27 красавiка 2024, Субота, 18:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусі пагражаюць два новыя вірусы грыпу

14
Беларусі пагражаюць два новыя вірусы грыпу

У Беларусі ў гэтым эпідэмічным сезоне чакаецца цыркуляцыя двух новых варыянтаў віруса грыпу.

Пра гэта сёння паведаміла журналістам загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Глінская, піша БелТА.

"У гэтым эпідэмічным сезоне чакаем, што ў Беларусі будуць цыркуляваць два варыянты віруса грыпу, з якімі мы яшчэ не сутыкаліся. У сувязі з гэтым склад вакцын памяняўся. Таму ў гэтым годзе асабліва мэтазгодна сфармаваць абарону супраць захворвання з дапамогай прышчэпкі", - сказала Ірына Глінская.

Паводле яе слоў, у першую чаргу прышчапіцца ад грыпу трэба людзям, якія ўваходзяць у групу рызыкі. "Абараніць сябе ад захворвання павінны асобы, старэйшыя за 65 гадоў. Дарэчы, у мінулым годзе прышчэпку зрабілі блізу 60% паджылых людзей. Трэба таксама памятаць пра той каласальны эфект, які мы атрымліваем, прывіваючы цяжарную жанчыну. Бо дзіця, якое нарадзілася ў прышчэпленай ад грыпу мамы, у першыя шэсць месяцаў абароненае ад хваробы", - падкрэсліла спецыялістка.

Загадчыца эпідэміялагічнага аддзела адзначыла, што ў першую чаргу вакцынаваць трэба і дзяцей, нагадаўшы, што больш за 90% шпіталізаваных з нагоды грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый - непаўналетнія. Абараніць сябе супраць грыпу спецыялісты таксама рэкамендуюць працоўнаму насельніцтву. "Мы не першы год атрымліваем довады, што вакцынацыя супраць грыпу на прадпрыемствах у 3-5 разоў зніжае захворванне сярод работнікаў", - сказала Ірына Глінская.

У гэтым годзе прышчапіць ад захворвання за кошт бюджэтных крыніц фінансавання плануецца амаль 780 тысяч (амаль 40%) жыхароў Менска. Бясплатна прэпарат атрымаюць людзі з высокай рызыкай развіцця цяжкіх постгрыпозных ускладненняў (хранічнымі захворваннямі сардэчна-сасудзістай, дыхальнай і эндакрыннай сістэм, асобы, старэйшыя за 65 гадоў ды іншыя), а таксама грамадзяне, якія маюць высокую рызыку заражэння грыпам (дзеці, медыцынскія работнікі, супрацоўнікі МНС, МУС ды іншыя).

За кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў у Менску прышчапляюць вакцынай кітайскай вытворчасці "Флюваксін". Яна выкарыстоўваецца ў рэспубліцы цягам чатырох гадоў і давяла сваю эфектыўнасць і бяспеку. Прышчэпку супраць захворвання на платнай аснове можна зрабіць і іншымі вакцынамі, дазволенымі да ўжывання ў Беларусі, у тым ліку "Грыпол плюс" (Расея), "Ваксігрып" (Францыя), "Флюарыкс" (Бэльгія), "Інфлювак" (Нідэрланды). Кошт платнай прышчэпкі вагаецца ад Br65 тысяч да Br150 тысяч.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках