27 красавiка 2024, Субота, 6:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейцы скупляюць кватэры ў Менску дзеля паездак на выходныя

11
Расейцы скупляюць кватэры ў Менску дзеля паездак на выходныя

Беларуская сталіца заняла першае месца сярод 50 еўрапейскіх гарадоў, якія расейцам раяць наведаць у лістападзе.

Наперадзе ў суседзяў доўгія выходныя. У гонар Дня народнага адзінства ў Расеі будуць непрацоўнымі аж чатыры дні - 1 - 4 лістапада. Так што чакаем прыезду ў Менск дарагіх гасцей: наша сталіца ўсё больш папулярная у суседзяў. Расейскі турыстычны партал travel.ru і зусім назваў Менск нумарам адзін 50-ці еўрапейскіх гарадоў, куды варта паехаць на святы, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Галоўным аргументам стала невялікая сума, якую прыйдзецца выдаткаваць на аднаго чалавека. Паводле падлікаў партала, суткі ў Менску з пражываннем у недарагім гатэлі, харчаваннем, экскурсіяй, праязным і паходам у самы папулярны музей абыйдзецца турыстам усяго ў 40 еўра. Паводле гэтых паказчыкаў Менск абагнаў Піцер і Бухарэст (2-е і 3-е месца рэйтынгу).

Журналісты наважылі даведацца, дзе ў Менску жывуць расейскія турысты, куды ходзяць і што вязуць на памяць.

- Так, з 1 да 4 лістапада амаль усе нумары забранявалі расейцы, - распавялі ў гасцініцы «Спадарожнік». - Яны ў нас і так самыя частыя госці, але мы ўжо адчулі ўсплёск цікавасці да выходных.

Пакуль адны расейцы імкнуцца загадзя забраняваць нумар у недарагіх гасцініцах, коштам ад 540 тысяч да мільёна з хвосцікам за суткі, то іншым для камфортнага адпачынку патрэбна vip-кватэра за некалькі сотняў даляраў. Трэцяя ж катэгорыя, каб адпачываць без праблем, папросту купляе ў Менску нерухомасць.

- Для расейцаў, асабліва з Масквы і Піцера, купля аднапакаёвай кватэры за 100 тысяч даляраў у Менску - не праблема. Засяляюцца, калі прыязджаюць сюды на выходныя. У астатні час кватэры пустуюць, іх нават не здаюць. Ёсць статыстыка, што кожную дзясятую кватэру ў Менску купляюць расейцы, - распавялі ў агенцтве нерухомасці «Твая сталіца».

З абавязковых забаў: праменад па праспекце Незалежнасці, экскурсіі па гістарычнай частцы горада і паход у Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Любяць расейскія госці і шопінг.

- Падчас вялікіх выходных за кошт расейскіх турыстаў выручка павышаецца ў разы, - кажуць у ЦУМе. - Бяруць касметыку, сувеніры, бялізну, асабліва льняную, прадукты - малочныя і мяса. Часам скупляюць скрынямі! Пакідаюць у касах прыстойныя сумы.

Ёсць і яшчэ адна спакуса - казіно. У Расеі прыкрылі ігральны бізнэс, і спецыяльныя паездкі ў Менск, якія называюць джанкет-турамі, становяцца ўсё больш папулярнымі. Кошт аднаго такога тура - ад 3,5 да 50 тысяч даляраў.

Так што на справе выходзіць, што ў Менску расейскім турыстам давядзецца пакінуць значна больш чым 40 еўра.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках