3 траўня 2024, Пятніца, 2:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэзэрвы Банка Расеі дасягнулі мінімуму за чатыры гады

5
Рэзэрвы Банка Расеі дасягнулі мінімуму за чатыры гады

За першыя дзевяць месяцаў 2014 года міжнародныя рэзэрвы Банка Расеі скараціліся на $55,354 млрд.

Паводле звестак на 1 студзеня 2014 года сума рэзэрваў складала $509,594 млрд, аднак пад 1 кастрычніка яна скарацілася да $454,24 млрд. Гэта самы нізкі паказчык з 1 красавіка 2010 года, калі сума міжнародных рэзэрваў складала $447,442 млрд, піша РБК.

Пры гэтым за трэці квартал 2014 года сума міжнародных рэзэрваў ЦБ РФ скарацілася на $24 млрд, а за верасень - на $11 млрд.

Паводле звестак ЦБ, найбольш прыкметна скараціліся яго рэзэрвовыя актывы ў замежнай валюце, сума якіх упала за дзевяць месяцаў з $453 млрд да $396,5 млрд. Пры гэтым рэзэрвы гатовай валюты, а таксама сумы на адкрытых ЦБ валютных дэпазітах скараціліся на $ 9,2 млрд, у той жа час запасы манетарнага золата ў «скарбонках» ЦБ выраслі з 33,3 млн да 37 млн тройскіх унцый, коштам больш за $45 млрд.

Скарачэнне сумы міжнародных рэзэрваў Банка Расеі звязваецца з чынным правядзеннем ЦБ валютных інтэрвенцыі ў падтрымку курсу рубля. Увесну 2014 года ЦБ некалькі разоў прадаваў па некалькі мільярдаў даляраў за дзень, а 11 сакавіка было прададзена адразу $11,37 млрд. Пачынаючы з канца сакавіка ЦБ штодня прадаваў у сярэднім па $200 млн, а ў траўні 2014 года продаж валюты спыніўся.

У кастрычніку 2014 года (ужо за межамі справаздачнага перыяду) ЦБ зноў вымушаны быў пачаць продаж валюты. Паводле афіцыйна апублікаваных звестак, у кастрычніку 2014 года Банк Расеі прадаў падчас валютных інтэрвенцый $ 13,148 млрд, але гэтыя звесткі пакуль не ўключаюць звесткі аб сумах, выдаткаваных падчас таргоў у пятніцу, 17 кастрычніка.

13 кастрычніка 2014 года кіраўнік ЦБ РФ Эльвіра Набівуліна заявіла, што валюты ў ЦБ дастаткова, а таму абмяжоўваць абмен рублёў не плануецца.

«Свабода абмену застанецца, ніякіх абмежаванняў рэгулятар уводзіць не мерыцца. У банкавай сістэмы дастаткова гатовай валюты для таго, каб задаволіць усякі попыт, у тым ліку калі гэты попыт будзе падвышаны. Валюты выстарчыць», - заявіла Набівуліна.

Яна таксама крытычна адгукнулася аб прапановах штучна зафіксаваць курс рубля. Паводле ейных слоў, гэта прычыніцца да бессэнсоўнай растраты золатавалютных рэзэрваў краіны.

«Золатавалютныя рэзэрвы выдаткаваць за кароткі перыяд часу - гэта неэфэктыўна. А гэта менавіта плата за фіксацыю курсу», - сказала яна.

Раней дарадца прэзідэнта Расеі Сяргей Глазьеў заклікаў ЦБ РФ зафіксаваць курс рубля і ўтрымліваць яго на «разумным узроўні» на працягу бліжэйшых некалькіх гадоў. Паводле ягоных слоў, не спыніўшы падзенне курсу рубля, ЦБ не дасць рады інфляцыі, бо кошт не зніжаецца, калі расце курс. «Без стабілізацыі курсу знізіць інфляцыю практычна немагчыма», - адзначыў ён.

Былы міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын у сваім мікраблогу Twitter выказаў нязгоду з прапановай Глазьева зафіксаваць на некалькі гадоў курс рубля. «Сяргей Глазьеў не пакідае здзіўляць. Прапануе ўвесці фіксаваны курс рубля. З'явіцца чорны рынак валюты, выдаткуюцца золатавалютныя рэзэрвы, і забагацеюць спекулянты», - напісаў Кудрын.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках