27 красавiка 2024, Субота, 5:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Данецкі «Шахцёр» ехаў у Беларусь, а вярнуўся ў Савецкі Саюз

9
Данецкі «Шахцёр» ехаў у Беларусь, а вярнуўся ў Савецкі Саюз

Сёння на «Барысаў-Арэне» пройдзе трэці матч групавога этапу Лігі чэмпіёнаў паміж мясцовым БАТЭ і данецкім «Шахцёрам».

Два тыдні таму на гэтым жа стадыёне сустракаліся зборныя Беларусі і Украіны, і ў многіх прыхільнікаў дзвюх каманд засталіся не лепшыя ўражанні - міліцыянты беспадстаўна затрымалі каля паўсотні чалавек, 24 былі прысуджаныя да адміністрацыйных арыштаў і штрафаў. Ці не адбіла пільнасць сілавікоў ва ўкраінскіх фанатаў жадання спакушаць лёс у непрадказальнай Беларусі?

Праз ваенны канфлікт на паўднёвым усходзе Украіны «Шахцёр» эвакуяваўся з Данецка і цяпер кватаруе ў Кіеве. Пры гэтым хатнія сустрэчы каманда гуляе на «Львоў Арэне». Адтуль у нядзелю ўсім складам «гарнякі» і рушылі ў Менск, паведамляе «Радыё Свабода».

Паказальныя ўражанні ад сустрэчы з Беларуссю. Вось як прэс-служба «Шахцёра» перадае на клубным сайце першыя хвіліны на беларускай зямлі:

«Апісваць уражанні ад начнога, халоднага і мокрага горада - справа няўдзячная. Але некаторыя моманты адразу звярнулі на сябе ўвагу. Перш за ўсё, адчуванне, што вярнуўся ў Савецкі Саюз. Канчаткова яно замацавалася, калі кіроўца ў аўтобусе ўключыў радыё і адтуль панеслася: «У Светкі Сакаловай дзень нараджэння, ёй сёння 30 гадоў...». Наступныя песні былі таксама з рэпертуару дыскатэк 1990-х. Зрэшты, ёсць у гэтым свой каларыт - вярнуліся ў юнацтва...»

А сёння ў Беларусь пачнуць прыбываць групы падтрымкі ўкраінскай каманды. Як расказаў спецыяліст у працы з фанацкім рухам «Шахцёра» Дзяніс Сарокін, падобна, што на трыбунах у Барысаве чалавек 200 павінна быць дакладна:

«Так, заўзятары будуць. Трэба было б удакладніць што да рэалізацыі білетаў на сённяшні дзень, але ў продажы яны яшчэ былі. Таму дакладна сказаць не магу, але думаю, што чалавек 200 будзе, можа нават крыху больш. Мяркую, што праводзіць нейкія аналогіі з матчам зборных не варта. Але справа ў тым, што я не афіцыйны спікер клуба, і што тычыцца матчу, то даведкі лепш атрымаць у прэс-службе. Яны выдадуць максімальна карэктную, правільную інфармацыю, каб пазбегнуць розначытання».

Калі кіравацца досведам усё таго ж матчу нацыянальных зборных, няма нікай гарантыі, што ўкраінскіх фанатаў не пачнуць заварочваць яшчэ на пад'ездзе да Беларусі. 9 кастрычніка без тлумачэння прычыны на памежных пераходах былі затрыманыя дзясяткі аматараў футболу, многім паставілі ў пашпарты штамп «Уезд забаронены» на розныя тэрміны. Сведкам «фільтрацыі» нядобранадзейных стаў заўзятар Мікалай Каўтанюк:

«Я ехаў электрычкай з Ковеля. Спачатку да Забалацця, і ўжо адтуль - да Берасця. І бачыў, як здымалі хлопцаў. Памежнікі правяралі, глядзелі, потым пытаюцца - куды? Тыя кажуць, што на футбол. Тады іх паклікалі, вывелі з вагона, і потым яны ўжо не вярнуліся. Проста знялі з цягніка. Высветлілася, што іх яшчэ і ўнеслі ў нейкі «чорны спіс». Іншых пусцілі, але пару чалавек забракавалі. Цікава, што спачатку ніхто прама нават і не казаў - маўляў, едзем да Берасця. Памежнік не адступаў: а далей? Ну, далей - у Менск. Цёрся, муляўся, нарэшце кажа - на футбол. Высветлілася, што, напэўна, не трэба было гаварыць. Асабіста я не прызнаваўся, што еду на футбол. У мяне, вядома, і сімволіка была, і футболка, але ўсё ляжала ў заплечніку, ніхто не правяраў. А хлопцы спартовага выгляду да іх прычапіліся і знялі. Наогул у вагоне было чалавек 10, па якіх нават візуальна можна было вызначыць, што яны едуць на футбол».

Адзінае, што ў тым выпадку праз інтэрнэт задоўга анансавалася акцыя салідарнасці ультрас абедзвюх каманд, што ў рэшце рэшт і вылілася ў агульнае выкананне крыўднай песні пра Пуціна, пераклічкі паміж сектарамі - «Слава Украіне», «Героям слава!», «Жыве Беларусь!» і гэтак далей. Да матча і пасля яго заканчэння дзясяткі чалавек былі затрыманыя нібыта за хуліганства, 12 беларусаў і столькі ж украінцаў асудзілі, іншых пасля прафілактычных гутарак адпусцілі. Сёння палітычнага падтэксту нібыта не плануецца, таму і пазіцыя сілавікоў, можа, будзе не такой прынцыповай.

На гэты момант БАТЭ на адно ачко апярэджвае «Шахцёр»: у першым матчы выхаванцы Аляксандра Ярмаковіча разгромна прайгралі партугальскаму «Порту» (6:0), але на «Барысаў Арэне» рэабілітаваліся ў матчы з гішпанскім «Атлетыка» (2:1). «Гарнякі» дзве сустрэчы завяршылі ўнічыю і цяпер сур'ёзна наладжваюцца на першую перамогу.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках