1 траўня 2024, Серада, 14:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гарніст на ратушы Магілёва навучылі «размаўляць» з турыстамі

Гарніст на ратушы Магілёва навучылі «размаўляць» з турыстамі

Механічны гарніст на ратушы Магілёва будзе весці «размову» з турыстамі.

Пра гэта паведаміў наглядчык гарадскіх курантаў і стваральнік Магіслава (так назвалі гараджане гарніста) Генадзь Галоўчык, паведамляе БелТА.

З ягоных слоў, гэта будзе нешта накшталт інтэрактыўнай гутаркі. Пры націску на адну з клавіш на горне Магіслаў будзе распавядаць пра сябе і ўражанні ад убачанага ім з вокнаў ратушы, пра гісторыю Магілёва. Гарніст загаворыць голасам Генадзя, але толькі з дапамогай праграмы для змянення голасу яго тэмбр будзе ператвораны ў хлапечы, які будзе адпавядаць вобразу механічнага юнага музыкі.

«Мы пастараемся зрабіць уражанні Магіслава жывымі і яркімі. Гэта не будзе завучаны тэкст, напоўнены мноствам дат і лічбаў. Гэта будзе гісторыя, прапушчаная праз успрыманне хлапчука-музыкі, яго погляд на свет і месца Магілёва ў розных знакавых для горада на Дняпры падзеях», - сказаў Генадзь Галоўчык.

У Генадзя яшчэ шмат ідэй, як зрабіць горад лепшым. Ён бы хацеў зрабіць у Магілёве яшчэ некалькі гадзіннікаў, якіх нідзе больш няма. Напрыклад, гадзіннікі, якія заводзіць вецер або дзеці, гадзіннікі-фантаны. Майстар нават ужо прыдумаў, як гэта тэхнічна ўвасобіць у жыццё.

Яшчэ адна з задумаў Генадзя, якую ён мае намер рэалізаваць у бліжэйшай будучыні, - распрацаваць экскурсію «Гісторыя вежавых гадзіннікаў» (пакуль гэта рабочая назва). Бо ён ведае пра гадзіннікі амаль усё і вярнуў да жыцця некалькі гарадскіх курантаў у розных кутках Беларусі, Украіны і Расеі. Ён можа захоплена распавядаць пра іх гадзінамі. А шмат каму з гасцей абласнога цэнтра цікава ўбачыць, як б'ецца механічнае сэрца горада ў ратушы, даведацца сакрэты яго дакладнай працы і што кожная дэталь гэтых курантаў па-свойму ўнікальная, таму што зробленая асабіста рукамі майстра, а некаторыя маюць гравіроўку з вершамі і прозай Генадзя Галоўчыка, канкрэтнымі імёнамі, гістарычнымі датамі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках