29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Gazeta Wyborcza: Пуцін частуе суседзяў кавалкамі Украіны

4
Gazeta Wyborcza: Пуцін частуе суседзяў кавалкамі Украіны

Геапалітыка Усходняй і Цэнтральнай Еўропы будуецца цяпер на пытаннях і здагадках.

Зняпраўджванні маршалка Сейма Польшчы Радаслава Сікорскага (Radosław Sikorski) былі непераканаўчымі: мяне падвяла памяць, Уладзімір Пуцін не казаў Дональду Туску (Donald Tusk), што Украіна - штучная дзяржава, і што можна яе анэксаваць, усё гэта недастатковае разуменне, піша польскае выданне Gazeta Wyborcza (пераклад - Иносми.ру).

Гэта выглядала, як сцэна з дрэннага гангстэрскага фільма: «прыношу шчырыя прабачэнні, спадар Аль Капоне не пагражаў мне пісталетам, мне здалося».

Зняпраўджванні Сікорскага гучаць тым менш пераканаўча, што ўжо загаварылі іншыя сведкі, якія бачылі спадара Капоне ў дзеянні і гатовыя ручацца, што ў яго ёсць схільнасць да размахвання пісталетам, і што яму нават здаралася пускаць яго ў ход. У Чачні, у Грузіі, у Крыме. Мільярды сведак на ўсёй планеце Зямля бачылі гэта па тэлевізіі.

Відавочцы нагадваюць таксама, што спадар Капоне размахваў пісталетам на закрытым саміце NАТO. Іншыя ўспамінаюць пра тое, што ён пагражаў, быццам у два тыдні можа дайсці да Рыгі, Вільні, Таліна, Варшавы і Бухарэста. Трэція задаюцца пытаннем аб прычынах загадкавай перамены, якая адбылася з прэзідэнтам Пятром Парашэнкам, які спачатку цвёрда адстойваў цэласнасць сваёй дзяржавы, а пасля званка спадара Капоне раптам памякчэў і пачаў на ўсё згаджацца. Што ж такое яму сказаў спадар Капоне?

Будзем разглядаць зняпраўджванні Сікорскага зробленымі пад ціскам і не годнымі даверу і будзем адштурхоўвацца ад таго, што праўдзівым было першае паведамленне: Крэмль выношвае благія намеры ў дачыненні да Украіны і ахвотна кінуў бы палякам костку ў выглядзе Львова. Каб мець супольніка ў злачынстве і апраўданне перад светам: не толькі мы ўважаем Украіну за штучнае ўтварэнне, палякі таксама.

А Вугоршчына? Ці не абяцаў выпадкова спадар Капоне чаго-небудзь вугорцам, дзяржава якіх калісьці ўключала тэрыторыю цяперашняй Закарпацкай Украіны? Там да гэтага часу жыве вугорская меншасць, а Віктар Орбан (Viktor Orbán) стаў пагаворваць, што яна заслугоўвае аўтаноміі. Цікава, што пералічваючы сталіцы, якія знаходзяцца пад пагрозай, крамлёўскі лідар не згадаў пра Будапешт. Выпадковасць, промах?

Працягнем пытанні: чаго Віктар Орбан, некалі люты апанент Масквы, а цяпер кіраўнік дзяржавы-чальца Еўразвязу, так радыкальна змяніў курс і пачаў гуляць з Крамлём за адну каманду? Каментатары тлумачаць гэта залежнасцю ад паставак энэргарэсурсаў, але гэта гучыць не занадта пераканаўча. Няўзброеным вокам відаць, што кошт палітычных страт і набыткаў складаецца не на карысць Будапешта.

Магчыма, мы не ўсе ведаем і не ўлічваем нейкіх важных плюсаў, якія змясціў у свае разлікі Орбан. Вугорскі прэм'ер-міністр марыць застацца ў гісторыі ў ролі выратавальніка краіны, ён ведае, што суайчыннікі даруюць яму братанне з Масквой і здраду дэмакратычных ідэалаў маладосці, калі кампенсацыяй за гэта будзе вяртанне хоць бы часткі гістарычных тэрыторый, страчаных пасля Першай сусветнай вайны. Трыананская дамова 1920 пазбавіла Вугоршчыну дзвюх трацін яе зямель - гэта самая вялікая траўма гэтага народа ў XX стагоддзі.

Варта было б даведацца, пра што яны там гаварылі ў цішы кабінетаў лідары Расеі і Вугоршчыны. І ці не гэта стала прычынай, паводле якой ЗША ўвялі санкцыі супраць шасці чалавек з шэрагаў вугорскага палітыка-эканамічнага істэблішменту? Гэта беспрэцэдэнтны крок у дачыненнях паміж дзяржавамі-хаўруснікамі. Магчыма, Вашынгтон задаў сабе вышэйпералічаныя пытанні і падаў Будапешту папераджальны сігнал?

Геапалітыка Усходняй і Цэнтральнай Еўропы будуецца цяпер на пытаннях і здагадках. Дакладных адказаў і доказаў няма. Аднак гэтыя здагадкі складаюцца ў трывожна суцэльную карціну.

Фота: AP

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках