6 траўня 2024, панядзелак, 6:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

30 гадоў таму быў забіты ксёндз Ежы Папялушка

10
30 гадоў таму быў забіты ксёндз Ежы Папялушка

Духоўны апякун руху «Салідарнасць» быў забіты спецслужбамі камуністычнай Польшчы.

Ксёндз Ежы Папялушка з самага пачатку ваеннага становішча (з 17 студзеня 1982) служыў у касцёле Станіслава Косткі святыя імшы за Айчыну і за тых, хто за яе змагаецца. Тысячы людзей збіраліся, каб яго паслухаць. Ксёндз адважна казаў пра правы чалавека і абарону ідэалаў "Салідарнасці". Ён крытыкаваў камуністычныя ўлады, асуджаў гвалт і нянавісць.

Свабода, справядлівасць, праўда, пакутніцтва, асуджэнне гвалту і нянавісці былі тэмай ягоных разважанняў падчас астатняй ружанцовай малітвы. Гэтыя словы ксёндз Ежы Папялушка прамовіў у дзень свайго выкрадання 19 кастрычніка 1984:

«Свабода, якую атрымаў чалавек, з’яўляецца праявай ягонай значнасці й важнасці. Сапраўдная свабода з'яўляецца першай характэрнай рысай чалавецтва. Яна была ахвяраваная Богам не толькі нам, але і для нашых братоў. Таму ёсць абавязак нагадваць пра гэтую свабоду там, дзе яе несправядліва абмяжоўваюць. Але свабода з'яўляецца не толькі дарам ад Бога, але і нашай задачай на ўсё жыццё».

У адной з пропаведзяў падчас Імшы за Айчыну ксёндз Ежы сказаў, што спачувае людзям, якія служаць камуністычнаму рэжыму, бо сапраўднаю мэтаю гэтага рэжыму з’яўляецца барацьба з годнасцю чалавека:

«Калі казаць пра сябе, то я ніколі не адчуваў ні да каго нянавісці, таксама і да камунізму. Адзінае, што я адчуваў - гэта спачуванне тым, хто без сумневу служыць ідэалогіі, якая ставіць на мэце барацьбу з Богам, а на практыцы і з годнасцю чалавека».

13 кастрычніка 1984 года каля Гданьска была зладжаная аўтамабільная аварыя, каб забіць Ежы Папялушку, але яму ўдалося пазбегнуць гібелі. Альтэрнатыўным планам было ягонае выкраданне, якое было ўчыненае 19 кастрычніка 1984. У гэты дзень аўтамабіль Ежы Папялушкі быў спынены на шашы Варшава - Торунь трыма афіцэрамі Службы Бяспекі, адзін з якіх быў у форме супрацоўніка дарожнай міліцыі. Святар быў жорстка збіты. Затым ягонае цела кінулі ў вадасховішча ракі Віслы каля Влацлавека, дзе і было знойдзенае 30 кастрычнік 1984.

Навіна аб палітычным забойстве стала прычынай беспарадкаў ва ўсёй Польшчы, а забойцы і адзін з іх начальнікаў былі асуджаныя за злачынства. Больш за 250 000 чалавек, у тым ліку Лех Валенса, прысутнічалі на ягоным пахаванні 3 лістапада 1984 года.

Забойцамі Папялушкі былі трое міліцыянтаў: капітан Гжэгаж Піятроўскі (Grzegorz Piotrowski) і лейтэнанты Вальдэмар Хмялеўскі (Waldemar Chmielewski) і Лешэк Пенкала (Leszek Pękała). Яны паўсталі перад судом, на якім сцвярджалі, што дзейнічалі са сваёй ініцыятывы. Усе трое разам з іх начальнікам палкоўнікам Адамам Пятрушкам (Adam Pietruszka) былі асуджаныя на доўгія тэрміны, аднак Хмялеўскі і Пекан былі вызваленыя паводле амністыі праз пяць гадоў зняволення, а тэрмін Піятроўскага быў скарочаны з дваццаці пяці гадоў да пятнаццаці, ён вызваліўся ў 2001 годзе.

У 1997 годзе Рымская каталіцкая царква пачала працэс беатыфікацыі і ў 2008 годзе ён атрымаў статус Слугі Божага. 19 снежня 2009 Папа Бэнэдыкт XVI падпісаў дэкрэт аб прызнанні яго пакутнікам. 6 чэрвеня 2010 года ў Варшаве на плошчы Пілсудскага адбылася цырымонія беатыфікацыі Ежы Папялушкі. На гэтай падзеі прысутнічала ягоная маці Мар'яна Папялушка, якой днямі споўнілася 100 гадоў.

У 2009 годзе Папялушка пасмяротна становіцца кавалерам Ордэна Белага Арла.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках