4 траўня 2024, Субота, 10:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тозік: Няхай «платнікі» ў ВНУ цалкам плацяць за вучобу

134
Тозік: Няхай «платнікі» ў ВНУ цалкам плацяць за вучобу

Цяпер, на думку віцэ-прэм'ера, палова расходаў ляжыць на дзяржаве.

Беларускія чыноўнікі разумеюць, што з вышэйшай адукацыяй у краіне адбываецца нешта няправільнае. Непісьменных выпускнікоў з непатрэбнымі ім дыпломамі становіцца ўсё больш, а аўтарытэтных дактароў навук - усё менш. Сярэдні заробак у старэйшага выкладчыка ВНУ нават меншы, чым у выхавальніка ў дзіцячым садзе: 3,1 млн рублёў супраць 4,2 млн. Адным словам, нешта трэба мяняць. На чарговым пасяджэнні Рэспубліканскага савета рэктараў прагучалі самыя розныя прапановы. Чыноўнікаў цытуе «Звязда».

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Абламейка папярэдзіў, што паменшыць колькасць студэнтаў, вядома, можна. Вось толькі менталітэт людзей, якія ўважаюць наяўнасць дыплома ВНУ абавязковым атрыбутам паспяховага чалавека, так хутка не зменіш, і калі не будзе магчымасці рэалізаваць свае жыццёвыя планы ў Беларусі, моладзь адправіцца атрымліваць вышэйшую адукацыю ў суседнія краіны. Канкурэнцыя на рынку адукацыйных паслуг усё больш абвастраецца.

Са слоў Сяргея Абламейкі, у апошнія гады ў БДУ неаднаразова пераразмяркоўвалі бюджэтныя месцы паміж рознымі профілямі, і цяперашні набор на натуральна-навуковыя спецыяльнасці можна ўважаць аптымальным:

- Сёлета нам удалося запоўніць усе бюджэтныя месцы на хіміі, матэматыцы, біялогіі і іншых спецыяльнасцях. Крыху не дацягнулі да выканання плана толькі на фізіцы. Але мы фактычна залічваем на бюджэт усіх, хто да нас прыходзіць, і прэтэндэнтаў на платныя месцы ў нас ужо не застаецца. Невялікі рэзерв ёсць толькі на інфарматыцы, што звязана з прэстыжнасцю працы ў IT-галіне. Таму я не бачу магчымасці павялічваць і далей колькасць бюджэтных месцаў у гэтых кірунках.

Наўрад ці перспектыва пазбавіцца студэнтаў-платнікаў узрадуе каго-небудзь з кіраўнікоў ВНУ. Таму тут узнікае заканамернае пытанне. Калі скарачаць набор, то як гэта правільна і акуратна зрабіць? Магчыма, трэба ўводзіць нейкую прапорцыю для бюджэтнай і платнай формы навучання? Дарэчы, нават у БДУІР сёлета засталася незапоўненай амаль тысяча платных месцаў.

- Звяртаю ўвагу рэктараў на тое, што платная форма навучання не павінна быць стратнай. Калі захаваць падрыхтоўку «платнікаў», то студэнты павінны цалкам пакрываць выдаткі за сваё навучанне, а не так, як гэта адбываецца сёння, калі палову выдаткаў бярэ на сябе дзяржава, - пазначыў сваю пазіцыю Анатоль Тозік. - Бо гэта ўжо можна расцэньваць як нямэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў.

Нагадаем, апошні раз беларускія ВНУ паднялі кошты на навучанне ў ліпені, перад пачаткам навучальнага года. Самыя дарагія спецыяльнасці - у БДУІРы і медуніверсітэце, дзе кошт даходзіць да 23 мільёнаў.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі навучанне першакурснікаў на дзённым аддзяленні каштуе ад 16,7 да 20,7 млн рублёў (у мінулым годзе - ад 14,6 да 16,9 млн рублёў), на завочным - 6,8 млн рублёў (5,4 млн рублёў). У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце год навучання на дзённым аддзяленні каштуе ад 18 да 23 млн рублёў (ад 15 да 19 млн рублёў - у мінулым годзе).

У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце навучанне на першым курсе ў новым навучальным годзе каштуе блізу 17 млн рублёў на дзённым аддзяленні (у 2013/2014 навучальным годзе - блізу 14 млн рублёў), 5,5 млн рублёў - на завочным (4,75 млн рублёў).

За навучанне на дзённым аддзяленні ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце першакурснікі заплацяць ад 16 да 18,4 млн рублёў у год (у мінулым навучальным годзе - ад 13,3 да 15,4 млн рублёў), на завочным - ад 6,85 да 7,6 млн рублёў (летась - ад 5,7 да 6,3 млн рублёў).

Напісаць каментар 134

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках