5 траўня 2024, Нядзеля, 1:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вядомую беларусазнаўцу звольнілі з Беластоцкага ўніверсітэта

12
Вядомую беларусазнаўцу звольнілі з Беластоцкага ўніверсітэта

Кіраўніцтва Беластоцкага ўніверсітэта скасавала кантракт з Аленай Глагоўскай.

Доктар паліталогіі звольненая пасля больш чым паўтара дзясятка гадоў працы на кафедры беларускай культуры філалагічнага факультэта ВНУ. Кіраўніцтва ўніверсітэта матывуе скасаванне кантракту адсутнасцю фінансавых магчымасцяў надалей утрымліваць штатную адзінку. Калегі збіраюць подпісы за аднаўленне Алены Глагоўскай на працы, паведамляе «Радыё Свабода».

«16 з паловай гадоў я адпрацавала на кафедры беларускай культуры, і так вось усё скончылася. Не падаўжаючы са мной кантракт, яны нікога на гэтае месца не ўзялі, проста ліквідавалі адзінку. Гэта значыць, персанальна не працягнулі дамову, даўшы зразумець, што я ім не патрэбная. Зрэшты, ёсць і афіцыйная фармулёўка - фінансавая сітуацыя ўніверсітэта. Пры гэтым рэктар прызнаў, што вельмі шануе мае дасягненні, што на самой справе гэта феномен. Калі казаць пра колькасць навуковых публікацый, то я маю трэцяе месца на факультэце, а там больш за 100 асоб. І тое, што я ім больш не патрэбная, выглядае страшна і смешна адначасова. Дарэчы, незалежна ад маёй прыватнай справы, нашы прафсаюзы выступілі ў адрас рэктара што да агульнай сітуацыі ва ўніверсітэце. Мяркуюць, што ён несправядліва прымае пастановы пры падаўжэнні тэрміну працы, што грошы, прызначаныя для канкрэтных навукоўцаў, ідуць на нейкія інвестыцыі і г.д. Не ведаю, чым у рэшце рэшт усё скончыцца», - распавяла Алена Глагоўская.

Журналісты патэлефанавалі ў Беласток, каб даведацца ў кіраўніцтва ўніверсітэта, чым на самой справе выклікана спыненне кантракту з аўтарытэтнай даследніцай беларускай культуры і гісторыі. У прыёмнай рэктара, прафесара Леанарда Этэля, сказалі, што цяпер той у ад'ездзе. Пры гэтым пацвердзілі, што персанальнымі справамі кантрактнікаў ён займаецца асабіста, і паабяцалі арганізаваць тэлефонную размову заўтра ці паслязаўтра.

Тым часам калегі Глагоўскай пачалі збіраць подпісы за вяртанне незаслужана, на іх думку, звольненай даследчыцы. Сама доктар паліталогіі мяркуе, што матывацыя тут простая: калі такім чынам паступаюць з аўтарытэтнымі выкладчыкамі, то для іншых «недахоп фінансавання» знайсці будзе яшчэ прасцей.

«Цяпер Савет факультэта збірае подпісы да рэктара паводле гэтай справы, каб мяне вярнулі назад. Хоць я сумняваюся, што яны чаго-небудзь дамогуцца, але людзей такое стаўленне проста абурыла. Спачатку яны напісалі ліст да дэкана. Той смяяўся, сказаў, што такія прэтэнзіі трэба выказваць не ў ягоны адрас, а рэктару. Вось цяпер яны і звярнуліся да рэктара. Заўтра, паводле маёй інфармацыі, плануюць перадаць ліст рэктару. Людзі падпісваліся актыўна, але, як мне сказалі сябры, пачаўся прэсінг, каб не падпісваліся або забралі свае подпісы, бо ў такім выпадку іх чакае тое ж самае. Іншымі словамі, людзі адчулі, што фактычна кожнага, нават калі той нешта рэальна робіць, можна выкінуць паводле ўласнай ініцыятывы кіраўніцтва. Дарэчы, я сама была вельмі здзіўленая, што на двух папярэдніх саветах факультэта, калі пачалі ўзнікаць такія размовы, мяне падтрымлівалі людзі, якіх я не ведала настолькі, каб сказаць, што гэта мае сябры. Проста людзі зразумелі магчымыя наступствы», - кажа яна.

За гады працы на кафедры беларускай культуры Алена Глагоўская напісала сотні навукова-папулярных артыкулаў, адрэдагавала тры дзясяткі кніжак, за ўласныя сродкі арганізавала дзясяткі экспедыцый у рэгіёны Беларусі. Дзякуючы намаганням доктара Глагоўскай існуе Таварыства беларускай культуры ў Гданьску, там жа ўсталяваны помнік Янку Купалу, а адна з вуліц у Гдыні названая ў гонар Янкі Брыля. Яна аўтарка шматлікіх даследаванняў пра выдатных дзеячаў беларускай і польскай культур.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках