Сёння ў Менску пройдзе «Дзень вышыванкі»
8- 5.10.2014, 16:55
- 9,635
Фэст беларускай культуры праводзяць беларускія творцы ды ініцыятывы ў межах кампаніі «Зробім лепш».
На свяце прэзэнтуюць сваю прадукцыю стваральнікі і распаўсюднікі беларускага нацыянальнага адзення, музыкі і мастакі. Можна будзе купіць вышыванку ці яе сучасную стылізацыю, а таксама сувеніры з беларускім каларытам, перадае «Радыё Свабода».
Таксама чакаецца майстар-клас ад майстрыхі беларускіх вышыванак Настассі Глушко, а таксама Наталлі Русіян - у вырабах з гліны. Аўтары гульні «Паўстанцы» раскажуць пра свой праект, а Валерыя Тумаш, Мар’яна Валуева, Ірына Чачот пакажуць і навучаць, як рабіць тату хной або фарбамі.
У музычнай частцы, якая пачнецца а 18.00, выступяць гурты Unia, Recha, «Бачу ўпершыню» і Сяргей Башлыкевіч (Leibonik).
Фестываль будзе праходзіць з 15:00 да 22:00 у Прасторы «ДК» (вул.Талбухіна, 4; 3 паверх). Уваход вольны.