1 траўня 2024, Серада, 4:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скандальны расейскі дэпутат затапіў суседзяў і адмаўляецца плаціць

14
Скандальны расейскі дэпутат затапіў суседзяў і адмаўляецца плаціць

Дэпутат Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга Віталь Мілонаў разглядае шкоду ад патопу як завышаную і патрабуе паўторнай экспэртызы.

Жыхары двух затопленых кватэр па вуліцы Антоненкі, дом 3 у Санкт-Пецярбургу ўжо паўтара года пражываюць у не прыдатных для жыцця ўмовах. Такія высновы незалежнай мікалагічнай экспэртызы, якая выявіла ў памяшканнях «вельмі моцнае перавышэнне спораў плесневых грыбоў»: амаль у 50 разоў у параўнанні з умоўна дапушчальнай гранічнай канцэнтрацыяй. Ды і без экспэртызы відавочна: у кватэрах цяжкае затхлае паветра, а сцены фактычна гніюць знутры, піша mr7.ru.

Тым часам народны выбраннік па-ранейшаму адмаўляе, што затапіў суседзяў, аднак на шостым па ліку судовым пасяджэнні запатрабаваў правесці паўторную тэхнічную экспэртызу заражаных кватэр. Сума рамонту, якую налічылі спецыялісты (каля 700 тысяч рублёў за кватэру - 17 600 даляраў), падалася дэпутату завышанай. Пацярпелыя суседзі асцерагаюцца, што новая экспэртыза не ўлічыць гэтыя мікалагічныя даследаванні.

Экспэрты мяркуюць, што знаходзіцца ў кватэрах №35 і 37 асабліва шкодна для здароўя дзяцей - магчыма развіццё алергіі, астмы, дэрматытаў.

«Пражыванне ў памяшканнях шкоднае для здароўя людзей, асабліва дзяцей і асоб з аслабленым імунітэтам. Далейшае разрастанне плесневых грыбоў на аздобных матэрыялах прыводзіць да сістэматычнага трапляння спораў плесневых грыбоў у паветра, што стварае значную алергічную нагрузку на імунітэт», - гаворыцца ў выснове экспэрта-мікалога, кандыдата біялагічных навук, старшага навуковага супрацоўніка лабараторыі сістэматыкі і геаграфіі грыбоў установы Расейскай Акадэміі Навук батанічнага інстытута імя В. Л. Камарова Яўгеніі Багамолавай.

Усё пачалося паўтара гады таму, у нядаўна набытай трохпакаёвай кватэры №39 у завулку Антоненкі, у трох кроках ад Марыінскага палаца, народны выбраннік разам са сваёй жонкай задумалі рамонт. Кватэра знаходзіцца ва ўласнасці жонкі дэпутата Евы Лібрукінай. Паводле сцвярджэння суседзяў з ніжніх кватэр, парламентарый рассяліў камуналку, а затым рабочыя прыступілі да поўнага дэмантажу ў кватэры, апроч іншага, наважыўшы зняць усе батарэі. 23 чэрвеня 2013 на ніжнія паверхі лінуў гарачы кіпень, затапіўшы тры паверхі на плошчы 110 квадратных метраў. Ахвярамі «мілонаўскага патопу», як яго ўжо ахрысцілі жыхары, сталі кватэры №37 і №35.

«Экспэрт ТАА «Судовая экспэртыза» сёння праводзіла паўторную тэхнічную экспэртызу паводле хадайніцтва Мілонава. Ён мяркуе, што мы завысілі каштарыс аднаўленчых работ. Але нам не патрэбныя грошы, няхай бы адрамантаваў нам памяшканні, у такіх умовах жыць немагчыма, асабліва з маленькімі дзецьмі», - распавядае жыхар пацярпелай кватэры №35 Павел Байдакоў. У кватэры ён жыве разам са састарэлай маці, жонкай і двума дзецьмі. Ларыса Байдакова - дзіця блакады, цяпер з'ехала з затопленага жылля - дыхаць няма чым, ды і небяспечна для здароўя пажылога чалавека.

Першы суд што да «мілонаўскага патопу» быў у Кастрычніцкім раённым судзе ў кастрычніку мінулага года. Потым было яшчэ пяць судовых пасяджэнняў. На апошнім з іх, 18 жніўня, Мілонаў запатрабаваў правесці паўторную экспэртызу.

На ацэнцы прысутнічалі і прадстаўнікі Жылкамервіса №2 Адміралцейскага раёна. Дэпутат, дарэчы, вінаваціць ва ўсім менавіта камунальнікаў. Аднак супрацоўнікі ЖКС №2 у гутарцы з карэспандэнтам МР, заявілі, што парламентарый сам вінаваты ў патопе.

«Рамонт патрэбен тэрмінова,Наталля Сталбова. - Пераносяць пасяджэнні, зацягваюць. Больш за год прайшло. Нават калі мы паклеім шпалеры, грыбок пойдзе са сцяны. Патрэбныя аднаўленчыя работы. Гэта вельмі сур'ёзна - трэба ўсё садраць і ўсё зноўку зрабіць. Расколіны нам на столі зрабілі, праз якія камякамі сыплецца тынкоўка. Да гэтага часу мокне столь у нас. У суд падаем, каб ліквідавалі шкоду, каб мы маглі аднавіць кватэру. Гэта дарагая праца. Мы не адолеем сваімі сіламі.

Хоць бы папрасіў прабачэння гэты Мілонаў. Такое зрабілі і не прыйшлі, не папрасіў прабачэння, ён мяркуе, што ён ахвяра, але нам усё роўна, дэпутат ён ці не дэпутат. Нам проста трэба, каб вярнулі нам нармальнае жыццё. Яшчэ да гэтай аварыі іх брыгада ўчыніла патоп некалькі разоў. Прадстаўнікі Мілонава за ўвесь гэты час у нас так і не з'яўляліся».

Сам Віталь Мілонаў, які цяпер жыве з сям'ёй у іншай кватэры, адмаўляе сваю датычнасць да патопу. Кажа, што і ад стасункаў з жыхарамі зусім не ўхіляецца.

Фота: Коммерсант

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках