26 красавiка 2024, Пятніца, 12:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасля публікацыі ў СМІ ў буфеце магілёўскай турмы з'явілася мяса і сыр

Пасля публікацыі ў СМІ ў буфеце магілёўскай турмы з'явілася мяса і сыр

Пасля агалашэння жахлівага асартыменту турэмнага буфета ў СМІ, кіраўніцтва турмы паклапацілася аб наяўнасці ў продажы каўбасы і сыру.

Пра гэта сайту charter97.org распавяла жонка палітвязня, былога кандыдата ў прэзідэнты Марына Адамовіч.

- Дзесьці яшчэ ў верасні я ўзрадавалася, калі я ў чарговы раз прыехала ў турму разам з адвакатам і зайшла ў мясцовы буфет, я ўбачыла паперку, прылепленую на прылаўку, дзе было пералічана некалькі найменняў мясных вырабаў, якія нібыта з'явіліся ў продажы. Я радасна напісала пра гэта Мікалаю, але атрымала адказ, што нічога не змянілася.

- Калі здарыліся перамены ў асартыменце буфета і як вы пра гэта даведаліся?

- Але ўжо пасля гэтага, пасля таго, як я агучыла гэта ў СМІ, як раз здарыліся пазітыўныя перамены. Мікалай напісаў, што літаральна неўзабаве пасля гэтага прынеслі новы спіс на атаваркі, у якім з'явілася некалькі відаў мясных прадуктаў - каўбаса, мяса, грудзінка - і нават сыр. Я спытала пра цыбулю або пра якую-небудзь яшчэ гародніну, бо калі надыходзіць шчасце - хочацца ўсяго адразу і пабольш! На гэта ён адказаў, што гародніны няма. Але ўжо хоць бы магчымасць выбару мяне вельмі радуе і мне вельмі хацелася б верыць, што гэта не аднаразовая акцыя. Прынамсі, я разумею, што на турэмным рэжыме людзі мала што могуць сабе дазволіць, бо на атаваркі адведзена толькі 1-2 базавых велічыні. Таксама там жа знаходзіцца следчая турма, дзе сядзяць людзі, якія яшчэ не асуджаныя, але якія ўжо даўно ў няволі. Таму я думаю і для іх гэта вельмі добрая і радасная навіна.

- Як справы ў Мікалая, пра што ён піша Вам у лістах?

- Ён смяецца, што ў гэтым месяцы ў яго адразу два крымінальныя «юбілеі» - 15 гадоў таму быў «Марш свабоды», які спыніў выкрадання дэмакратычных палітыкаў, бо тое імкненне людзей да супраціву і да адстойвання сваіх інтарэсаў вельмі напалохала ўлады. Гэты марш скончыўся сутыкненнямі на беразе Свіслачы. А 10 гадоў таму прайшла мірная акцыя пратэсту пасля рэферэндуму аб адмене абмежавання тэрміну, пасля якой ён апынуўся на «хіміі». Ён у апошнім лісце шмат пісаў пра волю людзей, пра гэтыя падзеі і пра тое, што яны спынілі «інтэграцыйную» рыторыку, той жах і тую рэальна ўзніклую пагрозу анэксіі з боку Расеі. І Лукашэнка, пасля таго, як ён доўгі час не з'яўляўся на публіцы, памяняў рыторыку з «інтэграцыйнай» на «незалежную».

Нагадаем, былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч асуджаны нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года на 6 гадоў зняволення. Статкевіч - адзіны з кандыдатаў у прэзідэнты, каго да гэтага часу трымаюць у турме. Ён адмаўляецца падпісваць прашэнне аб памілаванні, паколькі уважае сябе за невінаватага, а пераслед тлумачыць помстай за жорсткую крытыку Лукашэнкі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках