2 траўня 2024, Чацвер, 7:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шалапутныя «сталкеры» незаконна пранікаюць на Чарнобыльскую АЭС

20
Шалапутныя «сталкеры» незаконна пранікаюць на Чарнобыльскую АЭС

Пранікненне ў забароненую зону стала гік-субкультурай і апантанасцю.

"Падлетак у чорна-зялёным ахоўным гарнітуры прыглушаным голасам гаворыць па-расейску. Справа ад яго ледзь віднеюцца ўтравелыя могілкі. Традыцыйныя ўкраінскія касцюмы вісяць на некалькіх крыжах. Белы бусел пралятае над галавой", - апавядае амерыканская журналістка і рэжысёр-дакументаліст Холі Морыс у артыкуле, надрукаваным у брытанскім выданні The Independent (пераклад - Инопресса.ру).

"Гэта, напэўна, могілкі", - кажа падлетак. "Ён трымае свой партатыўны лічыльнік Гейгера над кучай бруду, якая пакрывае радыеактыўную тэхніку; сігнал зашкальвае, паканікі імкліва растуць: 1.1.7, 1.1.8, 1.1.9.", - працягвае аповяд журналістка. "Узровень радыяцыі зашкальвае", - у голасе хлопца страх змешваецца з захапленнем. - "Ён адступае. Выспа чацвёртага рэактара Чарнобыльскай АЭС адмерае яго крокі", - піша Морыс.

У 1986 годзе, 26 красавіка, чацвёрты рэактар Чарнобыльскай АЭС выбухнуў, і пажар, які рушыў за гэтым выбухам доўжыўся дзесяць дзён, выкінуўшы ў прастору ў 400 разоў больш радыяцыі, чым бомба, скінутая на Хірасіму.

У той час як першае пакаленне ўкраінцаў, якое нарадзілася пасля чарнобыльскай трагедыі, дасягае паўналецця, невялікая моладзевая субкультура творыць неверагоднае, парушаючы ўрадавыя забароны і пранікаючы ў высокарадыяактыўную зону адчужэння - "мёртвую зону" - дзеля забавы. Гэтую групу высочвае і пераследуе паліцыя, таму яна не вельмі ахвотна ідзе на кантакт з журналістамі. Яе чальцы атрымліваюць асалоду ад забароны, знаходзяць сэнс у савецкіх абломках і адкрываюць новыя гарызонты віртуальнага запазычання. "Гэта – постапакаліптычны раман", - падае аўтарка каментар аднаго з маладых людзей.

Усяго за тры кіламетры ад рэактара - горад, пабудаваны калісьці для працаўнікоў АЭС, - Прыпяць. Сёння кінутыя кватэры ў гэтым радыёактыўным горадзе-прывідзе павольна руйнуюцца, з'яўляючыся маўклівым напамінам пра тыя 50 тысяч людзей, што пакінулі гэтае месца.

"Для "постапакаліптычных рамантыкаў", якія панадзіліся ўпотай пранікаць у зону, наведванне Прыпяці стала своеасаблівым "Святым Граалем", - распавядае журналістка. - Яны прыходзяць сюды з прычын, якія і самі не могуць цалкам растлумачыць".

Тых, хто ўпотай пранікае ў зону, сталі называць словам "сталкер". Яно ўпершыню з'явілася ў 1971 у навукова-фантастычным рамане братоў Стругацкіх "Пікнік ля абочыны", а таксама перавандравала ў фільм Андрэя Таркоўскага "Сталкер", зняты паводле кнігі праз восем гадоў. "Кніга і фільм сталі культавай класікай у гады, калі моц савецкай імперыі стала згасаць", - тлумачыць журналістка.

"Падлеткі падыходзяць да вёскі Рудня-Верасня, пасля таго як яны прашпацыравалі некалькі кіламетраў праз лес, - прадаўжае аўтар. - Гэта вёска ўнутры зоны, якую эвакуявалі, але не засыпалі, як гэта здарылася з многімі іншымі". "Гэта капсула з пасланнем да нашчадкаў, - падае аўтар словы аднаго з падлеткаў. - Калі вы хочаце ўбачыць, якой было жыццё ў СССР 30 гадоў таму, вы можаце адправіцца ў зону Чарнобыльскай АЭС".

У 2007 годзе легенда аб Сталкеры была пераведзеная на сучасны лад: каманда маладых украінскіх дызайнераў выпусціла відэагульню пад назвай STALKER, дзеянне якой разгортваецца ў зоне адчужэння ў Чарнобылі. "Было прададзена больш за 5 млн копій гульні, - паведамляе аўтарка артыкула. - З'явілася група яе прыхільнікаў, якія не захацелі здавольвацца адным толькі кампутарным сцэнаром. Каманды гульцоў сталі хаатычна экспэрыментаваць з пранікненнем у зону". Сёння ж пранікненне туды стала гік-субкультурай, а для кагосьці - апантанасцю.

Аварыя на атамнай станцыі, якую ў рэгіёне называюць проста "Трагедыя", магчыма, здаецца малазразумелай гісторыяй тым, каму сёння гадоў 20 або 30 з невялікім, але для іх бацькоў і дзядуляў з бабулямі яна застаецца адкрытай ранай.

"Пакаленне сталкераў вырасла, маючы недавер да ўрада і ўлады, які ўзнік першапачаткова ў перыяд СССР і перанесены імі ў постсавецкую эпоху з яе карупцыяй і эканамічнай нестабільнасцю, - піша Холі Морыс. - Іншым часта ўзгаданым культурным наступствам чарнобыльскай аварыі стаў паўсюдны фаталізм; распаўсюджаны комплекс ахвяры , які стварае адчуванне "адсутнасці кантролю над сваім будучым", як называе гэта амерыканскі прафесар радыялогіі Фрэд Мэтлер у дакладзе "Спадчына Чарнобыля". "Шэраг падлеткаў і маладых людзей, якія атрымалі невялікія ці малыя дозы радыеактыўнага выпраменьвання, адчуваюць, што ім нанесены непапраўная шкода, так што няма нічога дрэннага ў супрацьзаконным ужыванні наркатычных рэчываў і неабароненым сэксе", - адзначае прафесар.

"Сэкс, наркотыкі і радыяцыя: субкультура сталкераў можа быць растлумачаная як падлеткавае самавыяўленне пакалення, якому здаецца, што яму няма чаго губляць, - разважае аўтар. - Але для многіх сталкераў тое, што яны робяць, - відавочна нешта большае. З'явіліся інтэрнэт-супольнасці, дзе абменьваюцца інфармацыяй, падказкамі і парадамі датычна дарог, дзе няма паліцыі, а таксама праходаў, якія сталі занадта небяспечнымі, а таксама аб прыхаваных харчах".

"Сярод сталкераў, з якімі я сустракаюся, занепакоенасцю з нагоды рызык, якія ім пагражаюць, і ўвага да правіл радыяцыйнай бяспекі назіраюцца ў рознай ступені, - піша аўтарка. - Некаторыя выкарыстоўваюць лічыльнік радыяцыі, іншыя яму не давяраюць". Хтосьці клапоціцца пра тое, каб захапіць з сабой ваду, а хтосьці п'е з моцна забруджаных сажалак і рэк унутры зоны.

"У што вераць сталкеры? - задаецца пытаннем аўтарка. - У нябачнага ворага, які можа забіць іх гадоў у 50 ці 70? Не. У шпацыр па сваім мінулым на іх уласных умовах? Магчыма. У тое, каб даць выхад энэргіі і зрэалізаваць патэнцыял маладосці, нягледзячы на рызыку? Здаецца, так. Відавочна адно: для іх быць Сталкерам - гэта жыць тут і цяпер, пераадольваючы непадуладныя закону дзікія зялёныя прасторы і непраходнасць зоны, - што хоць на імгненне робіць іх гаспадарамі свайго лёсу".

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках