4 траўня 2024, Субота, 19:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі заўзятар: Майдан у Беларусі пачнуць футбольныя фанаты

4
Украінскі заўзятар: Майдан у Беларусі пачнуць футбольныя фанаты

Улады спалохаліся, што ўкраінскія фанаты едуць дзяліцца досведам рэвалюцыі.

Рэдакцыя charter97.org пагутарыла з украінскім футбольным фанатам з Львова Аляксеем Канам, адным са стваральнікаў ролікаў ад каманды OnTour. Ён быў у Беларусі ўпершыню - і быў шакаваны такой пільнай увагай з боку праваахоўных органаў і памежнікаў. Ён падзяліўся ўражаннямі пра беларусаў, распавёў, як павінны праходзіць матчы ў Беларусі і растлумачыў, адкуль такая актыўнасць міліцыі.

- Што больш за ўсё цікавіла беларускую міліцыю, за што затрымлівалі на вашых вачах?

- Калі нашы хлопцы прыехалі ў Барысаў, ваша міліцыя вельмі злосна рэагавала на налепкі. Менавіта праз стыкеры многіх нават не пусцілі ў Беларусь. Напрыклад, на гульню ехаў спартовы журналіст з Украіны - усё афіцыйна, з пасведчаннем - і яго не пусцілі праз тое, што ў яго былі стыкеры батальёна «Азоў». Я быў на матчы фанаў перад асноўнай гульнёй у Менску - там таксама ўсе стыкеры адбіралі. Было такое ўражанне, што для вашай міліцыі стыкеры здаваліся нават важней за фаеры.

Адзін хлопец з Заходняй Украіны ляпіў стыкеры ў раёне барысаўскага стадыёна. Ваш АМАП гэта ўбачыў - і за гэта яго вельмі хутка скруцілі і адразу ў СІЗА. На наступны дзень яму збіраліся «прышыць» артыкул за распаўсюд фашысцкай сімволікі. Але яго паспеў вызваліць украінскі консул.

Яшчэ адзін хлопец з Чарнігава распавядаў, што ён проста рухаўся па вуліцы ў Барысаве, а насустрач ішлі міліцыянты. Паглядзелі, што ў яго шалік «Смерць ворагам» - і за гэта яго адразу забралі ў «бобік» і ён ні патрапіў ні на гульню, нікуды, натуральна, без тлумачэнняў. Ён нават нічога не рабіў.

- Як вы думаеце, які загад быў дадзены нашай міліцыі?

- Было такое ўражанне, што міліцыя выконвае нейкае заданне, «план» у колькасці затрыманых, бо бралі ні за што. Яшчэ перад матчам людзей набіралі ў «бобікі» ў спешцы, усіх запар украінцаў, без разбору.

Мы ішлі ў Барысаве па горадзе разам з нашымі сябрамі-беларусамі, а да нас падлятаюць мянты і пачынаюць: «Хто такія? Адкуль прыехалі? Мэта візіту? Пакажыце дакументы». Тое ж самае было ў Менску недалёка ад станцыі электрычак на Пралетарскай. Мы проста рухаліся ў натоўпе! Мне гэта было дзіка назіраць. Хлопцы з Менска з імі пагаварылі, сказалі, што мы жывем у Барысаве - і яны адсталі. Але ўвагі з боку міліцыі вельмі ўжо было шмат. Асабліва дзіўна гэта таму, што мы прыехалі на матч не да ворагаў, а да сяброў. Ва Украіне міліцыя ведае, хто каму сябры, а хто каму ворагі ў асяроддзі фанатаў. Напрыклад, калі з'язджаюцца дружалюбныя каманды, то можа прыехаць у горад вельмі шмат фанатаў, напрыклад, з Кіева ў Львоў можа прыехаць тысяча фанатаў. І міліцыі не будзе ніводнага чалавека, бо ўсе ведаюць, што Львоў і Кіеў - сябры. А тут, атрымліваецца, усе ведалі, што Украіна і Беларусь - сябры, але мянты ўсіх так ціснулі, што проста жах. Для нашых усё, што адбываецца ў Беларусі было вельмі дзіўна.

- Чаму міліцыя і АМАП так бурна зрэагавалі на прыезд украінцаў у Беларусь?

- Я так разумею, што вашы ўлады наважылі, што мы цяпер прыедзем, пагаворым з вашымі хлопцамі - і вашы зробяць другі Майдан. Ва Украіне ж мяркуюць, што фанаты былі асновай Майдана. І вашы ўлады дакладна пра гэта ведаюць, таму яны спалохаліся, што цяпер украінцы прыедуць - і пачнецца заварушка. Самых актыўных украінскіх фанатаў, вядомых у нашых колах, не пусцілі ўжо на мяжы. Яны ведалі ўсе імёны. Перад гульнёй таксама быў вельмі добры ператрус.

- Як паводзіць сябе міліцыя падчас футбольных матчаў ва Украіне?

- Наша міліцыя таксама зусім яшчэ нядаўна ўрывалася на сектары і ўсіх там збівала, літаральна пару гадоў таму. А цяпер ты заходзіш на стадыён з чым хочаш, з любым сцягам, з любой сімволікай. Ну, вядома, лепш не прыносіць камуністычныя сімвалы, бо цябе свае ж там могуць «спрасаваць»... У нас нават ужо за фаер так больш не трасуцца - ну, заплаціць клуб штраф, нічога страшнага. Але такога, каб хтосьці запаліў фаер і пачалася «дзвіжуха» з мянтамі - гэтага ўжо даўно няма. А ў вас кожны банэр даглядаюць, прымушаюць выварочваць кішэні - гэта наогул жах! Пакуль я стаяў - у мяне на вачах не пусцілі вельмі многіх на стадыён. Нават падчас фанацкага матчу ў Менску прымушалі выкідаць чырвона-чорныя сцягі УПА - я быў ​​у шоку, як так можна? Гэта нават неяк непаважліва і непрыгожа.

- Да таго, як вашых «выратаваў» украінскі консул, ім ужо паспелі прысудзіць штрафы і суткі.

- Так, кажуць, што вышэйшыя чыны паміж сабой усе потым вызначаць, але прысуджаныя хлопцам штрафы і суткі - гэта проста неймаверна, бо ні за што.

- Ці ўяўляюць фанаты небяспеку для беларускага рэжыму?

- Вядома. У параўнанні з Украінай, у вас, вядома, мала людзей у краіне. Таму на вашы 9.5 мільёнаў насельніцтва Беларусі ў вас добра калі набярэцца 10 тысяч актыўных фанатаў, якія рэальна могуць нешта рабіць. У нас 45 мільёнаў - і таму ў нас толькі ў адным Львове можна набраць 10 тысяч такіх, якія будуць гатовыя абсалютна на ўсё дзеля агульнай справы. Моладзь заўсёды - гарой за праўду і справядлівасць, супраць бандытаў ва ўладзе, бо ўсе хочуць, каб у краіне было лепш. Ва ўсім свеце «дзвіжуха» пачыналася з фанатаў - і ў Брытаніі, і ў Італіі, і ў Егіпце.

- Чаму фанаты з'яўляюцца такой небяспечнай сілай для ўладаў ва ўсякай краіне?

- Бо гэта сапраўды актыўная моладзь. Напрыклад, у Львове ўсе фанаты разам ходзяць на матчы, усе разам крычаць. Вядома, кожны хварэе за сваю каманду, але калі ў краіне нешта наспявае - усе фанаты збіраюцца разам і аб'ядноўваюцца ўжо пад гэтай ідэяй барацьбы. Сярод гэтых людзей ёсць і такія людзі, якія два разы ў жыцці схадзілі на матч - і яны актывізуюцца тады, калі ў краіне адбываецца нешта накшталт Майдана.

- Беларускія ўлады гэта разумеюць і баяцца ўкраінскага сцэнару?

- Так, я думаю, толькі ў гэтым прычына апошніх падзей. Я мала ведаю пра сітуацыю ў вашай краіне, я быў ​​першы раз. Але я ведаю ад сяброў, што вашы ўлады вельмі актыўна працуюць супраць фанатаў, фактычна ідзе «знішчэнне» фанатаў як з'явы.

- Якія ў вас засталіся ўражанні пра Беларусь як пра краіну?

- Запомнілася тое, колькі страху адчувалася ў вачах мінакоў і ў людзей у транспарце. Ва Украіне, напрыклад, калі едзеш у метро і глядзіш пільна камусьці ў вочы, на цябе таксама пачынаюць у адказ пільна глядзець, бо кожны сябе адчувае ўпэўнена. А ў вас зусім інакш: каму я ні глядзеў у вочы, усе, абсалютна ўсе вочы адводзяць.

Мы ішлі з адным па Менску, смяяліся, як раз калі толькі прыехалі, зайшлі ў метро. Я сябру кажу: «Давай крыкні «Пуцін - х... ло!». Ну, дружа крыкнуў. У нас бы ўсе людзі сталі рэагаваць: хтосьці б пачаў смяяцца, пачалі б шукаць вачыма таго, хто гэта крыкнуў, якая-небудзь бабуля насварылася б за ўзровень культуры, маўляў, як так можна. А я гляджу па баках - і дзіўлюся: у вас гэта быў нейкі «момант цішыні», бо ўсе людзі апусцілі галовы ўніз і нават не ўздымалі вачэй. Гэта мяне проста ўразіла. Я чуў, што ў вас дыктатура, але я не думаў, што гэта так відаць па людзях. У нас таксама так было раней, але людзям заўсёды было ўсё роўна: «Беркут», ну, няхай ідуць сюды, паглядзім, хто мацней. Я так разумею, што ў вас вельмі жорсткія метады ва ўнутраных органаў, раз людзі так баяцца.

- Ці прыедзеце да нас яшчэ, калі будзе нагода?

- Я б мог з задавальненнем і без нагоды прыехаць, але, вядома, непрыемна, калі цябе так «сустракаюць». У вас з мяжы зразумела, што ваша ўлада з любымі актыўнымі людзьмі «на нажах».

- Як змянілася паводзіны ўкраінскай міліцыі і «Беркута» за апошні год?

- Ва Украіне калі людзі бачаць міліцыю на нейкім мерапрыемстве, яны з імі маюць стасункі: задаюць ім пытанні, атрымліваюць адказы. Міліцыя не адчувае беспакаранасці і ўсёдазволенасці. А ў вас мянтоў пра штосьці пытаеш - а яны сябе вядуць прама як Рэмба, як быццам яны шэрыфы ў акрузе. Пасля Майдана наш «Беркут» лішні раз баіцца засвяціцца. Яны наадварот хочуць, каб усе людзі былі адзіныя. На гэтым фоне асабліва відаць, што вашы твораць бязмежжа.

- Што б вы хацелі сказаць беларускім футбольным фанатам?

- Вядома, я б мог сказаць «Давайце, хлопцы, рабіце Майдан у Беларусі», але ж вашым найлепш відаць, калі для гэтага прыйдзе момант. Я хачу пажадаць беларускім фанатам масавасці на трыбунах і на фанацкіх сектарах падчас гульняў, салідарнасці, падтрымкі сваёй зборнай. Каб на гульню са Славаччынай, якая абыграла Гішпанію і Украіну, хадзіла не дзве і не тры тысячы, а каб прыходзіла трынаццаць тысяч - і каб яшчэ квіткоў не хапала, як звычайна гэта адбываецца ў Львове. У нас нават на гульню з Сан-Марына, якая перадапошняя ў рэйтынгу УЕФА, немагчыма купіць квіток на 37-і тысячны стадыён. Цяпер у Львоў прыязджала Македонія - стадыён быў забіты пад завязку. Гэта вельмі крута - і я жадаю, каб у Беларусі таксама так было. Тады краіна пачне аб'ядноўвацца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках