19 сакавiка 2024, aўторак, 13:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Астап Семерак: Свабодная і паспяховая Украіна - лепшы адказ Пуціну і тэрарыстам

20
Астап Семерак: Свабодная і паспяховая Украіна - лепшы адказ Пуціну і тэрарыстам

Кіраўнік апарата Кабінета міністраў Украіны даў эксклюзіўнае інтэрв'ю charter97.org.

Міністр Кабінета міністраў Астап Семерак адказаў на пытанні галоўнага рэдактара charter97.org Наталлі Радзінай.

- Сёння напружаны час, звязаны з неабходнасцю падпісання кааліцыйнай дамовы паміж партыямі, якія ўвайшлі ў новы склад Вярхоўнай Рады. Ужо 22 гадзіны, а ваш працоўны дзень не сканчаецца, у прыёмнай поўна людзей. Што самае галоўнае цяпер у вашай працы?

- Мы спяшаемся, таму што хочам максімальна хутка завяршыць фармаванне парламенцкай кааліцыі і, адпаведна, Кабінета міністраў. Сёння (размова адбывалася ўчора, 12 лістапада - заўв.рэд.) афіцыйна апублікаваныя вынікі парламенцкіх выбараў, гэта важны момант для вызначэння даты першага пасяджэння парламента, на якім цяперашні склад Кабінета міністраў складзе свае паўнамоцтвы. Гэта дае магчымасць сфармаваць новы ўрад, які будзе створаны на аснове кааліцыйнага пагаднення, фактычна гатовага да падпісання.

Акрамя працэдур, стратэгіі і планаў, пагадненне ўключае план рэформаў, якія будуць праведзеныя ва Украіне. Яны ў значнай ступені звязаныя з Пагадненнем аб асацыяцыі з Еўрапейскім Звязам, якое само па сабе з'яўляецца сур'ёзным планам рэформаў.

Я думаю, што цягам 20 дзён збярэцца наступны склад парламента. Закон аб выбарах мае выразныя працэдурныя нормы: столькі часу даецца новаабраным дэпутатам для афармлення дакументаў. Спадзяюся, што нам удасца паскорыць гэты працэс.

- Склад новага парламента адказвае вашым чаканням?

- Больш за 50 адсоткаў сябраў парламента - гэта новыя людзі, якія раней не ўваходзілі ў Вярхоўную Раду, гэта наш заканадаўчы орган пераабраны больш чым напалову. З тых дэпутатаў, якія падтрымлівалі рэжым Януковіча, праз мажарытарныя акругі і так званы Апазіцыйны блок, які з'яўляецца рэбрэндынгам Партыі рэгіёнаў, увайшло некалькі дзесяткаў дэпутатаў - калі я не памыляюся, 63 дэпутаты, якія галасавалі за дыктатарскія законы 16 студзеня сёлета.

Я думаю, што гэта дрэнны сігнал, што ў парламент трапіла такая колькасць такіх дэпутатаў, але кааліцыя, якая ствараецца ў парламенце, прыняла дакладную пастанову, што ні адзін парламентарый ў новаабранай Вярхоўнай Радзе, які галасаваў за дыктатарскія законы Януковіча, не можа быць сябрам кааліцыі . Гэта значыць, што там не будуць прысутнічаць носьбіты дыктатарскіх ідэй і прынцыпаў, якія спрабавалі імплементаваць ва Украіне праз рэжым Януковіча, праз уплыў ягоных партнёраў з Расейскай Федэрацыі і тых людзей, якія стаяць за анэксіяй Крыма і за агрэсіяй у Луганскай і Данецкай абласцях.

І дарэчы, вельмі важны момант, што ўпершыню ў гісторыі Украіны мы набліжаемся да еўрапейскага паказчыку ўдзелу жанчын ва ўкраінскім парламенце. Я думаю, што ў Беларусі таксама будуць рухацца ў гэтым напрамку вельмі хутка.

- Ці не спазняецца Украіна з фармаваннем новага ўрада?

- Няма ніякай праблемы. Да афіцыйнага абвяшчэння вынікаў выбараў Цэнтрвыбаркамам не было суб'ектаў падпісання, але тым не менш усё разумелі (ёсць электронныя пратаколы, экзіт-полы), хто праходзіць у парламент. Гэтыя людзі селі і пачалі працаваць. У нас план такі: у сераду абвешчаныя вынікі і ў пятніцу ёсць жаданне падпісаць кааліцыйную дамову. Яна досыць дэталёвая, да яе сур'ёзна рыхтаваліся і паколькі ідзе ўзгадненне розных падыходаў і бачанняў, як рэфармаваць краіну, што ў прыярытэце, што не, гэтая праца ідзе кожны дзень.

Але ніякіх праблем няма, зразумела, што будзе кааліцыя, зразумела хто ў гэтую кааліцыю ўвойдзе, прыблізна зразумелыя прыярытэты і вектар - еўрапейская інтэграцыя, дэмакратычныя і рынкавыя рэформы, умацаванне бяспекі, барацьба з карупцыяй, дэрэгуляцыя і гэтак далей.

Гэта ўсё зразумела, і мы практычна ні ў чым не сумняваемся. Адзінае, абмяркоўваецца, што мы будзем рабіць у першую чаргу, як і чый досвед будзем пазычаць, што прыдумаем самі. Цяпер гэта пытанне ўжо не стратэгіі, а тактычных планавых мерапрыемстваў.

- Вы сталі кіраўніком апарата Кабінета міністраў у вельмі напружаны час, адразу пасля перамогі Майдана ў лютым 2014 года. Новы ўрад, які прыйшоў да ўлады праз рэвалюцыю адразу ж трапіў у сітуацыю вайны. Ці гатовы будзе новы ўрад працаваць у ваенных умовах, бо прыйдзецца развязваць не толькі пытанні палітыкі і эканомікі, але і праводзіць радыкальныя рэформы? Тым больш, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй паўнамоцтваў ва ўрада цяпер будзе больш, чым у прэзідэнта.

- Мы прыйшлі ў Кабінет міністраў з Майдана. На самай справе кандыдатуры ўсіх сябраў нашага Кабміна абмяркоўваліся на плошчы. Я ўспамінаю тыя дні... Гэта быў вельмі трагічны час. На Майдане развітваліся з людзьмі, якія загінулі пасля расстрэлаў дэманстрантаў. Тады ж ішло абмеркаванне, хто будзе ва ўрадзе і якія нашы прыярытэты. Мы вельмі спадзяваліся, што трагедыя скончылася і перад намі дарога, якую мы можам прайсці, ажыццявіўшы рэформы, змяніўшы нашу краіну. Мы выдатна разумелі, што ад нас чакае ўкраінскае грамадства.

На жаль, у той час Украіна і ўкраінскі бюджэт былі раскрадзеныя і лічбы, якія сёння называюцца абсалютна публічна, жахлівыя. Рэжым Януковіча скраў дзесяткі мільярдаў даляраў і звёз гэта ў Маскву ці яшчэ кудысьці. Схаваныя яны так, што знайсці гэтыя рэсурсы фактычна немагчыма.

Мы разумелі, што нам трэба праводзіць сур'ёзныя эканамічныя рэформы, мы на гэта былі арыентаваныя, так падбіралі людзей для працы ва ўрад. Мы толькі тады не разумелі, што атрымаем трэці выклік - агрэсію з боку Расейскай Федэрацыі, якую сёння бачым у Луганскай і Данецкай абласцях, і анэксію Рэспублікі Крым.

Гэта тыя падзеі, якія пагоршылі сітуацыю, у якую патрапіла Украіна, але мы знайшлі ўнутраныя рэзервы, нам удалося падчас збройнага канфлікту правесці дэмакратычныя выбары прэзідэнта, і ўсе, у тым ліку Расейская Федэрацыя, прызналі новаабранага кіраўніка дзяржавы. Прызналі гэтыя выбары і краіны Захаду, дзе стандарты правядзення выбараў значна вышэйшыя, чым у краінах былога Савецкага саюза.

Пасля гэтага нам удалося правесці таксама дэмакратычныя выбары парламента, і цяпер рэальна завяршаецца поўная перазагрузка ўлады ва Украіне. Вярхоўная Рада, якая больш чым на 50 адсоткаў складаецца з новых людзей, уяўляе новае грамадства. Людзі разумеюць, што так жыць, як мы жылі дагэтуль, немагчыма, трэба жыць па-іншаму. Да ўлады прыйшлі новыя партыі, новыя людзі, у тым ліку, моладзь з новымі падыходамі да жыцця.

Мы дакладна разумеем, што свабодная, дэмакратычная, паспяховая і квітнеючая Украіна - гэта самы лепшы адказ сепаратыстам, тэрарыстам, Пуціну і ягонай камандзе.

Усё, што нас стрымлівае на шляху рэформаў, гэта разбурэнне інфраструктуры, эканамічных сувязяў прамысловых прадпрыемстваў, дадатковыя выдаткі дзяржаўнага бюджэту на вайсковую абарону, абарону людзей, кампенсацыю сацыяльных выплат тым людзям, якія вымушаныя былі перасяліцца з Крыма і часова непадкантрольных украінскай ўладзе тэрыторый у Данбасе, паколькі там ёсць пагроза іх жыццю.

Выклікаў вельмі шмат, але я з аптымізмам гляджу на перспектыву, таму што вайна, якая сёння вядзецца супраць нас, выпрабаванні, якія мы прайшлі, сфармавалі новае ўкраінскае грамадства. Калі хто-небудзь думае, што можна працаваць па-старому, калі хтосьці мяркуе, што старыя механізмы спрацуюць, вельмі моцна памыляюцца. Гэта не працуе, і перад новым парламентам, і тым больш перад новым урадам, стаіць не толькі вельмі сур'ёзная адказнасць, але і адкрываюцца новыя вялікія магчымасці.

- Украіна зможа вярнуць Крым і Данбас?

- Вядома. Для ўкраінскага ўрада Крым застаецца нашай тэрыторыяй. Мы мяркуем, што там жывуць украінскія грамадзяне. Часова непадкантрольныя раёны Луганскай і Данецкай абласцей - гэта таксама Украіна. Мы ўважаем тых людзей, якія там жывуць, украінцамі, і ні ў якім выпадку не пакідаем іх на волю лёсу. Дзякуючы паспяховай рабоце нашых дыпламатаў на Захадзе Украіна сёння не засталася адна ў супрацьстаянні з Расейскай Федэрацыяй і тымі планамі, якія сёння выношвае яе кіраўніцтва.

Будзем рабіць усё магчымае, каб Украіна вярнулася ў свае ранейшыя, прызнаныя ва ўсім свеце, межы, і выкарыстоўваем для гэтага ўсе магчымыя інструменты, якія ёсць у цывілізаваным свеце.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках