19 красавiка 2024, Пятніца, 15:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксей Мацука: сепаратыстам у Беларусі камфортна

41
Аляксей Мацука: сепаратыстам у Беларусі камфортна

Лідэры «ДНР» жывуць у рэзідэнцыі Лукашэнкі ў Заслаўі, заяўляюць данецкія журналісты.

Аляксей Мацука - галоўны рэдактар ​​інфармацыйнага агенцтва «Новости Донбасса» і заснавальнік «Громадського телебачення Донеччини». Сёння журналіст не можа жыць у Данецку - на ягонае жыццё некалькі разоў замахваліся, кватэру і машыну спрабавалі падпаліць. Калі працаваць у родным горадзе стала немагчыма, карэспандэнты агенцтва і канала сталі паведамляць аб тым, што адбываецца ў Славянску, Марыупалі і Кіеве.

У інтэрв'ю charter97.org Аляксей Мацука распавёў пра сітуацыю ў Данецкай вобласці, злачынствах якія ўчыняюцца прарасейскімі сепаратыстамі і жаўнерамі расейскага войска ў рэгіёне, а таксама пракаментаваў ролю беларускага дыктатара Лукашэнкі ў гэтым канфлікце.

- У Данецку цяпер я жыць не магу. Горад кантралюецца ўзброенымі баевікамі. Цяпер гэтая тэрыторыя - выпаленая зямля. Там кіруюць садызмам, нянавісцю, каласальным недаверам. Дзейнічаюць прарасейскія маргінальныя фашысцкія арганізацыі, якія раней хоць неяк кантралявала міліцыя, але цяпер, пры падтрымцы ўзброеных сіл Расейскай Федэрацыі, яны адчулі сябе гаспадарамі, - пачынае гутарку журналіст.

- Як вы ставіцеся да версіі, што сепаратызм на ўсходзе Украіны узгадоўваўся рускімі задоўга да вайны?

- Так і ёсць. Мы праводзілі расследавання на тэму, хто фінансаваў сепаратысцкія арганізацыі ў Данецкай вобласці. Раней сепаратыстаў на 80-90% падтрымлівалі органы мясцовага самакіравання. У нас ёсць неабвержныя доказы таго, што ў такіх маленькіх гарадах, як Горлаўка, Жданоўка або Харцызск існавала рэальная сувязь паміж сепаратысцкімі тэрарыстычнымі групоўкамі і гарадскімі саветамі.

Дзейнічалі адны і тыя ж дзяржаўныя служачыя, супрацоўнікі мясцовых органаў самакіравання. Падтрымліваліся яны ўладамі Расеі, то ёсць выступалі ў якасці падрадчыкаў.

Мы мяркуем, што гэтым планам шмат гадоў. Доўгі час праблема знаходзілася ў замарожаным стане і падымалася толькі ў патрэбны момант Партыяй рэгіёнаў і камуністамі, калі ім трэба было лабіраваць свае інтарэсы і патрабаваць саступак ад Кіева.

- Хто сёння ваюе на баку «ДНР» і «ЛНР», акрамя, вядома, салдат расейскага войска?

- Па звычцы мы называем іх сепаратыстамі, баявікамі, тэрарыстамі. Сінанімічны шэраг вялікі. Але ўсё ўпіраецца ў адзін вынік - гэта войскі Пуціна. Гэта сепаратысты плюс расейскае войска плюс фашысцкая ідэалогія. Я асабіста сутыкаўся ў Данецку і ​​Славянску з расейскімі жаўнерамі і наймітамі з Чачні.

Яны рэальна забіваюць людзей. Не толькі ўкраінскіх вайскоўцаў і добраахвотнікаў. Забіваюць мірнае насельніцтва за іншую пазіцыю, за патрыятызм, за вернасць Украіне.

Ёсць яшчэ адна катэгорыя людзей. Сын Януковіча, Аляксандр, падтрымліваў незаконную вуглездабычу на тэрыторыі Данецкай вобласці, і менавіта сёння з гэтых шахт ідзе асноўны трафік людзей у тэрарыстычныя арганізацыі. Тэрарыстычныя групоўкі «ДНР», «Наваросіі» ці батальён «Усход» з'яўляюцца для гэтых людзей новай крыніцай заробку.

Мы называем гэты раён «поясам рабства». Людзі там нідзе не маглі знайсці сабе працу, акрамя як заняцца незаконнай здабычай вугалю для сына Януковіча. Мы фіксавалі дзесяткі выпадкаў, калі падчас работ гэтыя людзі гублялі ногі ці рукі, але не маглі нікуды звярнуцца, каб ім кампенсавалі інваліднасць, паколькі не былі працаўладкаваныя афіцыйна. Калі скардзіліся, гаспадары шахт пагражалі людзям аж да забойстваў.

Гэтая была цэлая сістэма, пабудаваная рэжымам Януковіча на страху. Цяпер многія гэтыя шахты зачыненыя, але я яшчэ раз падкрэсліваю - тыя людзі, якія раней працавалі ў іх, вымушаны былі ісці ў «ДНР» для таго, каб неяк зарабляць грошы. Фактычна «ДНР» і нелегальныя шахты - гэта адно і тое ж.

Менавіта тэрыторыі, якія былі цэнтрам нелегальнай вуглездабычы, атрымалі сёння так званы асаблівы статус - ад Данецка і амаль да мяжы з Расеяй праз Снежнае.

- Як ўспрыняла наданне асаблівага статусу гэтай тэрыторыіпраўкраінскай часткай насельніцтва?

- Яны палічылі, што ім здрадзілі. Па сацапытанню за аддзяленне ад Украіны галасавалі не больш за 20% мясцовага насельніцтва. Пытанне: а дзе цяпер 80% прыхільнікаў Украіны? А яны вымушаныя альбо хавацца, або хаваць сваё меркаванне, альбо з'ехаць, альбо нейкім чынам пайсці на супрацоўніцтва, каб ацалець.

Тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласцей - гістарычна украінскія. Так, прызнаю, там ёсць свая спецыфіка. Але гэтая праблема ўзнікла, у асноўным, праз «Партыю рэгіёнаў» і іх сяброў камуністаў, якія рабілі ўсё, каб гэтыя вобласці менш за ўсё інтэграваліся ў жыццё Украіны.

Напрыклад, цягам многіх гадоў у данецкім абласным савеце былі дзве фракцыі - КПУ і ПР. Усе спробы дэмакратычных партый заваяваць электарат у гэтым рэгіёне нівеліравалася. Любое альтэрнатыўнае меркаванне паддавалася крытыцы і вынішчалася, ствараўся вобраз маргінальнасці.

Сёння наша задача - даць людзям падмурак, на які можна абаперціся, каб яны адчулі сябе больш абароненымі, зразумелі нарэшце, у чым жа розніца паміж тым, што прапануе Еўропа і тым, што навязвае Расея.

Еўропа прапануе свабодны рынак, свабодныя выбары, свабоду слова, празрыстасць прыняцця пастаноў. А што прапануе Расея? Пуціна, ягоных сяброў Лукашэнку і Януковіча, якія спарадзілі карупцыю, палітычных зняволеных, забойствы іншадумцаў і гэтак далей.

Які здаровы чалавек абярэ Расею? Думаю, адказ відавочны. Гэтую парадыгму, гэтую контрверсію і трэба людзям паказваць і казаць.

- Чаму Менск стаў перамоўнай пляцоўкай з тэрарыстамі?

- Беларусь сёння з'яўляецца апошняй апорай савецкага таталітарызму. І нічога дзіўнага, што сепаратысты паехалі на перамовы не ў Жэневу, не ў Варшаву, а менавіта ў Менск.

Беларуская тэрыторыя для іх камфортная. Лукашэнка можа забяспечыць бяспеку баявікоў. Што само па сабе павінна выклікаць здзіўленне. Баявік тэрарыстычнай групоўкі прыязджае ў замежную дзяржаву, і па-добраму спецслужбы павінны былі яго арыштаваць.

Але на самой справе, Лукашэнка - вялікі сябар «ДНР». Ну, а як па-іншаму можна назваць? Бо афіцыйных асоб у Менску не было. Грамадскіх арганізацый з Данбаса не было. Туды паехалі толькі тэрарысты.

Я ведаю, што сепаратысты жывуць у Менску за кошт беларускага бюджэту. Гэта значыць фактычна беларусы аплачваюць пражыванне ў рэзідэнцыі Лукашэнкі ў Заслаўі лідэра тэрарыстаў Пургіна, забяспечваюць пастаўкі для яго алкаголю і ежы, прыслугу і ўсё астатняе.

Пытанне да нашых уладаў, чаму яны звярнуліся па дапамогу да Лукашэнкі. Мы кожны дзень пытаем: чаму меркаванне грамадскіх арганізацый або аналітычных цэнтраў не ўлічваецца? Чаму б не правесці агульнанацыянальны дыялог для развязвання гэтай праблемы?

- Сёння Лукашэнка - папулярная асоба ва ўкраінскіх медыя. Падобна на тое, што ягонае меркаванне аб статусе Данецка і Луганска цікавіць журналістаў больш, чым пазіцыя заходніх палітыкаў.

- Мне асабіста сорамна ад таго, што Лукашэнка дагэтуль з'яўляецца прэзідэнтам краіны, якая і ментальна і геаграфічна з'яўляецца нашым сябрам і партнёрам.

Беларусь - сёння такое вялікае Прыднястроўе, шэрая зона, некантралюемая з пункту гледжання кантрабанды. Я думаю, што ні для каго не сакрэт, што Лукашэнка пастаўляе зброю краінам-ізгоям. Паходжанне ягоных мільярдаў - тэма вялікага міжнароднага расследавання.

Важна збіраць звесткі аб усіх злачынствах Лукашэнкі- потым гэта спатрэбіцца ў судзе. Нельга дапускаць, каб палітычная і грамадская ўвага да дыктатуры ў Беларусі слабела. Гэтага не павінны дапусціць ні міжнародныя арганізацыі, ні беларуская апазіцыя. Злачынствы Лукашэнкі не маюць тэрміну даўніны, і ён павінен быць пакараны за ўсё, што тварыў з беларускім народам, а ўсе ягоныя карупцыйныя схемы павінны быць раскрытыя.

Асабіста ў мяне веры да Лукашэнкі няма. Да нядаўняга часу ў Пуціна ў адной кішэні быў Лукашэнка, у другой - Януковіч. Пасля звяржэння апошняга ў кішэні ў расейскага кіраўніка застаецца беларускі дыктатар. У Пуціна мэта адна - марыянеткі-прэзідэнты ў суседніх дзяржавах.

- Сёння многія беларусы знаходзяцца пад уплывам пуцінскай і лукашэнкаўскай прапаганды. Словы «абы не было вайны» зноў здабылі надзвычайную актуальнасць.

- Украіна адмовілася быць марыянеткавай дзяржавай і сёння стаіць на шляху прагрэсу. Магчыма, кошт, які мы заплацілі, напалохаў людзей у Беларусі. Але казаць «абы мір і ўсё роўна з кім», значыць, падыгрываць Лукашэнку.

Думаю, людзі не ўсведамляюць, што гэты тэзіс з'яўляецца спараджэннем PR-тэхналогій, замоўленых самім дыктатарам. Відавочна гэтыя заклінанні распаўсюджваюцца ў вас сёння ўсюды: шэпчуць суседзі, калегі на працы, кажуць у грамадскім транспарце, пішуць у сацыяльных сетках і г.д. У інфармацыйнай прасторы запускаюцца патрэбныя ўладам мэсэджы.

- Якіх крокаў вы чакаеце ад новых уладаў Украіны ў замежнай палітыцы?

- Украінскія палітыкі павінны быць прынцыповымі ў сваіх выказваннях і дзеяннях. Таму што аснова іх улады - гэта ўкраінцы.

Вядома, сёння мы павінны перамагчы на ўсходзе Украіны. Але нельга забываць і пра замежны «фронт». Мы павінны дапамагчы беларусам вызваліць краіну ад дыктатуры. Павінны дапамагаць вашым дэмакратычным сілам, незалежным журналістам, грамадзянскай супольнасці. Усё-такі Беларусь - гэта не адзін Лукашэнка. Гэта шматмільённая краіна, дзе кожны чалавек індывідуальны і мае права на лепшае жыццё.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках