4 траўня 2024, Субота, 18:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бензін у верасні падаражэў на 4,2%

2
Бензін у верасні падаражэў на 4,2%

Інфляцыя ў Беларусі прыкметна паскорылася.

За месяц спажывецкія кошты падняліся на 1,2% супраць росту на 0,8% у жніўні, з пачатку года яны выраслі на 13,4%, а ў гадавым вымярэнні (у параўнанні з вераснем 2013) - на 20,1%, піша select.by.

Прычынай паскарэння тэмпаў інфляцыі ў верасні зноў стаў хуткі рост коштаў у сферы паслуг. Агулам паслугі за месяц падаражэлі на 1,6%, а з пачатку года - ужо на 19,7%.

Больш за ўсё ў верасні выраслі кошты на вышэйшую адукацыю - на 17,2%. Але гэта сезонны рост, а з пачатку года гэтыя кошты падняліся на усё на 18,3%. Падаражэлі ў верасні і квіткі ў тэатры (на 5,5%), а таксама паслугі канцэртных арганізацый (на 7,4%). З пачатку года гэтыя паслугі падняліся ў кошце ўжо на 37,3% і 21,2% адпаведна.

Бытавыя паслугі ў верасні падаражэлі на 2,6%. Газазабеспячэнне і водазабеспячэнне падняліся ў кошце на 1,5%.

Нехарчовыя тавары ў верасні падаражэлі на 1,2%, гэтак жа як і кошты на тавары і паслугі агулам. У найбольшай ступені вырас кошт на бензін - на 4,2%. Зноў значна падаражэлі медыкаменты: на 3,7%. З пачатку года кошты на лекі падняліся ўжо на 17,7%, што з'яўляецца максімальнымі тэмпамі росту коштаў сярод нехарчовых тавараў.

У верасні на 1% падаражэла адзенне, але з пачатку года кошты на яго выраслі ўсяго на 3,3%. Не выключана, што доўгае стаянне коштаў на адзенне ўжо завяршылася, і ў далейшым яно будзе даражэць са зніжэннем курсу беларускага рубля ў стасунках да даляра ЗША.

Кошты на харчовыя тавары ў верасні павялічыліся ўсяго на 1,1%, што здаецца даволі дзіўным з улікам падзей, якія адбываюцца ў Расеі. У найбольшай ступені ў верасні падаражэла гародніна - на 10%. Але гэта сезонны рост коштаў, з пачатку ж года гародніна патаннела на 34,5%.

Гарбата ў верасні паднялася ў кошце на 2,4%, што, відаць, звязана з ростам курсу даляра.

З тавараў, экспарт якіх з Беларусі ў Расею апошнім часам павялічыўся, у верасні больш за ўсё падаражэла масла - на 2,1%. Але з пачатку года масла падаражэла ўсяго на 12,6%. А сыр падаражэў усяго на 0,4% за месяц і на 14,3% з пачатку года. Кошты на мяса і птушку ў верасні выраслі на 0,8%, але з пачатку года яны падняліся ўжо на 33,1%.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках