З 1 студзеня былую ва ўжыванні іншамарку без сертыфікату не прыгоніш
39- 21.10.2014, 9:31
- 54,891
Патрабаванне новага тэхрэгламенту Мытнага саюза закране ўсе ўвазныя з Еўропы машыны старэйшыя за тры гады.
Дакумент увойдзе ў дзеянне з 1 студзеня 2015 года. Дарэчы, гэты рэгламент «Пра бяспеку колавых транспартных сродкаў» спецыяльная камісія Мытнага саюза зацвердзіла яшчэ ў канцы 2011 года, але сярод іншых важных дакументаў пра пошліны на многія тавары на яго асабліва не звярнулі ўвагу. На 465-ці старонках утрымліваюцца патрабаванні, якім павінен адпавядаць выпушчаны ў краінах МС або прывезены з-за межаў МС аўтамабіль, піша «Комсомольская правда в Беларуси».
- Для імпарцёраў і дылераў прынцыпова новага нічога няма, юрыдычныя асобы і раней афармлялі сертыфікаты на кожную мадэль аўтамабіля, што ўвозіцца ў Беларусь, - растлумачыў начальнік аддзела мытнага афармлення і сертыфікацыі «Атлант-М Фарцойгхандэль» Сяргей Пракопаў. - Але для прыватных асоб, якія збіраюцца самастойна прывезці былы ва ўжыванні аўтамабіль з-за мяжы, з 1 студзеня сітуацыя ўскладніцца.
Прасцей кажучы, на кожны былы ва ўжыванні аўтамабіль старэйшы за тры гады, які прыватнік прывязе з-за межаў краін МС, трэба будзе атрымаць «Пасведчанне аб бяспецы канструкцыі транспартнага сродку». Але як менавіта гэта зрабіць фізічнай асобе, а не фірме, пакуль не зразумела. Патрабаванне закране толькі тыя машыны, якія будуць увозіць пасля 1 студзеня 2015 года.
Са слоў спецыялістаў, самы просты варыянт прайсці сертыфікацыю - зрабіць завераную копію ў імпарцёра або прадстаўніка вытворцы, які працуе ў краіне.
- Спецыялісты сертыфікацыі паспяваюць зрабіць усю працэдуру за тыдзень, - распавёў Сяргей Пракопаў. - У простага чалавека гэта зойме больш часу. Але ёсць арганізацыі-пасярэднікі, якія аказваюць паслугі ў сертыфікацыі. Думаю, іх паслуга ў выдачы сертыфіката на іншамарку для прыватніка будзе каштаваць блізу мільёна рублёў.