Лукашэнка з Колем схадзілі ў мячэць
30- 30.10.2014, 10:27
- 27,044
Дыктатар з малодшым сынам Мікалаем наведалі Вялікую мячэць імя шэйха Заіда - галоўную славутасць Абу-Дабі.
Там у адной з заляў знаходзіцца тварэнне, стваральнік якога папрацаваў і для Палаца незалежнасці ў Менску, піша «Салiдарнасць».
Мячэць названая ў гонар шэйха Заіда ібн Султана ан-Нахаяна - заснавальніка і першага прэзідэнта ААЭ (побач ён пахаваны). Яна была афіцыйна адкрытая ў месяц Рамадан ў 2007 годзе, і ў яе пускаюць усіх жадаючых, уключаючы турыстаў. Уваход і экскурсіі бясплатныя.
Адной з уражлівых славутасцяў будынка з'яўляецца галоўная жырандоля з сусальнага золата, якая да 2010 года заставалася самай вялікай у свеце (10 метраў у дыяметры, 15 метраў у вышыню, вагой блізу 12 тон).
Гэта тварэнне знакамітай нямецкай фабрыкі Faustig, якая вырабляе адны з самых дарагіх вырабаў у свеце.
Для новай рэзідэнцыі Лукашэнкі таксама былі замоўленыя залатыя жырандолі. Планавалася, што люксовые вырабы фабрыкі будуць створаны спецыяльна для гэтага будынка. Падобныя спецзаказы, з якімі раней звярталіся да графа Фаусціка, абыходзіліся ягоным кліентам у сотні тысяч еўра.
І хоць на адной з прэс-канферэнцый Лукашэнка сцвярджаў, што ўсе жырандолі ў Палацы зробленыя рукамі беларускіх майстроў, крыніцы і фатаграфіі паказваюць на адваротнае.
Больш за тое, на афіцыйным сайце кампаніі Faustig Беларусь указана ў раздзеле «Афіцыйныя будынкі» («Congress Center, Minsk»). Сярод краін-заказніцаў таксама значацца Швейцарыя, ААЭ, Расея.
Нагадаем, Лукашэнка з 25 кастрычніка здзяйсняе працоўны візіт, сумешчаны з адпачынкам, у ААЭ.