4 траўня 2024, Субота, 18:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Злодзей з Расеі прыкінуўся беларусам

9
Злодзей з Расеі прыкінуўся беларусам

Расейскі зладзюжка прыкінуўся беларусам, каб выкрасці партыю дзіцячых трохколавых ровараў і прадаць іх ва Украіне.

Падольскі гарадскі суд вынес прысуд у дачыненні да грамадзяніна Расеі Худзяшова, які абвінавачваецца ў махлярстве ў асабліва вялікай суме, піша БелаПАН.

Паводле версіі следства, абвінавачаны зімой гэтага года распрацаваў злачынны план, згодна з якім ён збіраўся працаўладкавацца ў Маскве ў транспартную арганізацыю і выкрасці аўтамабіль з грузам, каб прадаць яго за межамі Расеі.

Схема просценькая, але абставіў яе зладзюжка так, каб і ў давер увайсці да працадаўцы, і самому застацца ў цені. А для гэтага ён наважыў абзавесціся дакументамі грамадзяніна Беларусі.

У матэрыялах абвінавачвання гэты этап злачыннага плана выглядаў так:

«Ведаючы, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь славяцца сваім добрасумленным стаўленнем да працы і працадаўцы ахвотна даюць ім месца працы, Худзяшоў заняўся вырабам падробленага пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Набыўшы падроблены пашпарт, а таксама пасведчанне кіроўцы на прозвішча Папчэня, Худзяшоў адправіўся шукаць працу ў Маскву, дзе неўзабаве і быў прыняты на працу ў якасці кіроўцы-экспедытара. Цяпер у ягоны план уваходзіла дачакацца загрузкі на грузавы аўтамабіль MAN з прычэпам рэнтабельнага грузу, выкрасці аўтамабіль з грузам і рэалізаваць усё выкрадзенае за межамі Расейскай Федэрацыі...»

Фальшывы беларус сваёй гадзіны дачакаўся. У красавіку ён атрымаў заданне загрузіць у Падольску MAN з прычэпам 1030 дзіцячымі трохколавымі роварамі і даставіць груз у Маскву. Мужчына разважыў, што гэта як раз той тавар, які напярэдадні летняга сезону можна лёгка рэалізаваць. І замест сталіцы РФ выехаў на трасу М-4 «Дон» і накіраваўся ў бок мяжы з Украінай.

Злодзей сцяміў адключыць сістэму ГЛОНАСС, якая выконвае функцыю маніторынгу маршруту і дазваляе адсочваць месцазнаходжанне грузавіка. Аднак аўтамабіль не знік з экрана «радара» працадаўцы, як разлічваў махляр. На аўтамабілі мелася дадатковая сістэма сачэння, пра якую Худзяшоў і не ведаў.

У матэрыялах крымінальнай справы паведамляецца: «Прыйшоўшы 18 красавіка 2014 на працу, пацярпелы (працадаўца) убачыў на маніторы, што Худзяшоў рухаецца ў несанкцыянаваным кірунку, пра што адразу ж паведаміў у органы паліцыі. Падсудны з выкрадзеным грузавым аўтамабілем і таварам быў затрыманы супрацоўнікамі ДПС, не паспеўшы даехаць да мяжы з Украінай 50 км».

Сапраўдная асоба затрыманага была ўстаноўленая падчас папярэдняга следства. Ягоныя дзеянні былі кваліфікаваныя як махлярства, учыненае ў асабліва вялікай суме. Агульны кошт грузавога аўтамабіля MAN, прычэпа і тавару склаў 160 тысяч даляраў. Уся выкрадзеная маёмасць была вернутая назад пацярпелай старане.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках