3 траўня 2024, Пятніца, 4:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таямнічы шатл X-37B рыхтуецца да пасадкі ў ЗША

13
Таямнічы шатл X-37B рыхтуецца да пасадкі ў ЗША

Беспілотны касмічны карабель ВПС ЗША Boeing X-37B павінен у аўторак здзейсніць пасадку на авіябазе ў Каліфорніі.

Гэта адбудзецца пасля беспрэцэдэнтна доўгага знаходжання на калязямной арбіце цягам 22 месяцаў, паведамляе BBC.

Аб характары ягонага палёту і пастаўленых задачаў практычна нічога не было вядома. На ягоным борце знаходзяцца радарныя сістэмы, відэа- і фотакамеры высокага дазволу і іншае выведвальнае абсталяванне, якое звычайна ўсталёўваецца на спадарожніках-шпіёнах.

Гэты касмічны карабель, які мае афіцыйнае пазначэнне эксперыментальнага арбітальнага апарата, быў выведзены на арбіту ў снежні 2012 года і паставіў рэкорд знаходжання ў космасе для апаратаў такога тыпу - 671 дзень.

«Персанал базы Вандэнбэрг быў падрыхтаваны да пачатку аперацыі пасадкі апарата X-37B, трэцяй у гісторыі гэткай унікальнай місіі», - заявіў палкоўнік Кіт Бэйтс, што камандуе 30-й касмічнай эскадрылляй, яшчэ ў пятніцу.

Раней Пентагон заяўляў, што гэты беспілотны карабель шматразовага выкарыстання распрацаваны для выканання разведвальных задач, звычайна даручаюць спадарожнікам. Аднак, у адрозненне ад спадарожнікаў, якія маюць параўнальна нядоўгі тэрмін службы і затым знішчаюцца або пакідаюць арбіту, такі карабель можа выкарыстоўвацца паўторна і эканоміць мільярды даляраў вайсковаму ведамству.

Апарат X-37B быў распрацаваны аэракасмічным гігантам Boeing. Ён вельмі падобны на касмічныя чаўнакі, апошні з якіх - «Атлантыс» - завяршыў сваю касмічную місію ў ліпені 2011 года.

Новы апарат у чатыры разы меншы за шатл. На арбіту яго вывела ракета-носьбіт Atlas V, што выкарыстоўваецца для запуску амерыканскіх камерцыйных і вайсковых спадарожнікаў.

Падобна шатлам, X-37B пакрыты адмысловай пліткай, якая абараняе ашалёўку апарата ад перагрэву пры вяртанні ў атмасферу.

Першы палёт X-37B адбыўся ў красавіку 2010 года і быў ахутаны заслонай амаль поўнай сакрэтнасці. Сярод вайскоўцаў і касмічных экспертаў хадзілі чуткі, што карабель прызначаны таксама для нанясення ўдараў па варожым спадарожнікам і нават для касмічнага бамбавання. Камандаванне ВПС ЗША ніяк не каментуе гэтыя паведамленні.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках