1 траўня 2024, Серада, 1:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лінас Лінкявічус: Расея выпрабоўвае краіны Балтыі

3
Лінас Лінкявічус: Расея выпрабоўвае краіны Балтыі

Міністр замежных спраў Літвы падтрымаў ідэю ўвядзення новых санкцый супраць Расеі.

У інтэрв'ю Buzzfeed Лінас Лінкявічус распавёў аб метадах, якімі Расея, з яго пункту гледжання, спрабуе ўздзейнічаць на краіны Балтыі, піша Инопресса.ру.

На ягоную думку, нядаўні эпізод з выкраданнем супрацоўніка эстонскіх спецслужбаў, а таксама аднаўленне крымінальных спраў супраць літоўцаў, якія дэзертыравалі з савецкага войска ў перыяд да прызнання Літвы незалежнай дзяржавай, і затрыманне літоўскага рыбалоўчага судна ў адным з расейскіх партоў, - гэта частка адзінай стратэгіі. «Гэта праверка. Гэта спосаб праверыць рэакцыю на палітычным, практычным узроўні, у грамадскай думцы, і гэта ўзмацняе напружанасць», - сказаў міністр.

Пры гэтым Лінкявічус даў зразумець, што літоўскае кіраўніцтва не схільнае пераацэньваць пагрозу ад Расеі, і на тое ёсць важкая прычына: «На шчасце, 10 гадоў таму мы ўвайшлі ў Еўразвяз і ў NАТO. Відавочна, што гэта была правільная пастанова, і цяперашняя сітуацыя дазваляе нам гэта адчуць».

Лінкявічус выказаў надзею, што Еўразвяз увядзе яшчэ больш жорсткія санкцыі супраць Расеі і што падзеі будуць развівацца паводле іншага сцэнару, чым пасля расейска-грузінскага канфлікту 2008 года: «Праз два месяцы пасля падзей у Грузіі жыццё ўвайшло ў звыклае рэчышча. Два месяцы - і мы паводзім сябе як ні ў чым ні бывала, а яны зноў маюць магчымасць рабіць такія рэчы».

Метады, якія Расея ўжывае для прамога ўздзеяння на літоўскую грамадскую думку, суразмоўца Buzzfeed ахарактарызаваў так: «Я б не стаў казаць аб экстрэмісцкіх групах на тэрыторыі Літвы - такіх пакуль няма, але што тычыцца машыны інфармацыйнай прапаганды, то яна вызначана дзейнічае. Акупаваць тэрыторыю NАТO так проста не атрымаецца, але можна зладзіць канфлікт, справакаваць трэнні, задзейнічаць нейкія меншасці». Пры гэтым ён падкрэсліў, што сумневаў у лаяльнасці расейскай дыяспары ўраду Літвы ў яго няма. Акрамя фінансавання крыніц прапаганды ў Літве, Расея спрабуе лабіяваць свае інтарэсы праз такія структуры, як «Газпром», дадаў кіраўнік літоўскага МЗС.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках