20 красавiка 2024, Субота, 7:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто гаспадар на імперскім базары?

5
Хто гаспадар на імперскім базары?

Генералы – народ змрочны, непрадказальны.

Здараецца, прайграюць лёсавызначальныя бітвы. А ў мірны час могуць сапсаваць безнадзейна ідылічны краявід. Таму абачлівыя лідары стабільных дзяржаў імкнуцца іх трымаць недзе на другім плане. Каб на усялякі выпадак былі пад рукой. Але з глыбакадумнымі выказваннямі не спяшаліся.

На мінулым тыдні так цудоўна ўсё зладзілася ў Мінску. З’ехаліся першыя асобы постсавецкай прасторы. Трэба ж прадэманстраваць усяму свету чарговы раунд інтэграцыйных абдымкаў. Высокі ўзровень прадстаўніцтва вызначыў і характар сустрэчы. Атрымаўся такі арыстакратычны саміт з элементамі прывакзальнага рынку. Попытам карыстаўся толькі адзін тавар – чужая незалежнасць.

У выніку высокай сустрэчы мытны звяз амаль сышоў у нябыт. А замест яго нарадзілася новае ўтварэнне. З наступнага году расквітнее і ўвойдзе ў сілу Еўраазіяцкі эканамічны саюз. Беларусь, Казахстан і Расія зноў разам. Іншыя нашчадкі былых савецкіх рэспублік пакуль яшчэ стаяць у чарзе па шчасце. Як бы там ні было, імперыя паціху адраджаецца.

Вядома, не ўсё ішло так бездакорна. Журналісты паспяшаліся паведаміць, што кіраўнікі Малдовы і Расіі ледзь не пабіліся. А тут яшчэ правіцель тутэйшы раптам заўпарціўся і пачаў адкрыта дэманстраваць, хто тут насамрэч галоўны. Запатрабаваў ад Масквы мільярд даляраў. А калі не дадуць, то ягоны звышпрынцыповы «парламент» дамову не ратыфікуе. І што здзівіла журналістаў болей, чым магчымасць бойкі на высокім узроўні, Пуцін з нахабным патрабаваннем адразу пагадзіўся. Безумоўная капітуляцыя Масквы перад Драздамі.

Усе былі ў захапленні, асабліва электарат. Гэта ж які гаспадар! Грошы робіць з нічога. З самога Пуціна вытрас мільярд. Заставалася хіба што фанфарам грымнуць на ўсю моц. І распачаць тым самым урачысты летапіс перадвыбарчых перамог і бліскучых дасягненняў незаменнага кіраўніка і саматужнага палітыка.

Але тут на бясхмарным даляглядзе з’явіўся генерал. Віктар Бондараў, камандуючы паветранымі сіламі Расійскай Федэрацыі. Прыехаўшы з чарговай інспекцыяй у Казань, ён паспяшаўся падзяліцца з падначаленымі гарачай навіной: ствараецца яшчэ адна авіябаза. Не на сваёй тэрыторыі. Расія вяртае сабе стратэгічны аэрадром у Бабруйску. І што характэрна, тэхнічнае заданне на рэканструкцыю аб’екта ўжо ёсць. Такі час - марудзіць нельга.

Пакуль што туды перакінуць знішчальнікі СУ-27. Аднак вайскоўцы ведаюць добра, чаго каштуе гэтае «пакуль што». Варта толькі замацавацца на новым рубяжы. А там!..

Вось так бясслаўна лопнула мыльная бурбалка пра нечаканы мільярд. Ніякая гэта не здабыча. Проста аплата чарговага кроку імперскай акупацыі. Да таго ж – нікчымная. Незалежнасць Беларусі на імперскім рынку прадаецца за капейкі. Нібы пучок цыбулі на Камароўцы. І гэта не прыкры выпадак. Гэта палітыка тутэйшага кіраўніцтва.

На прэс-канферэнцыі, якую зладзіў правіцель для расійскіх правінцыйных журналістаў, ён у парыве раптоўнай шчырасці зрабіў проста сенсацыйнае прызнанне. «У нас единое оборонное пространство. У нас, если хотите, единая армия, основу которой на нашем направлении составляет белорусская армия».

Вось і ўсё. Вызначана стратэгія. Войска нібыта незалежнай дзяржавы зведзена да ўзроўню незабыўнай Беларускай акругі. Нашы афіцэры і салдаты – усяго толькі частка расійскага войска.

Гэты этап мы праходзілі. І чым тое скончылася, памятаюць усе. Чужое войска ўвесці ў краіну вельмі проста. Развітацца з ім потым бывае немагчыма. Тым больш, калі размова ідзе пра тыя ўзброеныя сілы, якія ўсяму свету прадэманстравалі сваю сутнасць. Адабралі і далучылі да Расіі Крым. Падпалілі на доўгі час усход Украіны. Дзівосны саюзнік. Надзейны абаронца. Ад каго яны наважыліся цяпер бараніць беларусаў?

Ну як жа! У тым глыбокадумным роздуме пра лёс народаў свету, якім так уразіў працаўнікоў расійскіх насценных газет і баявых лісткоў тутэйшы правіцель, ён даў і вычарпальны адказ на няпростае пытанне пра знешнія пагрозы. «Не дай бог, произойдёт столкновение в Беларуси, если это, не дай бог, НАТО позволит это себе, наша армия начинает боевые действия. И при этом, у нас расписано, какие части из России подключатся к конфликту».

Вялікі стратэг жыве сёння ў Драздах. Заклятага ворага краіны вызначыў адразу і беспамылкова. Гэта ўсё тое ж НАТА, з якім збіралася змагацца яшчэ Чырвонасцяжная Беларуская ваенная акруга. І хто там сцвярджаў, нібыта немагчыма ў адну раку ўвайсці двойчы? Масква загадае – увойдуць не аднойчы.

А заблытанае пытанне пра тое, хто галоўны ў супольнасці ваяўніых аднадумцаў, вырашылася раптам адназначна. І чэлядзь хвалявалася, што будзе ў тым еўраазіяцкім утварэнні. І крыку было шмат. І гарачыя воплескі не аднойчы пераходзілі ў бурныя авацыі. Але па сутнасці ў імперскім раскладзе нічога не змянілася. Па ярлык на чарговы тэрмін кіравання ўсё ж давядзецца ехаць у арду.

Нягледзячы на вытанчаны фокус з халяўным мільярдам.

Уладзімер Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках