19 траўня 2024, Нядзеля, 6:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія праваабаронцы ладзяць «Тыдзень супраць смяротнага пакарання»

11
Беларускія праваабаронцы ладзяць «Тыдзень супраць смяротнага пакарання»

Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі праводзіцца пад лозунгам «Смяротнае пакаранне - гэта забойства».

Акцыю адкрые ўвечары 5 кастрычніка выстава плакатаў «Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання» беларускага мастака з Вільні Алега Аблажэя ў офісе выдавецтва «Галіяфы», піша БелаПАН.

У рамках выставы таксама будуць прадэманстраваныя работы з маштабнага праекта Death Is Not Justice, перададзеныя для экспанавання ў беларускай сталіцы Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання.

7 кастрычніка там жа адбудзецца адкрыццё выставы работ фотажурналіста Сяргея Балая, якія прысвечаныя матулям расстраляных і асуджаных на смяротнае пакаранне.

8 кастрычніка ў галерэі «Ў» з публічнай лекцыяй выступіць старшыня камітэта замежных справаў парламента Чэхіі, былы міністр замежных спраў Карэл Шварцэнбэрг.

Адкрытая лекцыя заснавальніцы арганізацыі «Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў» (Узбекістан), праваабаронцы Тамары Чыкуновай пройдзе 9 кастрычніка ў офісе выдавецтва «Галіяфы».

Закончацца мерапрыемствы Тыдня 10 кастрычніка, у Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, прэс-канферэнцыяй прадстаўнікоў кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання».

Тыдзень праводзіцца ў межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", якая дзейнічае з 2009 года. Першы Тыдзень супраць смяротнага пакарання быў арганізаваны праваабаронцамі ў 2013 годзе. Акцыі ў рамках гэтых кампаній праводзяцца з тым, каб спыніць выкарыстанне ў Беларусі бесчалавечнага тыпу пакарання і тым самым далучыць краіну да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. Іх удзельнікамі становяцца ганаровыя замежныя госці, паслы, творчыя людзі, сваякі расстраляных і асуджаных на смяротнае пакаранне, прыхільнікі і актывісты абаліцыянісцкага руху Беларусі.

Праваабаронцы нагадваюць, што Беларусь застаецца адзінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы краінай, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Так, толькі з 1 ліпеня 2013 да 30 чэрвеня 2014-га былі вынесеныя чатыры смяротныя прысуды. Два з іх - прыведзены ў выкананне: пакараныя Рыгор Юзэпчук 1969 нараджэння, прысуджаны да вышэйшай меры пакарання за забойства сукамерніка, і Павел Сялюн 1990 года нараджэння, асуджаны на смерць за забойства двух чалавек.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках