1 траўня 2024, Серада, 4:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Следам за мясам у Расеі пачалі імкліва даражэць гародніна і садавіна

22
Следам за мясам у Расеі пачалі імкліва даражэць гародніна і садавіна

За першы тыдзень кастрычніка спажывецкія кошты выраслі, паводле звестак Расстата, на 0,2%.

Гэткія высокія тэмпы росту інфляцыі захоўваюцца ў Расеі ўжо тры тыдні - апошні раз тыднёвая інфляцыя апускалася да 0,1% у сярэдзіне верасня 2014 года. Асабліва хутка даражэюць прадукты, прывоз якіх у Расею абмежавалі ў рамках мер у адказ на санкцыі Захаду. З канца верасня ў Расеі таксама пачалі расці кошты гародніны і садавіна, якія восенню традыцыйна таннеюць, піша РБК.

З 30 верасня да 6 кастрычніка агуркі ў расейскіх крамах падаражэлі ў сярэднім на 7,6% (за папярэдні тыдзень на 4,5%), памідоры - на 3,6% (3,5%), бульба - на 2,8% (1,7%), лук - на 1,2% (0,2%). Танней сталі ў пачатку кастрычніка толькі яблыкі (-0,7%) і морква (-0,5%). Агулам садавінна-гародніная прадукцыя падаражэла на 1,1%, тады як за верасень кошты яе ўпалі на 1,2%.

Свініна за першы тыдзень кастрычніка падаражэла на 0,4% (за папярэдні тыдзень на 0,3%), ялавічына - на 0,4% (0,3%), сыры - на 0,5% (0,3%), каўбаса - на 0,5% (0,3%), марожаная рыба - на 0,4% (0,3%), пастэрызаванае малако - на 0,3% (0,1%).

За верасень 2014 спажывецкія кошты ў Расеі, паводле звестак Расстата, выраслі на 0,7%, рознічныя кошты харчовых тавараў - на 1%, а кошты на харчовыя тавары без уліку гародніны і садавіны - на 1,2%.

З пачатку студзеня прырост коштаў склаў ужо 6,5%, такім чынам інфляцыя ўжо перасягнула агучаны ў пачатку года прагноз. Зрэшты, Мінэканамразвіцця ўжо паспела падвысіць планку - паводле абноўленых звестак, інфляцыя ў 2014 годзе складзе 7-7,5%. А прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, падчас выступу ў пачатку кастрычніка на інвестыцыйным форуме «Расея кліча», заявіў, што інфляцыя складзе паводле вынікаў года 7,5-7,6 да 8%.

«Гэта вышэй паказчыкаў мінулага года. У 2013 годзе гэта было 6,5%. Прычына таксама зразумелая - у росце коштаў некаторых прадуктаў харчавання», - растлумачыў Пуцін.

Раней дырэктар дэпартамента макраэканамічнага прагназавання міністэрства Алег Засаў прызнаў, што прагноз быў падвышаны праз увядзення забароны на ўвоз у Расею з краін ЕЗ, Канады, Аўстраліі, Нарвэгіі і ЗША шэрагу харчовых тавараў.

«Пэўную ролю ў гэтым адыгралі санкцыі супраць Расеі і меры ў адказ нашай краіны. З нашых ацэнак, унёсак гэтых дзеянняў дадаткова складзе блізу 1 адсоткавага пункта», - сказаў Засаў.

7 жніўня ўрад РФ апублікаваў спіс прадуктаў, забароненых да ўвозу ў Расею. У яго ўвайшлі тавары з ЗША, Еўразвязу, Канады, Аўстраліі і Нарвэгіі. Дакумент падпісаны прэм'ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым і прадугледжвае забарону на імпарт тэрмінам на адзін год. Забяспечыць кантроль за яго выкананнем даручана Федэральнай мытнай службе.

Забароненыя да ўвозу мяса буйной рагатай жывёлы, свініна, мяса хатняй птушкі, мяса салёнае, сушанае або вэнджанае, рыба і ракападобныя, малюскі. Абмежаванні закранулі таксама малако і малочную прадукцыю, сыры, тварог на аснове раслінных тлушчаў, каўбасы і аналагічныя прадукты з мяса, гародніны, карняплодаў, садавіны і арэхаў.

У сярэдзіне верасня Банк Расеі апублікаваў даклад, у якім адзначаецца, што бліжэйшыя месяцы харчовыя кошты (а разам з імі і інфляцыю агулам) прадоўжыць павялічваць уведзенае ўрадам эмбарга, і да звычайнага ўзроўню рост коштаў можа замарудзіцца да вясны 2015 года.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках