СБУ пад Кіевам затрымала генерала ФСБ
17- 24.10.2014, 12:57
- 29,311
Цяпер грамадзянін РФ дае паказанні ўкраінскім праваахоўнікам.
Кіраўнік Службы бяспекі Украіны Валянцін Налівайчанка заявіў, што затрыманы грамадзянін РФ, які арганізоўваў і каардынаваў так званыя пратэсты вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі Украіны каля адміністрацыі прэзідэнта, піша «Интерфакс-Украина».
«Гэты грамадзянін РФ з’яўляецца генералам ФСБ, ягонае прозвішча Грычышкін, у яго ёсць пасведчанне намесніка галоўнага рэдактара «Российские новости», памочніка дэпутата Дзярждумы. Ён не проста затрыманы, мы гаворым пра тое, што менавіта гэты лялькавод, пражываючы апошні месяц у Кіеўскай вобласці, арганізоўваў і каардынаваў такія правапарушэнні: правакацыі ў інспіраванні так званых пратэстных акцый Нацгвардыі каля адміністрацыі прэзідэнта», - распавёў ён на брыфінгу ў пятніцу ў Кіеве.
Са слоў кіраўніка СБУ, зараз гэты грамадзянін РФ дае паказанні ўкраінскім праваахоўнікам.
Акрамя таго, паводле звестак СБУ, менавіта гэты чалавек арганізоўваў вываз цел загінулых грамадзян РФ з тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама непасрэдна кантактаваў з тэрарыстамі.
Як паведамлялася, вайскоўцы-гвардзейцы тэрміновай службы з Кіеўскай вобласці (прадстаўнікі вайсковых часцей №№ 3027, 3030, 3066) 13 кастрычніка правялі акцыю ў Кіеве на вул Банкавая каля адміністрацыі прэзідэнта з патрабаваннем дэмабілізацыі.
Пракуратура Цэнтральнага рэгіёну Украіны праводзіць расследаванне паводле факту бяздзейнасці камандзіраў асобных вайсковых частак Нацгвардыі Украіны што да забароны вайскоўцам у арганізацыі страйку.
Галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Матыёс паведаміў, што з наяўнай у праваахоўных органах інфармацыі вайскоўцаў Нацгвардыі заклікалі пратэставаць пад адміністрацыяй прэзідэнта ў сацыяльных сетках з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі.