26 красавiка 2024, Пятніца, 12:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Целаахоўніка Піначэта арыштавалі за выкраданні і катаванні людзей

3
Целаахоўніка Піначэта арыштавалі за выкраданні і катаванні людзей

Былы целаахоўнік чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта па імені Крысціян Лабэ арыштаваны.

Нягледзячы на адкрытую падтрымку, якую ён выказваў у дачыненні да Піначэта (ён быў адным з галоўных арганізатараў мітынгаў супраць зняволення дыктатара пад арышт у шпіталі ў 1998 годзе), ягоная палітычная кар'ера ад гэтага не пацярпела. У 1996 годзе ён быў абраны кіраўніком сталічнай камуны Правідэнс - і займаў гэты пост больш за 16 гадоў, пакінуўшы яго толькі ў 2012 годзе пасля пройгрышу на чарговых выбарах, піша NEWSru.com.

Паводле звестак следства, Крысціян Лабэ падазраецца ў датычнасці да выкраданняў, катаванняў і забойстваў грамадзянскіх асоб у час дыктатуры Піначэта 1973-1990 гадоў. Пасля звяржэння Піначэта целаахоўніку ўдалося даказаць, што ён не мае дачынення да злачынстваў рэжыму, так як у кола ягоных абавязкаў уваходзіла толькі ахова Піначэта і чальцоў ягонай сям'і. Гэта дазволіла Лабэ спакойна выбудоўваць палітычную кар'еру ў камуне, адначасна выказваючыся ў падтрымку палітыкі, якая праводзілася Піначэтам.

Усё пачало змяняцца толькі ў 2013 годзе, калі выйшла кніга вядомага чылійскага публіцыста Хаўера Рэбаледа "Узлёт крумкачоў", якая расказвае пра перыяд дыктатуры. Хоць сам Рэбаледа нарадзіўся ў 1976 годзе і падзенне Піначэта сустрэў 14-гадовым падлеткам, ён выдаткаваў шмат часу на наведванне "лагераў смерці" і сустрэчы з іх ахоўнікамі і ахвярамі, мемуары якіх складаюць асноўны матэрыял кнігі, якая прымушае па-новаму зірнуць на ролю Лабэ ў падзеях таго перыяду.

Паводле паказанняў мноства сведак з сумна вядомага лагера Tejas Verde, Лабэ сапраўды не прымаў асабістага ўдзелу ў катаваннях і пакараннях смерцю, але пры гэтым інструктаваў персанал лагера і наогул быў там за галоўнага - як асабліва набліжаная да Піначэта асоба. Асноўным сведкам абвінавачвання можа стаць навабранец Самуэль Энрыке, успаміны якога таксама прыводзяцца ва "Узлёце крумкачоў". Паводле ягоных слоў, Лабэ не толькі загадваў канцлагерам, але і стаяў ля вытокаў сакрэтнай паліцыі Піначэта, ахвярамі якой сталі больш за 3200 чылійцаў. Аднак адвакат арыштаванага Крысціян Эспеха працягвае настойваць на тым, што ўсе абвінавачванні выдуманыя, так як ягоны кліент не прымаў удзелу ў незаконных дзеяннях. "Уся ягоная віна ў тым, што ён у той час служыў у войску", - заявіў ён пасля арышту Лабэ.

Між тым арышт былога паплечніка Піначэта стаў яшчэ адным ударам па правай партыі Незалежнага Дэмакратычнага Саюза (НДП), чальцом якой з'яўляецца Лабэ, прытым што яна і без таго перажывае не лепшыя часы. Цяпер партыя знаходзіцца ў цэнтры карупцыйнага скандалу, які атрымаў назву "Пентагейт". Некалькі мэраў камун былі западозраны ў тым, што пры заключэнні кантракту з Penta Company на правядзенне рэкламных кампаній падатковыя дэкларацыі былі наўмысна складзены няправільна або сфальсіфікаваны. У выніку палітыкі ўступілі з кампаніяй у злачынную змову з мэтай утойвання падаткаў, што праследуецца паводле закона, паведамляе Chile News in English.

Фота: Global Look Press

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках