24 красавiка 2024, Серада, 19:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БСДП (НГ) вылучае Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты

42
БСДП (НГ) вылучае Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты

Аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) вылучыў свайго лідара Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты.

Пра гэта «Беларускаму партызану» паведаміў генеральны сакратар партыі Сяргей Скрабец.

Выканаўчае бюро Народнай Грамады разгледзела пытанне аб далейшай стратэгіі партыі ў сувязі з тым, што яе выключылі з дэмакратычнай «сямёркі» (Партыя БНФ, АГП, БПЛ «Справядлівы свет», БХД, БСДП (Грамада), «Гавары праўду» і рух «За свабоду»). З пачатку вясны «сямёрка» спрабуе ўзгадніць працэдуру ў вылучэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл.

«Пару раз нас запрасілі на пасяджэнне, а потым Калякін і Вештард выказаліся супраць нашага ўдзелу ў пасяджэннях сямёркі. На апошнім пасяджэнні Калякін у даволі грубай форме выставіў нашага прадстаўніка першага намесніка старшыні народнай Грамады Арастовіча з пасяджэння», - адзначыў Сяргей Скрабец.

Ініцыятыву вылучыць Статкевіча адзіным кандыдатам агучылі лідар «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў і сустаршыня БХД Павел Севярынец, аднак спачатку сямёрка, а затым і заакіянскія спонсары адкінулі гэтую ініцыятыву.

Сам Мікалай Статкевіч ужо даў згоду на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2015 года.

Народная Грамада наважыла вылучыць Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты самастойна, рэгістраваць ініцыятыўную групу ў зборы подпісаў. Паколькі «сямёрка» не падтрымала кандыдатуру Мікалая Статкевіча, Народная Грамада спадзяецца на падтрымку Еўрапейскай кааліцыі.

«Існуе меркаванне, што праз вайну ва Украіне шлях Беларусі ў Еўропу зачынены. Аднак шанец патрапіць у аб'яднаную Еўропу ў нас застаецца, нягледзячы на вайну ва Украіне. Мікалай Статкевіч будзе выражаць спадзяванні людзей, якія хацелі б бачыць Беларусь у Еўропе», - падкрэсліў Сяргей Скрабец.

Аднак Народная Грамада не губляе надзеі ўбачыць Мікалая Статкевіча ў якасці адзінага кандыдата ад усёй апазіцыі. Калі адбудзецца Кангрэс дэмакратычных сіл у абранні адзінага, Сяргею Скрабцу даручана ўнесці кандыдатуру Статкевіча ў спіс для галасавання.

Вылучаючы Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты, Народная Грамада пераследуе некалькі мэтаў:

«Мэты вылучэння Мікалая Статкевіча «адзіным» кандыдатам ад Еўрапейскай кааліцыі і спосабы яе дасягнення.

1. Арганізацыйнае ўмацаванне дэмакратычных сіл і павышэнне іх аўтарытэту ў грамадстве.

Гэта мэта дасягаецца шляхам правядзення агітацыйна-арганізацыйнай кампаніі ў фарміраванні ініцыятыўнай групы ў вылучэнні М.Статкевіча кандыдатам на наступныя выбары прэзідэнта. Кампанія накіраваная на так званы «адукаваны» пласт, які з'яўляецца патэнцыйнай сацыяльнай базай пераменаў, і праводзіцца праз дэмакратычныя СМІ і Інтэрнэт з наступным правядзеннем арганізацыйных сустрэч. Кампанія апелюе да пачуцця годнасці людзей, абапіраецца на маральны прыклад і можа пачацца хоць заўтра.

2. Памяншэнне ўнутранай легітымнасьці рэжыму.

Мэта дасягаецца шляхам правядзення прапагандысцкай кампаніі з патрабаваннем вызвалення МС і допуску яго да ўдзелу ў выбарах. Накіраваная на шырокія пласты грамадства і праводзіцца, у тым ліку, з выкарыстаннем улётак, налепак і графіці. Да ўдзелу ў кампаніі прыцягваюцца чальцы ініцыятыўнай групы з наступным далучэннем (уцягваннем) іх у дэмакратычныя арганізацыі. Кампанія павінна даказаць несумленнасць выбараў, калі моцных кандыдатаў не дапускаюць да ўдзелу, незаконна ўтрымліваючы іх у турме, альбо забяспечыўшы судзімасць, а таксама, незаконнасць прэзідэнта, «абранага» на такіх выбарах.

3. Недапушчэнне міжнароднай легітымізацыі рэжыму.

Гэта мэта дасягаецца міжнароднай кампаніяй за вызваленне і рэабілітацыю палітвязняў і прапановай да міжнародных арганізацый не прызнаваць факту выбараў і не дасылаць на іх кароткатэрміновых назіральнікаў, калі ТС не будзе зарэгістраваны ў якасці кандыдата».

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках