6 траўня 2024, панядзелак, 1:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Бялкоўскі: Украіна - не канчатковая мэта Пуціна

22
Станіслаў Бялкоўскі: Украіна - не канчатковая мэта Пуціна

Тыя, хто думае, што прэзідэнт РФ пойдзе на саступкі, памыляецца.

17 кастрычніка ў Мілане стартаваў форум "Еўропа - Азія", падчас якога прайшлі шматбаковыя перамовы ў шырокім фармаце з удзелам прадстаўнікоў еўрапейскіх краін, а таксама прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Пасля гэтага прэзідэнты Украіны і Расеі сустрэліся сам-насам. З паведамленняў заходніх СМІ, Пуцін назваў размову з Парашэнкам "добрай і пазітыўнай", а вось прэзідэнт Украіны заявіў, што аптымізму ад сустрэчы ён не адчувае.

Не бачыць асаблівага прасоўвання ў стасунках Расеі ды Украіны паводле вынікаў гэтых сустрэч і расейскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі, да якога журналіст інтэрнэт-выдання gordonua.com звярнуўся па каментар.

- Станіслаў Аляксандравіч, як Вы ацэньваеце вынікі перамоваў у Мілане? Прэм'ер-міністр Італіі Матэа Рэнцо заявіў прэсе, што Расея будзе ўключаная ў працэс развязання міжнародных праблем. Пуцін дамогся ўсё ж свайго?

- Шчыра кажучы, ніякага прарыву я пакуль не бачу. Нават калі Матэа Рэнцо і сказаў няпраўду, і Пуціна ніхто ні ў якія працэсы ўключаць не збіраецца, заява прэм'ер-міністра Італіі - гэта абсалютна верны крок. Заходнія лідэры разумеюць, што ціснуць на Пуціна нельга. Ён не падпарадкоўваецца прамому ціску ніколі - няхай гэта будзе ціск людзей ці абставінаў. У дачыненні да яго можна выкарыстоўваць метад, які ў псіхіятрыі называецца эрыксанаўскім гіпнозам, калі з пацыентам трэба абыходзіцца толькі па-добраму, інакш выніку не будзе. Нельга казаць пацыенту, што ён дурань, трэба ўсяляк яго пераконваць у адваротным, але пры гэтым рабіць сваю справу. Бо Украіна - не канчатковая мэта Пуціна. Ён дамагаецца таго, каб выйсці на перамовы з ЗША і Еўропай у асноўных праблемах сучаснасці, а таксама прымусіць заходніх лідэраў успрымаць сябе ў якасці роўнага.

- Але ў Расеі ўжо і нафта таннее, і рубель падае, сур'ёзна працуюць заходнія санкцыі...

- Той, хто думае, што Расея пойдзе на саступкі ў пытаннях з Украінай праз тое, што падае кошт нафты, падае рубель, вельмі дрэнна разумее сутнасць псіхалогіі Пуціна. Ні на якія саступкі праз гэта ён не пойдзе. Падзенне рубля наогул разглядаецца ў Крамлі як добры знак, бо гэта нібыта дазваляе скараціць фактычныя выдаткі федэральнага бюджэту. Ну а тое, што пацерпіць насельніцтва Расеі, - дык народ у нас за шматвяковую гісторыю пакутаваць звык. Хоць у Крамлі мяркуюць, што людзі ніколі яшчэ не жылі гэтак сытна, як пры Пуціне.

- Парашэнка і Мэркель у Мілане зноў абмяркоўвалі патрэбу спынення агню на ўсходзе Украіны. Ад частых паўтораў і адсутнасці выніку гэтае словазлучэнне страчвае рэальны сэнс. Абстрэлы баявікамі гарадоў і пазіцый украінскага войска не спыняюцца ні на адзін дзень...

- Напярэдадні парламенцкіх выбараў Парашэнка зацікаўлены ў фармаванні ўяўленняў аб спыненні агню як аб сваім дасягненні. А Расея і не збіраецца агонь спыняць, таму што ёй патрэбен сталы асяродак дэстабілізацыі ва Украіне. Размовы, якія вядуцца вакол саміту аб тым, што Пуцін ледзь не на каленях прыпоўз у Мілан, адчувае сябе загнаным у кут, не адпавядаюць рэчаіснасці. Ён як раз адчувае сябе пераможцам, думаючы, што вельмі шмат чаго дасягнуў за апошні час. А калі б не збіты малайзійскі Boeing, дасягнуў бы таго ж самага, але значна хутчэй і больш эфектыўна. У яго ўяўленні, "ДНР" і "ЛНР" ужо сталі суб'ектамі перамоў, створаныя лініі размежавання мяжы тэрыторый, фактычна не падкантрольных Украіне, гэтым тэрыторыям заканадаўча нададзены асаблівы статус. Але самы галоўны ягоны поспех, вядома, - гэта тое, што адбылося 17 верасня ў Вашынгтоне, калі Барак Абама адмовіў Украіне ў статусе ключавога вайсковага хаўрусніка за рамкамі NATO. Таму Пуцін адчувае, што схапіў Бога за бараду. Ён ідзе ад перамогі да перамогі, у яго паданні.

- Як па-вашаму, закон аб адмысловым статусе акупаваных тэрыторый - гэта правільны крок украінскага ўрада?

- Гэта вялікая саступка Расеі, але я б не стаў крытыкаваць Парашэнку, бо гэтая саступка зробленая пасля сур'ёзнай паразы пад Ілавайскам і пад пагрозай далейшага прасоўвання расейскіх войскаў да Марыупаля. Ну а за ўсякую паразу трэба плаціць, тут ужо нічога не зробіш.

- На шматбаковых перамовах прынятая пастанова таксама і аб павелічэнні колькасці назіральнікаў АБСЕ на ўсходзе Украіны. Наколькі ім можна давяраць? Бо вядомыя выпадкі, калі назіральнікі АБСЕ даюць няслушную карціну падзей...

- У Пуціна ёсць вагары ціску на АБСЕ. Гэтая арганізацыя цалкам лаяльная да яго. Можна толькі меркаваць, на чым будуецца гэтая лаяльнасць, існуюць розныя версіі, у тым ліку аб тым, што Пуцін падкормлівае назіральнікаў. Акрамя таго, ёсць сталая пагроза іх бяспекі на тэрыторыях, падкантрольных "ДНР" і "ЛНР", - як бы незалежна ад Пуціна. "ДНР" і "ЛНР" часта выказваюць нейкую фармальную нязгоду з Масквой - праўда, менавіта тады, калі гэта трэба Маскве. Верхавод "ДНР" Захарчанка, да прыкладу, ужо сказаў, што не пусціць на сваю тэрыторыю АБСЕ. Ну а калі ў назіральнікаў няма гарантый бяспекі, то яны і назіраюць краем вока ці не назіраюць зусім.

- МЗС РФ блізка да сэрца ўспрыняў прыняты надоечы ва Украіне закон аб люстрацыі, прыраўняўшы яго да палітычных цкаванняў. Што вы на гэта скажаце?

- Гэты закон - абсалютна своечасовая і правільная мера, іншае пытанне - як ён будзе выконвацца напраўду. Ясна, што значная частка ўкраінскай эканамічнай і палітычнай эліты будзе змагацца з яго ўвасабленнем.

- У нашых перадвыбарных парламенцкіх спісах нямала старых імёнаў - людзей з каманды Януковіча. Ведаючы, як яны рвуцца да ўлады, можна рэальна асцерагацца таго, што ў парламент усё ж хто-небудзь з іх трапіць. Пуцін напэўна будзе імі дырыгаваць...

- Ну куды ж дзенешся ад старых асоб, калі новыя асобы як патэнцыйныя прадстаўнікі расейскамоўных рэгіёнаў не з'явіліся? Так, цалкам магчыма, што людзі, пра якіх вы кажаце, атрымаюць нейкую колькасць галасоў, але не столькі, як раней. Дзякуючы расейскай агрэсіі Украіна стала значна больш адзінай і згуртаванай. Гэта даведзена тым, што ва ўсіх рэгіёнах, якія бралі ўдзел у выбарах, Парашэнка заняў першае месца. У чыстым выглядзе няма больш кандыдатаў усходу і захаду. Не думаю, што ўкраінскія палітыкі, якімі б яны ні былі, зацікаўленыя ў кантролі з боку Пуціна. Ва Украіны ёсць значна больш цікавыя перспектывы, чым статус пуцінскага халуя. Уласна, таму ніякія элітныя групы ніколі і не імкнуліся ў Расею. На якіх бы прарасейскіх пазіцыях яны фармальна не стаялі, яны выдатна разумеюць сёння, што аўтарытарны пуцінскі капіталізм - гэта значна горш, чым украінская вольніца, нават карумпаваная і неарганізаваная. Вялікага ўплыву Пуціна на новы парламент я не дапускаю. Галоўным правадніком Пуціна ва Украіне быў і застаецца Віктар Медвядчук - яго ў парламенце няма, што да астатніх, нягледзячы на сімпатыі, наўрад ці хтосьці захоча добраахвотна падпарадкаваць сябе пуцінскай машыне ўлады.

- На вуліцах Данецка і Луганска вісяць плакаты з рэкламай "Апазіцыйнага блока", у які ўвайшлі прадстаўнікі Партыі рэгіёнаў, якая нібыта адмовілася ад удзелу ў парламенцкіх выбарах. Але больш відавочнага доваду іх сувязі з прарасейскімі тэрарыстамі прыдумаць цяжка. Бо ніякай іншай перадвыбарчай палітычнай рэкламы ў гэтых гарадах няма. Ды гэта было б і немагчыма - "ДНР" і "ЛНР" не прызнаюць ні выбары, ні ўкраінскую ўладу...

- У гэтым, з пункту гледжання "Апазіцыйнага блока", ёсць пэўны рацыя. Тым самым ён дэманструе, што Данецк і Луганск - гэта Украіна, што, дарэчы, супадае і з пазіцыяй Масквы, якая таксама думае, што Данецк і Луганск - гэта частка Украіны. Расея ж не анексавала Данецкі і Луганскі рэгіёны, не прызнае яна таксама і незалежнасці "ДНР" і "ЛНР". Расея толькі справакавала Парашэнку прыняць закон аб адмысловым статусе пасля катастрафічнай паразы пад Ілавайскам. Для Пуціна важна, каб гэтыя рэгіёны захаваліся ў складзе Украіны, і не толькі таму, што ён не збіраецца іх карміць, але і таму, што для яго гэта плацдарм для дэстабілізацыі Украіны ў кожны момант, калі яму гэтага захочацца. Бо калі Данецк і Луганск фармальна выйдуць са складу Украіны, ёй да гэтых рэгіёнаў не будзе ніякай справы, і тады з іх дапамогай яму будзе значна складаней Украіну шантажаваць.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках