19 траўня 2024, Нядзеля, 3:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Краіны ЕЗ хочуць узмацніць кантроль на мяжы

2
Краіны ЕЗ хочуць узмацніць кантроль на мяжы

Восем краін Еўрапейскага звязу выступілі за ўзмацненне памежнага кантролю ў Еўропе.

Пра гэта са спасылкай на канфідэнцыйны дакумэнт піша брытанская газэта Daily Telegraph, паведамляе Lenta.ru.

Паводле інфармацыі выдання, пытанне аб актывізацыі памежнага кантролю ў Еўропе будзе вынесенае на разгляд кіраўнікоў МУС краін ЕЗ, якое адбудзецца на наступным тыдні. Восем краін уніі (Вялікабрытанія, Бэльгія, Данія, Францыя, Нямеччына, Польшча, Гішпанія і Нідэрланды) выступаюць за ўзмацненне памежнага кантролю ў Еўразвязе.

Асцярогі еўрапейскіх чыноўнікаў звязаныя з джыхадыстамі-еўрапейцамі, якія вяртаюцца ў Стары Свет з Сірыі і Іраку. Паводле ацэнак еўрапейскіх уладаў, блізу 3000 «замежных ваеўнікоў» могуць вольна перасоўвацца ў ЕЗ дзякуючы свабодзе руху. Правілы дазваляюць ім вярнуцца ў Еўропу, не праходзячы памежных праверак.

«Учыніць тэракт у Еўразвязе гэтым людзям - пытанне часу. Урады ў жаху», - заявіў Daily Telegraph на ўмовах ананімнасці еўрапейскі дыпламат, камэнтуючы шасцістаронкавы дакумэнт, які прадугледжвае ўзмацненне праверак.

«Дзякуючы адсутнасці праверак для грамадзян еўрапейскіх краін, адсутнасці доўгага захоўвання спісу пасажыраў на ўнутрыеўрапейскіх рэйсах Еўразвяз стаў месцам, дзе патэнцыйныя тэрарысты знікаюць з поля зроку», - дадаў дыпламат.

Як здолела высветліць выданне, прапановы, якія будуць вынесеныя на абмеркаванне, уключаюць аднаўленне выбаркавых праверак на межах, а ў доўгатэрміновай пэрспэктыве - перапрацоўку правілаў перасячэння меж у Шэнгенскай зоне, уключаючы праверку дакумэнтаў нават для грамадзян Еўразвязу.

Тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» (ІД), якая мае сувязі з «Аль-Кайдай», некалькі месяцаў таму актывізавала сваю дзейнасць у Іраку і Сірыі. Скарыстаўшыся незадаволенасцю ірацкіх сунітаў палітыкай Багдаду, ІД разгарнула масаваны наступ на паўночныя і паўночна-заходнія правінцыі Ірака і захапіла шырокія абшары, дзе абвясціла аб стварэнні так званага ісламскага халіфата.

ЗША, якія ўзначальваюць міжнародную кааліцыю супраць ісламістаў, вядуць бамбаванні ірацкай тэрыторыі, якая знаходзіцца пад кантролем ІД з сярэдзіны жніўня, а першыя ўдары па Сірыі былі нанесеныя 23 верасня. 26 верасня Пэнтагон выступіў за пераход да наземнай аперацыі ў Іраку і Сірыі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках