6 траўня 2024, панядзелак, 15:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бабруйскі «вертыкальшчык»: А я, можа, мэрам Магілёва хачу стаць

17
Бабруйскі «вертыкальшчык»: А я, можа, мэрам Магілёва хачу стаць

Сустрэча ўдзельнікаў галадоўкі з кіраўніком Бабруйскага гарвыканкама 12 лістапада завяршылася безвынікова.

Як паведаміў БелаПАН адзін з галадоўнікаў Мікалай Жыбуль, старшыня Бабруйскага гарвыканкама Андрэй Каваленка (на фота) адмовіўся развязваць пытанне аб іх аднаўленні на працы.

Сустрэча з галоўным «вертыкальшчыкам» Бабруйска адбылася сёння. Са слоў Мікалая Жыбуля, спачатку на прыём да Андрэя Каваленкі зайшоў Аляксандр Грамыка, а затым - ён. Больш ніхто з удзельнікаў галадоўкі на прыём не пайшоў. «На мне ўсё скончылася, - распавёў Жыбуль. - Сэнсу ісці туды няма, яны зладзілі там шоў: запрасілі тэлебачанне, карэспандэнтаў. Рэчы аб аднаўленні не ішло, у праблемы ніхто не ўнікаў. Зрабілі нас ва ўсім вінаватымі, быццам мы не выконвалі працэдуры, не звярталіся да мэра».

Са слоў звольненага рабочага, Каваленка прапаноўваў яму працу ў любым іншым месцы. «На маё пытанне, чаму я не магу дарабіць да пенсіі два гады на сваім родным заводзе, ён адказаў: «У вас дрэнныя стасункі з дырэктарам, тут нельга нічога зрабіць». Мэр горада не можа нічога зрабіць з дырэктарам дзяржаўнага завода! У іх скаардынаваная палітыка - крумкач крумкачу вока не выдзяўбе. У нас дзяржава для дзяржавы, а не для народа, а ўлада - для ўлады», - заявіў Мікалай Жыбуль.

Аляксандр Грамыка пра сваю сустрэчу з кіраўніком гарвыканкама распавёў так: «Я сказаў, што хачу вярнуцца на завод, бо мяне несправядліва звольнілі. А ён у адказ кажа: а я, можа, хачу мэрам Магілёва стаць».

Са слоў Грамыкі, кіраўнік горада і яму прапанаваў дапамогу ў працаўладкаванні ў любым іншым месцы, заявіўшы, што вярнуцца на БЗТДіА нібыта ўжо немагчыма.

Цяпер удзельнікі галадоўкі вызначаюць, што рабіць далей. Як паведамлялася раней, на 13 лістапада яны ў чарговы раз выкліканыя ў міліцыю (першая сустрэча працоўных з падпалкоўнікам Сяргеем Рудзько адбылася 11 лістапада). Звольненыя актывісты прафсаюзу мяркуюць, што на іх будуць складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках