4 траўня 2024, Субота, 14:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Financial Times: пятля санкцый зацягваецца на шыі Расеі

6
The Financial Times: пятля санкцый зацягваецца на шыі Расеі

Для расейскага банкаўскага сектара сёння наступілі самыя трывожныя часы пасля фінансавага крызісу, што меўся шэсць гадоў таму.

Паўтузіна найбуйнейшых і звязаных з дзяржавай банкаў, на долю якіх прыпадае больш за палову ўсіх банкаўскіх актываў Расеі, апынуліся адрэзанымі ад заходняга фінансавання праз санкцыі, уведзеныя ЕЗ і ЗША ў сувязі з агрэсіяй Масквы на Ўкраіне, піша The Financial Times.

Курс рубля, які падае, між тым, стварае магчымасць таго, што расейскія спажыўцы пачнуць здымаць свае назапашванні з банкаўскіх рахункаў і пераводзіць іх у даляры. Гэтыя фактары плюс зніжэнне коштаў нафты, якое вядзе да памяншэння даляравых паступленняў ад нафтавага экспарту, ствараюць востры дэфіцыт даляравага фінансавання ў банкаўскай сістэме.

Пакуль банкі і рэгулюючыя органы спраўляюцца з нагрузкай. Але калі санкцыі будуць трымацца доўгі час, то сітуацыя можа сур'ёзна абвастрыцца, зацягнуўшы пятлю на шыі банкаў - і расейскай эканомікі агулам.

Расейскія спажыўцы, якія перажылі крызіс у 2008 годзе і дэфолт у 1998-м, сёння праяўляюць большы аптымізм. Яны пакуль яшчэ не тоўпяцца ў чэргах, каб зняць грошы. Наадварот, прыватныя ўклады ў верасні нават павялічыліся на 0,2%, пра што сведчаць звесткі Цэнтрабанка. Праўда, як мяркуюць аналітыкі Ашчадбанка, з папраўкай на зніжэнне курсу рубля гэта азначае змяншэнне ў адзін працэнт.

Паколькі ў Расеі маюцца валютныя рэзервы ў суме 450 мільярдаў даляраў, Цэнтрабанк валодае інструментамі для запаволення працэсу зніжэння рублёвага курсу, якія дапамагаюць пазбегнуць панікі ў грамадстве. Так было і ў 2008 годзе. Былы намеснік кіраўніка Цэнтрабанка Сяргей Аляксашанка кажа, што банк у апошнім квартале года лёгка можа выдаткаваць 50 мільярдаў даляраў на падтрыманне расейскай валюты, калі ўзнікне такая неабходнасць.

Цэнтральны банк таксама прыняў меры для зніжэння недахопу даляраў, зрабіўшы ў мінулым месяцы тэрміновы абмен рублёў на даляры, праўда, па даволі высокім кошце. Старшыня праўлення Цэнтрабанка Эльвіра Набіуліна заявіла ў гэтым месяцы, што банк працуе над правядзеннем аперацый кароткатэрміновага крэдытавання пад назвай РЭПО (продаж каштоўных папер з адначасовай дамоўленасцю аб іх зваротным выкупе на загадзя абумоўлены кошт – заўв перакл), што дазволіць яму даваць банкам даляравыя крэдыты на тэрмін ад сямі да 28 дзён.

Кансалтынгавая фірма Capital Economics заяўляе, што хоць умовы крэдытавання ў Расеі апошнімі месяцамі сталі больш жорсткімі, пакуль яшчэ няма прыкметаў таго, што санкцыі прывялі да рэзкага скарачэння банкаўскіх крэдытаў або да крызісу крэдытавання тыпу таго, што быў у 2008 годзе. Аднак і гэтая фірма, і іншыя аналітыкі ў сваіх прагнозах папярэджваюць аб тым, што па меры ўзмацнення эфекту ад санкцый умовы крэдытавання будуць пагаршацца.

Часткова гэта з'яўляецца адлюстраваннем таго, як былі праведзеныя ўведзеныя санкцыі. Іх мэта не ў тым, каб неадкладна адправіць расейскую эканоміку ў некіравальны штопар, а каб паступова нарошчваць ціск, які будзе стымуляваць Расею да дзеянняў, што прывядуць да паступовага зняцця санкцый.

Ез забараніў звязаным з дзяржавай крэдытным арганізацыям Ашчадбанк, ВТБ, Банк Масквы, Газпрамбанк, Рассельгасбанк і Знешэканомбанк атрымліваць фінансаванне на ягоных рынках на тэрмін больш за 30 дзён. Злучаныя Штаты ўвялі аналагічныя меры.

Паколькі залежнасць гэтых банкаў ад міжнародных рынкаў капіталу даволі невялікая, Standard & Poor's кажа аб тым, што гэтаму сектару хопіць абаротных сродкаў на рэфінансаванне сваёй замежнай запазычанасці ў 57 мільярдаў даляраў з тэрмінам пагашэння да канца 2015 года.

Аднак наступствы будуць узмацняцца. Прыватныя ўклады, пасля сусветнага фінансавага крызісу, якія сталі хуткарослым складнікам ў галіне фінансавання банкаў, сёлета прадэманстравалі значны спад, прычым адбылося гэта яшчэ да падзення рубля.

Карпаратыўныя дэпазіты ў першай палове 2014 года павялічыліся на дзевяць адсоткаў. Аднак у значнай меры гэта было аднаразовай мерай расейскіх кампаній у вяртанні сродкаў з-за мяжы ў пачатку года, паколькі тады паўсталі асцярогі з нагоды будучых санкцый.

Крэдытны аналітык Standard & Poor's Наталля Яўлоўская адзначае, што ўскосны эфект ад санкцый у больш доўгатэрміновай перспектыве можа аказаць значнае ўздзеянне на банкі.

«Зніжэнне даверу інвестараў, агульнае адчуванне росту рызык фінансавання расейскіх банкаў плюс магчымае павелічэнне адтоку капіталу і запаволенне эканамічнага росту... можа апынуцца для банкаўскага сектара больш хваравітым, чым непасрэдныя наступствы санкцыяў», - кажа яна.

У сувязі з гэтым расейскія банкі будуць яшчэ больш залежаць ад фінансавання Цэнтрабанка, хоць і без таго іх запазычанасць перад ім складае 10% ад агульнага аб'ёму абавязанняў. На піку глабальнай рэцэсіі ў 2009 годзе гэта паказчык быў роўны 13%. Калі зыходзіць з таго, што зняцця санкцый не будзе, як не будзе і іх узмацнення жорсткасці, то сур'ёзны недахоп крэдытаў паўстане да 2016 года.

Тэарэтычна гэта стварае запас часу для выхаду з крызісу. Небяспека для інвестараў і для расейскага бізнэсу заключаецца ў тым, што Масква сёння ставіць свае фундаментальныя, як ёй здаецца, геапалітычныя інтарэсы вышэй за эканоміку.

Пераклад: Inosmi.ru

Фота: РБК

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках