24 красавiка 2024, Серада, 0:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр Міхаіл Марыніч

49
Памёр Міхаіл Марыніч

Былы палітвязень, амбасадар і міністр памёр ва ўзросце 74 гадоў.

Пра гэта сайту charter97.org паведамілі блізкія нябожчыка.

Міхаіл Марыніч нарадзіўся 13 студзеня 1940 года ў вёсцы Старыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, Менскі інстытут замежных моваў, Менскую вышэйшую партыйную школу. Ганаровы доктар эканамічных навук. Працаваў у будаўніцтве 16 гадоў, у тым ліку, каля трох гадоў - у Афганістане. З 1990 да 1991 - мэр Менска, у 1990-1994 гадах - дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання. У 1994 годзе прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам у Чэхіі і па сумяшчальніцтве - у Славаччыне і Вугоршчыне. З 1994 да 1998 года - міністр замежнаэканамічных сувязяў Беларусі. У 1999-2001 гадах - Надзвычайны і Паўнамоцны пасол у Латвіі і па сумяшчальніцтву - у Эстоніі і Фінляндыі.

Ачоліў грамадзкую арганізацыю "Дзелавая ініцыятыва".

26 красавіка 2004 года Міхаіл Марыніч быў арыштаваны. Прычынай гэтага стала яго актыўная грамадская дзейнасць і ўдзел у кампаніі 2001 года. 30 снежня палітык быў прызнаны Менскім раённым судом вінаватым у завалоданні аргтэхнікай амбасады ЗША, перададзенай у бязвыплатнае карыстанне асацыяцыі "Дзелавая ініцыятыва", якую ён ачольваў. Праз паўтары месяцы калегія Менаблсуда палічыла магчымым знізіць тэрмін пазбаўлення волі Міхаіла Марыніча з 5 да 3,5 гадоў, улічваючы яго ранейшыя заслугі перад дзяржавай, сталы ўзрост і стан здароўя.

7 сакавіка Міхаіл Марыніч перанёс інсульт у Аршанскай калоніі ўзмоцненага рэжыму, дзе яму адмаўляліся перадаваць лекі. Толькі дзякуючы патрабаванням беларускай і міжнароднай грамадскасці, Марыніча перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь у Менску.

У падтрымку палітвязня тады выступілі кіраўнікі дзяржаў, прынамсі, прэзідэнт Францыі Жак Шырак і прэзідэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйберга, дэпутаты парламентаў многіх краін свету, Еўрапарламента, парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ. Патрабаванне вызваліць Міхаіла Марыніча ўтрымліваецца ў рэзалюцыі Еўрапейскага Парламента. Заявы з патрабаваннем неадкладна вызваліць зняволенага прымаў таксама Еўрапейскі Звяз і Дзярждэпартамэнт ЗША. Уплывовая праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала Міхаіла Марыніча вязнем сумлення. З турмы палітык выйшаў па амністыі ў красавіку 2008 года.

Міхаіл Марыніч падчас прэзідэнцкіх выбараў уваходзіў у ініцыятыўную групу Андрэя Саннікава.

Сайт charter97.org выказвае спачуванні родным і блізкім Міхаіла Марыніча.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках