19 сакавiка 2024, aўторак, 7:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трупы ў імя магутнасці

25
Трупы ў імя магутнасці

Я ўвогуле не разумею, навошта нам запазычваць на Захадзе ўсё уздоўж і поперак, у тым ліку і святы?

Ну навошта нам той Хэлоўін, калі ў нас свой ёсць – дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі называецца. Розніца ў тым толькі, што на Захадзе апранаюць маскі мерцвякоў у большасці сваёй па глупасці і каб падурэць, а ў нас на поўным сур’ёзе носяць кветкі да не аддадзенага зямлі трупа, і без ніякіх прыкольчыкаў сцвярджаюць: «Ленін жыў, жыве, і будзе жыць!» Ну скажыце, не вар’яты?

Так, вар’яты. Але наша бяда ў тым яшчэ, што вар’яты гэтыя без метафар людажэрныя і ахвочыя да крыві. Вось вы толькі ўдумайцеся ў тое, што ўпэўненна меле адзін з бонзых сучаснай кампартыі Беларусі:

«Некаторыя сцвярджаюць, што ў Савецкім Саюзе было знішчана ледзь не 20 млн. чалавек. Але трэба глядзець на рассакрэчаныя лічбы НКВД. Усяго ў СССР па растрэльнай артыкуле прысуджанае 755 тысяч чалавек. Гэта зусім не тыя маштабы, аб якіх кажуць нашы апаненты./…/ Калі мы гаворым аб будаўніцтве магутнае дзяржавы, якая паставіла задачу прайсці за дзесяцігоддзі той шлях, які многія дзяржавы Еўропы праходзілі сотні гадоў, то, вядома, маштабныя дзяржаўныя задачы вырашаюцца і такім складаным шляхам». (Сакратар ЦК КПБ Мікалай Валовіч)

Ну добра, не будзем даказваць пра мільёны закатаваных камуністамі – няма сэнсу! Бо згадзіцеся, калі для вар’ята 755 тысяч душ – гэта нішто, дык ці будзе нешта важыць для яго 20 мільёнаў душ? Давайце толькі глянем на гісторыю дзяржаваў, якія іншымі «шляхамі» будавалі сваю магутнасць.

Паўднёвая Карэя. Недзе прачытаў цікавае выказванне: – Чаму ЗША можна, а Расеі нельга? – Бо ў ЗША атрымоўваецца Паўднёвая Карэя, а ў Расеі – Паўночная.

Даваенная Карэя, як і імперская Расея, развітай краінай не была ніколі. А Паўднёвая Карэя ўвогуле налічвае толькі 70 год свайго існавання – гэта столькі ж, колькі праіснаваў Савецкі Саюз. І 70 год таму Паўднёвая Карэя была зруйнавана не горай краіны саветаў у 45-ым, але на сёння – гэта адна з самых паспяховых краін у свеце: займаючы 109-ае месца па плошчы і 25-ае па несельніцтву (50 мільёнаў чалавек), па ВУП Сеўл 12-ты ў свеце (1,7 трлн даляраў за 2013 год).

Параўнаем гэта з 1/6 сушы – СССРам, у якім палявалі за варанай каўбасой і знемагалі ў чэргах за дэфіцытам. І хоць зарэзалі быццам бы ў імя моцнай дзяржавы 20 мільёнаў суграмадзянаў, але дэфіцытам было ўсё: ад аўтамабіля жыгулі да туалетнай паперы.

Федэратыўная Рэспубліка Германія. Германія, як мы ведаем, таксама была ня менш за СССРу зруйнавана пасля ІІ Сусветнай, а ў дадатак да ўсяго была вымушана выплочваць мільярдныя рэпарацыі. Тым не менш, Заходняя Германія ўжо ў канцы 50-ых з’яўляецца адной з самых моцных дзяржаў. А ў 1973, з 62 мільёнамі насельніцтва, займае 4-е ў свеце месца па ВУП.

Безумоўна, такога жахлівага кантрасту, як паміж Паўднёвай Карэяй і без перабольшвання людаедскай Паўночнай, паміж ФРГ і ГДР няма (усё ж, Захад – гэта Захад), але, тым не менш, чамусці ўсе масава беглі з ГДР у ФРГ, а ніяк не наадварот. І як мы ведаем, сёння аб’яднаная Германія, з прыблізна 3-трыльёным ВУП, займае пяты радок эканомік свету.

І, для ахвочых, параўнаем гэта з СССРам, які, маючы 300 мільёнаў насельніцтва, па стане на 1988 меў ВУП у памеры 38,3% ад ВУП ФРГ. Па выніку ж, ужо на нашай памяці, «магутная дзяржава», займаючы першае у свеце месца па запасах нафты, газа, жалезных руд, вуглю і ўсяго, што толькі можна прыдумаць, – той самы «Союз нерушімый» рушыўся з такім грукатам, што звінела ў вушах на ўсіх кантынентах.

Доўга можна пералічваць назвы дзяржаваў, якія, не катуючы мільёны, сталіся магутнымі. Але для тых, хто з трыбухамі прадаў сваю душу Сатане, усё гэта бессэнсоўна. Для іх нейкі там мільён, замучаных да смерці, – гэта ўсяго толькі «складаны шлях» у імя адбудавання магутнай дзяржавы.

Было б лагічна, каб які-небудзь ахвочы ўзяў уладу і забудаваў краіну дабраахвотнымі канцлагерамі, куды ласкава запрасіў бы усіх камуністых. Гэтыя людзі, як прагнучыя моцнай дзяржавы, павінны з радасцю, паводле іхніх жа падыходаў, прыняць такую заманлівую прапанову і хуценька засяліць турэмныя баракі. І першым у іх пабяжыць сакратар ЦК КПБ Мікалай Валовіч, які ў імя магутнасці Беларускае дзяржавы памяняе сваю ружовую кашульку на працоўную робу, свой лашчоны ад сала лыч – на згаладнелы зэкаўскі твар, з апраўдальніка чырвонага тэрора радасна ператворыцца ў ахвяру, якая будзе галасіць: «Даеш 755 тысяч трупаў у імя магутнае дзяржавы!»

Змiцер Дашкевiч, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках