя. Розніца паміж катэгорыямі - блізу ста тысяч.

У навінах мы чыталі пра набаўку, якую зрабілі настаўнікам і лекарам, але ніхто сур'ёзна гэта не абмяркоўваў, больш з гумарам, маўляў, атрымаем заробкі большыя. З разліковых лісткоў гэтую надбаўку нават складана скмеціць.

Я займаюся малекулярна-генетычнымі даследаваннямі - гэта сучасны метад дыягностыкі, праца не звязаная з пацыентамі. За такія грошы я б не пагадзілася за дзень прымаць па сорак чалавек.

Дзяўчына жыве адная, без бацькоў, у інтэрнаце, за які плаціць 120 тысяч летам.

- Мне дапамагаюць бацькі, інакш бы я не выжыла, - кажа яна. - Напрыклад, улетку я падарожнічала з сяброўкамі па Грэцыі. На гэта ў мяне атрымлівалася адкладаць блізу ста даляраў у месяц.

Нядаўна я пафарбавала валасы і аддала за гэта 570 тысяч. У мінулым месяцы ездзіла ў госці да сяброўкі і хросніка ў Магілёў, схадзіла там у салон - і за 200 тысяч мне зрабілі стрыжку і кератынавую маску. Я пастанавіла хадзіць у цырульню толькі ў Магілёве.

Вялікі пункт выдаткаў - гэта канцэрты і тэатры. У гэтым месяцы я схадзіла на канцэрт «Серебряной свадьбы» і Вольгі Арэф'евай - гэта каштавала больш за 300 тысяч. Хадзіла з пляменнікам у цырк - адзін білет каштаваў 120 тысяч, у тэатр беларускай драматургіі - квіткі падаражэлі, мой каштаваў 90 тысяч. Хацела схадзіць на «Кабарэ» ў тэатр Янкі Купалы, але квіткі каштавалі 160 тысяч і іх ужо не было, але былі б - усё роўна б ужо не атрымалася пайсці, бо выстава «Таямніцы цела» абышлася ў 195 тысяч. Яшчэ з сяброўкамі хадзілі ў батутную залу. Арандавалі на дзве гадзіны батуты, быў інструктар: заплацілі з чалавека 170 тысяч - было выдатна.

Вельмі шмат выдаткоўваю на кнігі - прыходжу на выставу і не магу ўтрымацца. Купляю не толькі сабе, усім дзецям маіх сябровак дару дзіцячыя кніжкі.

Калі іду ў краму, то не купляю каўбасу ці сасіскі, а бяру курыцу, крупы, мяса, каб гатаваць і эканоміць - ем я няшмат. За раз чэк выходзіць тысяч на 300, і так я хаджу ў краму раз у тыдзень. Калі гатую, то бяру харчы з сабой. Калі іх няма - хаджу ў буфет і аддаю за абед тысяч 20. Калі ні грошай, ні харчоў няма, то мы адзін аднаго з дзяўчатамі на працы падкормліваем, і такое бывае часта.

Адзенне я стараюся купляць недарагое. З апошняга - купляла чаравікі, заплаціла 600 тысяч. Мне, вядома, падабаюцца рэчы і за 2 мільёны, але я сабе такога не дазволю.

Напэўна, іншыя людзі б не пайшлі кудысьці б, каб адкласці, але я і ў кіно хаджу часта - разы тры-чатыры ў месяц. Не хаджу ў кінатэатры накшталт «Беларусі», дзе квіток каштуе 50-70 тысяч і фільмы нецікавыя, а хаджу ў «Ракету» на Cinemascope - там і квіткі каштуюць 15-20 тысяч. Часта хаджу на бясплатныя паказы. Збіраюся ў «Перамогу» на фэст скандынаўскага кіно.

Грошай не стае, але я не скажу, што гэта мяне настолькі непакоіць, каб прымусіць кінуць медыцыну. Мае аднагрупнікі сышлі ў медпрадстаўнікі. Яшчэ ў нас у групе два фатографы - яны сышлі з медыцыны адразу пасля размеркавання. Адна з іх угаворвае мяне: сыходзь, вучыся пазногці пілаваць. Са мной размеркавалася дзяўчынка, але ўжо ў першы год яна звольнілася - працуе афіцыянткай і выплачвае медуніверу грошы за вучобу. А днямі размаўляла са знаёмым, які пайшоў на курсы тэставальнікаў. У групе ў яго - чатыры лекары. Мне нават непрыемна.

Калі я вучылася, часта падзарабляла. І бачыла, што людзі атрымліваюць невялікія грошы за цяжкую фізічную працу, дзе рэальна стамляюцца і вымотваюцца. Таму я магу ацаніць сваю сітуацыю цяпер, мне падабаецца мая праца - у мяне не «квадратная галава» пасля змены. Знаёмыя, хто скончыў наргас, лінгвістычны, атрымліваюць 8-10 мільёнаў, але здымаюць кватэры. У выніку на жыццё застаюцца тыя ж 4-5 мільёнаў, як у мяне.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках