1 траўня 2024, Серада, 13:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежнага журналіста з Магілёва аштрафавалі на 6 мільёнаў

5
Незалежнага журналіста з Магілёва аштрафавалі на 6 мільёнаў

Аляксандра Буракова пакаралі за «супрацоўніцтва з замежным СМІ».

Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Алена Волкава 8 кастрычніка аштрафавала журналіста-фрылансера на 40 базавых велічынь (6 млн рублёў), піша БелаПАН.

16 верасня сем супрацоўнікаў міліцыі на чале з маёрам Уладзімірам Пугачовым правялі ў кватэры Аляксандра Буракова ператрус. Яны канфіскавалі два ноўтбукі, якія належаць яго жонцы. Ператрус быў праведзены таксама ў кватэры бацькоў Буракова, дзе міліцыянты канфіскавалі два сістэмныя блокі кампутараў. У пастанове на ператрус было ўказана, што Буракоў супрацоўнічаў з сайтам радыё «Нямецкая хваля» без акрэдытацыі. У канцы верасня справа Буракова была перададзеная ў суд Ленінскага раёна Магілёва. Міліцыя абвінаваціла журналіста ў тым, што яго артыкул «Сцежкай кантрабандыста: ці працуюць расейскія санкцыі ў памежжы» быў апублікаваны ў глабальнай сетцы інтэрнэт на сайце «Нямецкай хвалі», чым парушаная частка другая артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ).

Выступаючы на судзе, Буракоў падкрэсліваў, што артыкул, размешчаны на сайце «Нямецкай хвалі», - вынік не толькі яго працы, паколькі, да прыкладу, яго загаловак не адпавядае дадзенаму яму першапачаткова. «Гэты тэкст быў разасланы ў розныя рэдакцыі, якія вызначаюць, ці браць яго і калі браць, то ў якім выглядзе публікаваць. Менавіта гэтым і жывуць фрылансеры», - падкрэсліваў журналіст.

Ён таксама звярнуў увагу, што дакументы пра ператрус аформленыя неналежным чынам, што выклікае сумневы іх сапраўднасці і патрабуе прынамсі дадатковай праверкі. Аднак суддзя Волкава адразу заявіла, што прызнае дакументы сапраўднымі.

Адвакат Буракова аргументавана паказвала, што артыкул КаАП, у парушэнні якога абвінавачваецца яе падабаронны, не можа быць прыменены да фізічнай асобы, а толькі да юрыдычнай. З яе слоў, датычныя да вырабу прадукцыі СМІ не толькі журналісты, але і іншыя людзі, дзякуючы працы якіх матэрыял публікуецца на сайце таго ці іншага выдання, і, паводле логікі абвінавачвання, яны таксама павінны быць прыцягнутыя да адказнасці.

Больш за тое, у пратаколах не пазначана, на падставе чаго быў зроблены вывад аб тым, што сайт «Нямецкай хвалі» з'яўляецца замежным СМІ, з якім Буракоў мае працоўныя дачыненні. «Ні разу нікім не было зафіксавана, што Буракоў дзейнічаў без акрэдытацыі, якую падае МЗС Беларусі. Пракуратура таксама не выносіла ў адрас Буракова папярэджання аб недапушчальнасці супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі», - адзначыла адвакат.

Абаронца паказвала: сведкі з боку міліцыі не змаглі пацвердзіць, што бачылі, як Буракоў вырабіў доследны артыкул у інтэрнэце, не адказала на пытанні і экспэртыза.

Нягледзячы на довады абароны, суддзя Волкава прызнала Буракова вінаватым у правапарушэнні і прысудзіла да штрафу.

«Тэрор увайшоў у сем'і беларускіх журналістаў. Гэта была акцыя застрашвання», - заявіў Буракоў.

Суддзя не запрасіла ў якасці сведкі маёра Пугачова, хоць ён два дні, адсутнічаючы працоўным месцы, знаходзіўся каля яе кабінета, і яна гэта бачыла, адзначыў Буракоў. «Думаю, гэта праз тое, што маёр Пугачоў не змог бы адказаць на тыя пытанні, якія былі б яму зададзеныя», - сказаў журналіст, заявіўшы, што будзе абскарджваць сённяшнюю пастанову аж да Камітэта ААН у правах чалавека.

Варта адзначыць, што 29 кастрычніка 2013 года суддзя Алена Волкава прызнала ўлёткі сродкам масавай інфармацыі, на распаўсюд якіх павінна быць укладзеная дамова. Сродкам масавай інфармацыі, на думку суддзі, з'яўляюцца і падпісныя лісты з подпісамі грамадзян.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках