1 траўня 2024, Серада, 7:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі пачнуць адзначаць Дзень бацькі?

13
У Беларусі пачнуць адзначаць Дзень бацькі?

Дзень бацькі - такое дзяржаўнае свята можа з'явіцца ў календарах беларусаў.

Прынамсі, некаторыя грамадскія аб'яднанні актыўна ініцыююць гэта новаўвядзенне, а заканадаўцы ўжо пачалі падумваць, ці не прыслухацца да меркавання грамадскасці, піша «Інтэрфакс».

Намесніца начальніка аддзела народанасельніцтва, гендэрнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка на сустрэчы з журналістамі, якая адбылася ў аўторак, 7 кастрычніка, адзначыла, што такія ідэі зыходзяць перш за ўсё ад аб'яднанняў, якія ўзначальваюць самотныя бацькі ці бацькі, якія самі выхоўваліся у няпоўных сем'ях.

Зрэшты, са слоў чыноўніцы, чакаць хуткага ўнясення Дня бацькі ў каляндар дзяржаўных святаў Беларусі не даводзіцца. На яе думку, адзначаць гэтае свята можна і так, без прызнання яго дзяржаўным.

«І калі гэтае свята знойдзе водгук у грамадства, будзе папулярызавацца, то, магчыма, узнікне патрэба яго ўстанаўлення і на дзяржаўным узроўні», - прызналася Арцёменка.

Са слоў прадстаўніцы Мінпрацы і сацабароны, гэта магчыма, улічваючы, наколькі шырока ў Беларусі праводзяцца акцыі для падтрымкі бацькоўства тымі ж грамадскімі аб'яднаннямі. Прычым, гаворка ідзе як аб асобных разавых мерапрыемствах, так і традыцыях усвядомленага бацькоўства, што распаўсюджваюцца ў беларускім грамадстве і беларускіх сем'ях.

«Яны досыць запатрабаваныя сёння усімі намі», - мяркуе Марына Арцёменка.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага агенцтва на сярэдзіну 2013 года ў Беларусі налічвалася больш як 12 тысяч няпоўных сем'яў, у якіх бацькі займаліся выхаваннем дзяцей да 18 гадоў. А ўсяго самотнымі бацькамі ўважалі сябе блізу 50 тысяч мужчын: у апошнюю, неафіцыйную, лічбу ўвайшлі і тыя прадстаўнікі моцнага полу, дзеці якіх надоечы мінулі ўсталяваны рамкамі закона ўзроставы рубеж.

Яшчэ адзін цікавы факт: беларускія бацькі ўсё часцей пачалі сыходзіць у адпачынкі па догляду за дзіцем да 3 гадоў замест жонак. У 2013 годзе такіх было больш за 3,5 тысячы.

Свята Дзень бацькі святкуецца ў многіх краінах свету ў трэцюю нядзелю чэрвеня. Упершыню яго пачалі адзначаць у Злучаных Штатах Амерыкі ў пачатку XX стагоддзя з ініцыятывы жанчыны Саноры Смарт, якую разам з яе братамі і сёстрамі пасля смерці маці выхоўваў бацька. У 1966 годзе Дзень бацькі стаў у ЗША нацыянальным святам.

Цікава, што калі некаторыя краіны далучыліся да амерыканскай традыцыі святкаваць Дзень бацькі ў чэрвені, то некаторыя дзяржавы абралі свае даты гэтага свята. Так, у Бразіліі гэтае свята адзначаецца ў другую нядзелю жніўня, у Латвіі - ў другую нядзелю верасня, а бацькі Фінляндыі, Швэцыі і Эстоніі прымаюць віншаванні ў другую нядзелю лістапада.

У Беларусі Дзень бацькі з'яўляецца пакуль неафіцыйным святам. Беларускі звяз жанчын ужо выступіў з ініцыятывай адзначаць яго штогод у снежні.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках